У адказ на бесьперапынныя рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў і акцыяў салідарнасьці ў Беларусі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт у Вільні паведамляе аб заснаваньні надзвычайнага фонду для падтрымкі беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў, гаворыцца на сайце ЭГУ.
На падставе першай складкі ад Швэдзкага інстытуту пачатковы аб’ём надзвычайнага фонду ЭГУ складзе каля 100 000 эўра. Ахвяраваньне швэдзкіх партнэраў, паводле сайту ўнівэрсытэту, дазволіць ЭГУ і надалей дапамагаць тым студэнтам зь Беларусі, якія трапляюць пад перасьлед з палітычных матываў на сваёй радзіме.
Аналягічны фонд быў створаны ў ЭГУ для падтрымкі студэнтаў, адлічаных з унівэрсытэтаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.
Студэнты, якія пацярпелі ад палітычнага і іншага ціску, а таксама адлічаныя зь беларускіх ВНУ могуць зьвярнуцца ў ЭГУ для пераводу на адну з абраных навучальных праграмаў і бясплатнага навучаньня паводле акадэмічнай мадэлі «сямі свабодных мастацтваў».
Выкладчыкам і навукоўцам з ВНУ і дасьледчых установаў Беларусі, якія сутыкаюцца з палітычным ціскам уладаў, у ЭГУ прапануюць загадзя і індывідуальным чынам зьвязацца з дэпартамэнтам сацыяльных навук або дэпартамэнтам гуманітарных навук і мастацтваў для ўзгадненьня сумесных дасьледаваньняў на падставе навуковага стажаваньня (research fellowship) пры беларускім унівэрсытэце ў выгнаньні ў Вільні.
Магчымасьць пераводу прапануецца ў наступных праграмах вочнай і дыстанцыйнай формаў навучаньня:
- Бакалярская праграма «Візуальны дызайн» (бакаляр мастацтваў)
- Бакалярская праграма «Эўрапейская спадчына» (бакаляр гуманітарных навук)
- Бакалярская праграма «Мэдыя і камунікацыя» (бакаляр сацыяльных навук)
- Бакалярская праграма «Сусьветная палітыка і эканоміка» (бакаляр сацыяльных навук)
- Праграма бесьперапыннага навучаньня «Міжнароднае права і права Эўрапейскага Зьвязу» (магістар права)