Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абразу Ярмошынай у Telegram дзяўчыне папрасілі два гады «хатняй хіміі». Пацярпелая ў суд не зьявілася


Аляўціна Корчык у судзе. Пацярпелая Лідзія Ярмошына не прыйшла на працэс.
Аляўціна Корчык у судзе. Пацярпелая Лідзія Ярмошына не прыйшла на працэс.

14 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачалі разглядаць крымінальную справу супраць 25-гадовай тэхнічнай пісьменьніцы Аляўціны Корчык за абразу старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай.

Паводле абвінавачаньня, яна «30 кастрычніка, маючы намер зьняважыць прадстаўніка ўлады, з мэтай прыніжэньня гонару і годнасьці, у сувязі з электаральнай кампаніяй і кіруючыся нізкімі памкненьнямі, у Telegram-канале [насамрэч, раённым чаце. — РС] пакінула камэнтар наступнага зьместу: „Большай ш…й, чым Ярмошына, усё роўна нікому ня стаць“».

За гэта супраць яе распачалі крымінальную справу паводле артыкула 369 КК РБ — «абраза прадстаўніка ўлады». Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, грамадзкімі работамі, папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, арыштам або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Судзьдзя ў справе — Лідзія Целіца, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Яўген Серакоў. Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў два гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы адбываньня пакараньня. Прысуд агучаць ужо 15 красавіка.

Аляўціна Корчык не прызнала віны. Яна таксама заявіла, што падчас сьледзтва давала паказаньні пад прымусам і псыхалягічным ціскам.

Адвакат хадайнічаў аб выкліку ў суд Тамары Мезенцавай, якая рабіла экспэртызу выказваньня. Сама Корчык заявіла, што «экспэрт выразна адказвае, што нельга расцэньваць дадзеную фразу як абразу».

Аляўціну раніцай 19 студзеня затрымалі ў яе кватэры апэратыўнікі ГУБАЗіК і зьмясьцілі на тры дні ў ІЧУ на Акрэсьціна. Сьледчыя пачалі крымінальную справу напярэдадні Новага году — 31 сьнежня.

Кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына ў кастрычніку мінулага году ўвайшла ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу праз фальсыфікацыі на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах і парушэньні правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG