Арышты і «хатняя хімія» за надпісы на помніку Леніну
Шэсьць чалавек у судзе Берасьцейскага раёну пачулі выракі за палітычныя надпісы на помніку Леніну, паведаміў «Белсат». Судзьдзя Сяргей Маручак прысудзіў:
- Яраславу Бураку — 3 месяцы арышту. Цяпер ён праходзіць службу ў войску — працягне яе пасьля таго, як адбудзе пакараньне на гаўптвахце ў Менску. Гэты тэрмін ня пойдзе ў тэрмін службы;
- Дзьмітрыю Харсу — 1 месяц арышту;
- Кірылу Бекішу і Дзянісу Чарныгіну — 2,5 года «хатняй хіміі»;
- Аляксандру Нікіціну і Ўладзіславу Цярэшку — 1,5 года «хатняй хіміі».
Усім асуджаным 17–19 гадоў. У жніўні ў пасёлку Дамачава яны расьпісалі помнік Леніну, пакінуўшы на ім надпісы «3%», «Уходи» і «Жыве Беларусь!». Усіх абвінавацілі ў хуліганстве.
Цікава, што ў 2012 годзе той жа самы помнік Леніну абвешалі пахавальнымі вянкамі — тады ніякіх судоў не было.
Вырак за падпал дзьвярэй пракуратуры ў Жодзіне
Суд Барысаўскага раёну агучыў вырак у крымінальнай справе аб падпале ўваходных дзьвярэй будынку Жодзінскай пракуратуры паводле ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 3 арт. 339 КК (хуліганства).
Як паведамляе Вярхоўны суд Беларусі, абвінавачаны Ілья Краўчанка прызнаны вінаватым у незаконным вырабе, захоўваньні, перавозцы і нашэньні прадметаў з выкарыстаньнем гаручых рэчываў. На падставе ч.1 арт. 295-3 КК яму прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 1 год.
Таксама ён прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і суправаджаюцца пашкоджаньнем чужой маёмасьці. На падставе ч. 3 арт. 339 КК яму прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 5 гадоў. Шляхам частковага складаньня пакараньняў канчатковы вэрдыкт — 5 гадоў і 6 месяцаў з адбываньнем у папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Згодна са сьледзтвам, 31-гадовы жыхар Жодзіна Ільля Краўчанка вырабіў самаробную запальную прыладу з сумесі бэнзіну, газы і пэтардаў. Летась 8 кастрычніка ён прыйшоў да будынку гарадзкой пракуратуры і ўчыніў падпал.
Выкліканыя сьведкам пажару ратавальнікі ліквідавалі ўзгараньне на плошчы 0,1 квадратнага мэтра. Паводле экспэртнага заключэньня, у выніку разьлёту сумесі з нафтапрадуктаў пашкодзіліся дзьверы і казырок над уваходам. Шкода ацэненая больш як у 1500 рублёў.
Вырак за падпаленыя дзьверы міліцыі ў Горадні
У Горадні 2 красавіка вынесьлі прысуд мужчыну, які падпаліў дзьверы грамадзкага пункту аховы правапарадку, паведаміла сёньня прэсавая служба Вярхоўнага суду.
Імя асуджанага не называюць, але, відавочна, гаворка ідзе пра Аляксандра Красьніцкага. Яго прызналі вінаватым у хуліганстве і ўхіленьні ад адбываньня пакараньня ды яшчэ прыплюсавалі тэрмін зь мінулага прысуду — агулам выйшла 2 гады і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
Летась 3 лістапада ён, згодна з афіцыйнай вэрсіяй, абліў гаручай сумесьсю дзьверы апорнага пункту міліцыі Ленінскага раёну Горадні і падпаліў. У выніку дзьвярам нанесена шкода на 83 рублі 17 капеек.
Свабода расказвала ягоную гісторыю.
Вырак за крытыку судзьдзі
Жыхару Лідчыны прысудзілі «хімію» за «рэзкую характарыстыку» судзьдзі, які раней адпраўляў яго на суткі.
У Наваградку прайшоў судовы працэс паводле артыкула 391 Крымінальнага кодэксу «Абраза судзьдзі». Жыхара Лідзкага раёну Ўладзіслава Шынковіча прызналі вінаватым у зьнявазе судзьдзі Лідзкага раённага суду Максіма Філатава, піша «Горадзенская Вясна».
Мужчыну асудзілі на 1,5 года «хіміі» — абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Справу разглядаў суд ня Лідзкага, а Наваградзкага раёну. Сьледзтва паведаміла, што 17 студзеня 2021 году Шынковіч разьмясьціў у чаце аднаго з тэлеграм-каналаў допіс, у якім даў Філатаву «рэзкую характарыстыку». Раней Філатаў 28 кастрычніка паводле артыкула КаАП 23.34 прысудзіў Уладзіславу адміністрацыйны арышт.
На думку абвінавачаньня, сваім паведамленьнем у чаце Шынковіч «прынізіў гонар і годнасьць» судзьдзі.
Разглядаў справу калега Філатава Ігар Ваўчок, дзяржаўным абвінаваўцам выступала прадстаўніца пракуратуры Дар’я Белянкова. Шынковіч прызнаў сваю віну, але адмовіўся даваць паказаньні.
У Калінкавічах пенсіянерку аштрафавалі на 290 рублёў за нацыянальны герб на сьцяне ўласнага дому, паведаміла «Палеская вясна».
У Горадні асудзілі жыхарку Менску на год «хатняй хіміі» за абразу гарадзенскага падпалкоўніка ў тэлеграм-канале, паведаміла «Гарадзенская вясна».