Альгерд Голуб у гэты дзень сьвяткаваў свой дзень нараджэньня, падзяліўся ён падрабязнасьцямі з «Нашай Нівай».
«Я зьбіраўся паехаць зь сябрамі ў рэстаран. Аднак ля пад’езду мяне сустрэў бусік. Затрымалі, пачакалі сьледчага з панятымі, пасьля правялі ў маёй кватэры ператрус. Забралі тэхніку: два ноутбукі, два пляншэты, два тэлефоны. Патлумачылі, што ў нейкім чаце хтосьці абразіў прэзыдэнта. У якім, што за абраза — ня ведаю».
Мужчына прызнае, што ён удзельнік чату дома, але адназначна «не адмініструе ніякіх чатаў раёну».
«Усё было амаль паводле пратаколу — амаль, бо на рукі не далі паперу, што быў ператрус, што мяне затрымлівалі, у якім я статусе. Адпаведна, я падазраваны ці сьведка — не зразумела».
Па словах Альгерда, пасьля ператрусу яго даставілі ў Бараўлянскае РАУС. Там правялі прафіляктычную гутарку аб недапушчальнасьці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях — і адпусьцілі.
«Сказалі праз тры дні прыходзіць на Першамайскую, 7, дзе знаходзіцца ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску. Можа, аддадуць мне тэлефон, а можа, і закрыюць, хто яго ведае. Пракансультуюся з адвакатам, што ён параіць, бо ніякіх папер мне не далі», — кажа Альгерд.
Пра лёс іншых жыльцоў, каго таксама затрымлівалі 10 сакавіка, мужчына нічога ня ведае.
Паводле праваабаронцаў, напярэдадні ў мікрараёнах Новая Баравая і Лебядзіны сілавікі затрымалі больш за два дзясяткі чалавек.