З 21 красавіка стаўка рэфінансаваньня будзе 8,5 працэнта гадавых, паведаміў Нацыянальны банк.
З 1 ліпеня 2020 году ў Беларусі стаўка рэфінансаваньня была на рэкордна нізкім узроўні — 7,75% гадавых. Гэта стала магчымым за кошт нізкай інфляцыі. У 2019 годзе спажывецкія цэны вырасьлі на 4,7%, а ў 2020-м — на 7,4%.
Аднак ужо пры канцы 2020-га інфляцыя паскорылася, бо аслабеў беларускі рубель і вырасьлі цэны на некаторыя прадукты.
Паскаралася інфляцыя і сёлета — пад ціскам далейшага павышэньня цэнаў на прадукты, а таксама імпартныя тавары, якія стала цяжэй завозіць з прычыны пандэміі, тлумачыць Нацбанк.
Чакана адбілася на росьце цэнаў і адмена льготаў па падатку на даданую вартасьць.
У выніку ў сакавіку гадавая інфляцыя стала 8,5% — большай за стаўку рэфінансаваньня.
У Нацбанку лічаць, што павышаная інфляцыя сёлета захаваецца, але спадзяюцца, што па выніках году будзе ня большай за 7%.
Стаўка рэфінансаваньня — гэта велічыня ў адсотках, менавіта пад такія адсоткі Нацбанк дае крэдыты банкам, а банкі могуць выдаваць гэтыя грошы ў выглядзе крэдытаў ці фінансаваць нейкія праграмы.