Паводле сьледзтва, падчас пратэставай акцыі кіроўца накіраваў аўтамабіль у групу байцоў унутраных войскаў МУС, у выніку пацярпелі пяць сілавікоў. Маладому чалавеку пагражае да 25 гадоў пазбаўленьня волі, піша Tut.by.
У жалезнай клетцы — 25-гадовы Ціхан Восіпаў. Нарадзіўся ў Клімавічах, мае вышэйшую адукацыю, да ўзяцьця пад варту працаваў інжынэрам. Жанаты, раней судзімы ня быў.
Сьледзтва высьветліла, што каля гадзіны ночы кіроўца ехаў на BMW па вуліцы Прытыцкага і накіраваў свой аўтамабіль на групу супрацоўнікаў міліцыі, пасьля чаго пакінуў месца здарэньня. У выніку пацярпелі пяць вайскоўцаў ва ўзросце ад 23 да 29 гадоў. Усе яны прыйшлі на працэс.
«На наступны дзень кіроўца зьвярнуўся ў міліцыю з заявай аб згоне аўтамабіля. Акрамя тага, будучы дапытаным у якасьці сьведкі ў справе аб масавых беспарадках, ён увёў у зман сьледчых, спрабуючы пазьбегнуць адказнасьці. Нягледзячы на гэта, сьледчыя высьветлілі сапраўдныя абставіны здарэньня і месца знаходжаньня аўтамабіля — транспартны сродак знайшлі ў вадаёме», — паведаміў Сьледчы камітэт.
Зачытваючы абвінаваўчую частку, пракурор Антон Цюменцаў адзначыў, што Ціхан Восіпаў неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэньні правілаў дарожнага руху. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ён «паддаўся заклікам праз інтэрнэт аб непрыняцьці вынікаў, да ўдзелу ў масавых беспарадках, пагромах і падпалах».
У ягоным аўта знаходзіліся адпаведныя прадметы: два хакейныя шлемы, ахоўныя акуляры, бел-чырвона-белае палотнішча, ёд, бінт.
У тую ноч ён ехаў па вуліцы Прытыцкага і спыніўся каля дому № 56 — наперадзе стаяў шэраг сілавікоў в/ч 5524.
«Патрабаваньням супрацоўнікаў Восіпаў не падпарадкаваўся: з аўтамабіля ня выйшаў, транспартны сродак для надгляду не прадставіў. З BMW загадзя былі зьнятыя рэгістрацыйныя знакі, заблякаваныя дзверы», — пералічыў пракурор.
Паводле абвінавачаньня, Восіпаў бачыў супрацоўнікаў унутраных спраў, якія стаялі да яго сьпінай, і наўмысна пачаў рухацца. Ад удару трое вайскоўцаў упалі на асфальт, яшчэ двое — на капот і адтуль на праезную частку. Пасьля гэтага кіроўца паскорыўся і зьехаў.
«Абвінавачаны меў на мэце забойства вайскоўцаў, у якасьці прылады выкарыстаў аўтамабіль. Восіпаў ня змог давесьці задуманае да канца, бо ўсе супрацоўнікі трэніраваныя і пасьпелі зрэагаваць. Таксама яны знаходзіліся ў ахоўных касьцюмах», — патлумачыла сьледзтва.
Разумеючы наступствы, Ціхан Восіпаў заехаў на аўтамабілі ў вадаём, а пасьля паведаміў пра згон BMW на лінію «102».
Мужчыну абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293), замах на забойства супрацоўнікаў унутраных спраў (ч. 1 арт. 14 і арт. 362), ілжывы данос (ч. 1 арт. 400).
Сукупна яму пагражае да 25 гадоў зьняволеньня. Абвінавачаны прызнаў віну часткова.
У Гомлі судзяць давераных асобаў Ціханоўскай
У судзе Чыгуначнага раёну Гомля 12 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні давераных асобаў Сьвятланы Ціханоўскай.
Гэта Тацяна Канеўская, Юры Ўласаў, Дзьмітры Івашкоў, Аляксандар Шабалін.
Падтрымаць іх прыйшлі больш за тры дзясяткі гамельчукоў, але ў судовую залю пусьцілі толькі журналістаў дзяржаўных СМІ. Незалежным забаранілі ўваход праз «каранавірус».
Не пусьцілі нават сына і мужа Тацяны Канеўскай. Сказалі — толькі па адным прадстаўніку ад сям'і.
Юрыя Ўласава затрымалі 7 жніўня ў сваім доме, Тацяну Канеўскую — 8 жніўня, Аляксандра Шабаліна — 6 жніўня, як і Дзьмітрыя Івашкова.
Дзьмітры атрымаў 15 сутак арышту, але пры затрыманьні яму моцна пашкодзілі нагу, яна пачала гнаіцца ў ІЧУ. Яго паклалі ў шпіталь, а потым выпусьцілі. Івашкоў хаваўся ад міліцыі да 27 верасьня, але ў той дзень ён выйшаў на марш пратэсту ў Гомлі і быў затрыманы.
Усе яны абвінавачваюцца ў «масавых беспарадках» (частка 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу) і «захопе будынкаў» (частка 1 артыкулу 292 Крымінальнага кодэксу).
Юры Ўласаў дадаткова абвінавачваецца ў «публічнай абразе прадстаўніка ўлады» (частка 1 артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу).
Паводле часткі 2 артыкулу 293 КК абвінавачаным пагражае найбольшы тэрмін — да 8 гадоў пазбаўленьня волі.