Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На расейскага блогера, дэпартаванага зь Беларусі пасьля пратэстаў, завялі крымінальную справу за паклёп


Леанід Кудзінаў, архіўнае фота
Леанід Кудзінаў, архіўнае фота

Ці ўдасца яго прыцягнуць да адказнасьці, невядома, бо звычайна Расея не выдае сваіх грамадзян для крымінальнага перасьледу за мяжой.

13 красавіка ў паліцыі расейскага Бранску ў межах «міжнароднага супрацоўніцтва» апыталі блогера і журналіста Леаніда Кудзінава. Ён жыў у Гомлі з канца 2017 году, але 5 жніўня 2020 году яго дэпартавалі ў Расею за ўдзел у акцыі пратэсту.

«Сёньня ў паліцыі я даведаўся, што ў Беларусі на мяне заведзеная крымінальная справа за паклёп на міліцыянта», — паведаміў блогер Свабодзе.

Ён адмовіўся адказваць на ўсе пытаньні паліцыі, скарыстаўшыся 51-м артыкулам Канстытуцыі РФ ня сьведчыць супраць сябе.

Леанід Кудзінаў піша блогі для расейскіх СМІ і вядзе свой Youtube-канал Voronin news.

Крымінальную справу завялі ў Гомлі паводле артыкула 188 (паклёп). Санкцыя — да трох гадоў зьняволеньня. Пацярпелы ў справе — участковы Цэнтральнага РАУС Гомля Арцём Жаўняк. Удзельнікам гомельскіх пратэстаў ён добра вядомы, бо часта затрымліваў людзей і складаў на іх пратаколы.

Пастанова аб завядзеньні супраць Леаніда Кудзінава справы і аб прызнаньні яго падазраваным
Пастанова аб завядзеньні супраць Леаніда Кудзінава справы і аб прызнаньні яго падазраваным

Блогер вінаватым сябе ня лічыць і спадзяецца, што Расея яго ня выдасьць

Леанід Кудзінаў на сваім youtube-канале асьвятляў у тым ліку і пратэсты ў Гомлі.

«Сёньня мне выдалі пастанову аб крымінальнай справе за „паклёп“ за мае ролікі на Youtube, а таксама пастанову аб прызнаньні падазраваным. Другі выпадак „цікавы“, паколькі гаворка ідзе пра публікацыі ў Telegram у групе „Гомель: нас 97%“, таксама ў дачыненьні да міліцыянта Жаўняка, але карыстальнікам „Заткнись Дони“, пад нікам якога, на думку міліцыянтаў, хаваўся я. Але гэта ня так. Гэта я і патлумачыў паліцыі. Сярод пытаньняў, якія перада мной ставілі, былі:

  • Калі і навошта я прыехаў у Гомель?
  • На якія сродкі існаваў?
  • Хто і калі завёў канал Voronin news?
  • Хто і калі разьмяшчаў ролікі пра Жаўняка?
  • Ці ведаю я адміністратараў і іншых удзельнікаў суполкі „Гомель: нас 97%“?
  • Які сэнс я ўкладаў у словы, вымаўленыя ў адрас Жаўняка: „кат“, „садыст“, „вар’ят“?», — пракамэнтаваў блогер.

Ён лічыць, што рэжым у Беларусі ваюе з усімі, хто ня згодны мірыцца зь беззаконьнем і несправядлівасьцю:

«У гэтым пляне дзеяньні міліцыі і Сьледчага камітэту, якія распачалі ў дачыненьні да мяне крымінальную справу, цалкам чаканыя. Выкладваючы свае ролікі, я разумеў, што рана ці позна такія справы на мяне будуць заведзеныя, гэта для іх „справа прынцыпу“, хай нават я і знаходжуся ўжо ў Расеі, якая, як і іншыя дзяржавы, не выдае сваіх грамадзян», — дадаў Леанід Кудзінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG