Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўнога палкоўніка расейскага ГРУ дэпартавалі зь Беларусі


Беларуска-расейская мяжа
Беларуска-расейская мяжа

Расейскага палкоўніка ў адстаўцы Ўладзіміра Квачкова дэпартавалі пасьля таго, як ён перадаў у адміністрацыю Лукашэнкі ліст з прапановамі, як зьмяніць выбарчую сыстэму ў Беларусі.

У відэароліку на YouTube Квачкоў расказаў, што прыехаў у Менск на канфэрэнцыю «Русь — адзіная Айчына». І адразу па прыезьдзе занёс у адміністрацыю Лукашэнкі адкрыты ліст з прапановай выбіраць замест дэпутатаў цемнікаў, а замест Палаты прадстаўнікоў — вярхоўны земскі савет.

У той жа дзень ён выступіў на канфэрэнцыі з двума дакладамі і атрымаў грамату за актыўны ўдзел у ёй.

А праз 24 гадзіны яго выслалі з забаронай уезду на 10 гадоў.

Канфэрэнцыя праходзіла з 9 да 11 красавіка ў Рэспубліканскім культурна-асьветніцкім цэнтры Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (будынак КЗ «Мінск»).

Уладзімір Квачкоў служыў у Галоўным выведным упраўленьні Генштабу Расеі.

На пачатку 2000-х удзельнічаў у рабочай групе міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі па ўніфікацыі заканадаўства.

У 2005 годзе яго абвінавацілі ў замаху на Анатоля Чубайса і ўзялі пад варту. Праз тры гады суд яго апраўдаў.

У 2009 годзе Квачкоў стварыў незарэгістраваную арганізацыю «Народнае апалчэньне імя Мініна і Пажарскага». У 2015 яе прызналі ў Расеі тэрарыстычнай.

У 2010 годзе Квачкова зноў арыштавалі і праз тры гады асудзілі за арганізацыю ўзброенага мяцяжу і тэрарызм. Паводле ФСБ, ён з паплечнікамі зьбіраўся захапіць зброю ў вайсковых частках і зладзіць паход на Маскву, каб зрынуць уладу. Квачкоў віны не прызнаў. На волю ён выйшаў у 2019 годзе. Цяпер яму 72 гады.

Ён называе сябе рускім хрысьціянскім нацыяналістам і прыхільнікам рускай праваслаўнай дзяржавы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG