Пра гэта паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Павал Латушка ў сваім тэлеграм-канале.
26 сакавіка Латушка выслаў у ЭБРР ліст, у якім зьвярнуў увагу банка на няспынныя масавыя і сыстэмныя рэпрэсіі з боку беларускага рэжыму.
Латушку афіцыйным лістом адказаў генэральны сакратар ЭБРР Энца Кватрачокэ.
«ЭБРР падзяляе заклапочанасьць міжнароднай супольнасьці сытуацыяй у Беларусі і ўважліва сочыць за разьвіцьцём падзей у краіне. Цяпер мы абмяжоўваем нашыя інвэстыцыі асобнымі праектамі ў прыватным сэктары. Пры гэтым мы не разглядаем новыя інвэстыцыі ў дзяржаўныя праекты Беларусі», — адзначыў Кватрачокэ.
Пра тое, што ЭБРР і Эўрапейскі інвэстыцыйны банк (Банк Эўразьвязу) вырашылі замарозіць сваё супрацоўніцтва з уладамі Беларусі, паведаміў у канцы лістапада міністар замежных спраў Уладзімер Макей.
Ад пачатку сваёй дзейнасьці ў Беларусі ў 1992 годзе ЭБРР інвэставаў амаль 2,9 млрд эўра ў 134 праекты, рэалізаваныя ў розных сэктарах эканомікі краіны.