«Дзяржаўная памежная служба дзейнічае выключна ў межах заканадаўства і тых нормаў, якія рэглямэнтуюць перасячэньне дзяржаўнай мяжы. Асобных нормаў пра адмову ва ўезьдзе ва Ўкраіну грамадзянам Беларусі ў прызыўным узросьце няма», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
Прадстаўнік памежнай службы падкрэсьліў, што цяпер дзейнічаюць абмежаваньні, зьвязаныя толькі з карантынам.
«Усе гэтыя абмежаваньні дакладна выпісаныя ў пастанове ўраду. І вядома ж, каб перасячы мяжу, замежнікам патрэбна абавязкова пацьвердзіць мэту свайго падарожжа ва Ўкраіну. Гэта нармальная эўрапейская і сусьветная практыка, калі грамадзяне павінны пацьвярджаць мэту свайго падарожжа», — патлумачыў Андрэй Дземчанка.
Сёньня адразу некалькі грамадзян Беларусі ў сваіх сацыяльных сетках паведамілі аб адмове мужчынам прызыўнога ўзросту ва ўезьдзе ва Ўкраіну па прылёце ў адэскі аэрапорт з прычыны нібыта «немагчымасьці пацьвярджэньня мэты паездкі».
У час эпідэміі, паводле пастановы ўкраінскага ўраду, замежнікі, у тым ліку і грамадзяне Беларусі, для ўезду ва Ўкраіну павінны мець поліс абавязковага страхаваньня, а таксама адмоўны вынік ПЛР-тэсту на COVID-19. Тэкст мусіць быць зроблены ня больш як за 72 гадзіны да ўезду ва Ўкраіну.
Апроч таго, замежныя грамадзяне павінны пацьвердзіць дастатковае фінансавае забесьпячэньне свайго знаходжаньня ва Ўкраіне з разьліку 43 780 грыўняў на месяц (1 даляр = 27,83 грыўні). Пры гэтым у пастанове ўкраінскага ўраду адзначаецца, што памежнікі могуць правяраць фінансавае забесьпячэньне выбарачна.
Украінскія памежнікі таксама могуць праверыць дамову на турыстычнае абслугоўваньне, дакумэнты на браняваньне гатэлю ці жытла, гарантыйны ліст (запрашэньне) прымаючага боку, а таксама квіток на вяртаньне.
Украіна толькі аднойчы ўводзіла абмежаваньні на ўезд на сваю тэрыторыю замежнікам-мужчынам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, і тады яно датычылася выключна грамадзян Расеі. Гэта адбылося ў 2018 годзе ў час ваеннага становішча, абвешчанага пасьля канфлікту ў Керчанскай пратоцы.
За час ваеннага становішча ў 2018 годзе Ўкраіна адмовіла ва ўезьдзе 12 мужчынам-беларусам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, але афіцыйнай прычынай такога рашэньня тады таксама называлі тое, што яны не змаглі пацьвердзіць мэту сваёй паездкі.
На пачатку красавіка стала вядома, што Ўкраіна разглядае падрыхтоўку Беларусі і Расеі да правядзеньня супольных вайсковых вучэньняў «Захад-2021» і «эскаляцыю расейскага ўплыву на Беларусь» як пагрозу бясьпецы ў рэгіёне.