Байдэн запэўніў суразмоўцу ў непахіснай падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны перад абліччам расейскай агрэсіі, якая працягваецца ў Данбасе і Крыме.
Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў прыхільнасьць яго адміністрацыі стратэгічнаму партнэрству, падтрымку пляну Зяленскага па барацьбе з карупцыяй і прасоўваньню рэформаў, заснаваных на дэмакратычных каштоўнасьцях. У Белым доме лічаць, што менавіта гэтыя каштоўнасьці служаць справядлівасьці, бясьпецы і росквіту народу Ўкраіны.
Абодва лідэры пагадзіліся, што гэтыя рэформы зьяўляюцца стрыжнем эўраатлянтычных памкненьняў Украіны. Уладзімір Зяленскі таксама заявіў пра гэта ў выступе пасьля размовы з прэзыдэнтам ЗША.
Прэзыдэнты абедзьвюх краінаў таксама абмеркавалі важнасьць шчыльнага супрацоўніцтва паміж ЗША і Ўкраінай у супрацьдзеяньні пандэміі COVID-19.
Раней у пятніцу зьявілася заява Дзьмітрыя Пяскова, прэсавага сакратара прэзыдэнта Расіі, пра «вельмі небясьпечнай» сытуацыі на лініі судакрананьня ў Данбасе. Агенцтва Інтэрфакс прыводзіць словы Пяскова аб «шматлікіх правакацыях» з боку ўзброеных сілаў Украіны.
Штаб апэрацыі Аб’яднаных сілаў на ўсходзе Ўкраіны паведаміў вечарам у пятніцу, што 2 красавіка сытуацыя ў зоне канфлікту была напружанай. Урадавыя войскі, грамадзянская інфраструктура неаднаразова падвяргаліся абстрэлу. Раненьні атрымалі двое вайскоўцаў і адзін цывільны.