Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рыхтуе Расея новы напад на Ўкраіну? Думкі заходніх экспэртаў


Вайскоўцы Ўкраіны і ЗША на палігоне на Львоўшчыне, 20 траўня 2015 году
Вайскоўцы Ўкраіны і ЗША на палігоне на Львоўшчыне, 20 траўня 2015 году

Заходнія аналітыкі заклікаюць уважліва сачыць за падзеямі на ўсходзе Ўкраіны, але разыходзяцца ў сваіх парадах па дарэчнай рэакцыі Захаду.

Думкі экспэртаў сабрала ўкраінская служба «Голасу Амэрыкі».

Паўтор дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне ў пачатку прэзыдэнцтва Дональда Трампа ўбачыў у цяперашняй эскаляцыі на ўсходзе Ўкраіны брытанскі аналітык Аляксандар Кларксан.

«Варта памятаць, што ў пачатку прэзыдэнцтва Трампа была эскаляцыя баявых дзеяньняў вакол Аўдзееўкі на Данбасе ў 2017 годзе. І тады складвалася моцнае ўражаньне, што Масква правярае рашучасьць новай адміністрацыі ЗША ў падтрымцы Ўкраіны. Магчымае паўтарэньне для Байдэна», — піша экспэрт у Твітары.

«Здаецца, Пуцін спрабуе праверыць і выпрабаваць абарону Захаду і рашучасьць у супрацьстаяньні — магчыма, гэта прэлюдыя да новага ваеннага нападу ва Ўкраіне», — прыводзіць CNBC словы брытанскага аналітыка Тымаці Ґартана Эша.

«Як здаецца, Крэмль імкнецца заплаціць вам за нядаўнія намаганьні адхіліць некаторых прарасейскіх людзей», — адзначае дырэктар цэнтру «Пэн-Байдэн» Майк Карпэнтэр.

Большасьць экспэртаў заклікаюць уважліва сачыць за разьвіцьцём падзей, а вось думкі аб магчымай няўхільнасьці расейскага нападу, а таксама таго, як павінны дзейнічаць ЗША, падзяліліся.

Моцных сьведчаньняў няўхільнасьці нападу няма, камэнтуе старшы навуковы спэцыяліст Цэнтру ваенна-марской аналітыкі Майкл Каўфман перамяшчэньне расейскіх сіл паблізу Ўкраіны. «Аднак гэта сьведчыць, што нешта адбываецца па-за звычайнымі вучэньнямі або ратацыяй войскаў. Намеры Расеі не зьяўляюцца яснымі», — зазначае ён. Аналітык заклікаў сусьветную супольнасьць уважліва сачыць за тым, што адбываецца.

А згаданы ўжо Кларксан перакананы, што хуткі і магутны сыгнал міжнароднай супольнасьці можа дазволіць пазьбегнуць эскаляцыі на будучыню. Таксама ён гаворыць пра магчымасьць пралікаў з боку Крамля, якія могуць прывесьці да эскаляцыі, бо «невядома, наколькі Крэмль верыць ва ўласную прапаганду і таму можа няправільна ацаніць балянс сіл на месцы».

«Здаецца, Пуцін рыхтуецца зрабіць нейкі вялікі крок, — кажа Эш у камэнтары CNBC — можа, каб адцягнуць ад уласных праблемаў унутры краіны з Навальным і засяродзіцца на... выбарах у Дзяржаўную Думу». Эш раіць сачыць за сытуацыяй у Крыме. На думку аналітыка, эскаляцыя на Данбасе можа быць манэўрам, каб адцягнуць ад нападу з Крыму, з мэтай захапіць водныя рэсурсы.

Дэніел Дэпэтрыс, карэспандэнт кансэрватыўнага выданьня The Washington Examiner, заклікаў адміністрацыю Байдэна пакінуць пытаньне Ўкраіны Эўропе. Ён лічыць, што намеры Расеі ў эскаляцыі на Ўсходзе Ўкраіны могуць і не знаходзіцца ў кантэксьце амэрыкана-расейскіх адносін, а, напрыклад, быць спробай праверыць боегатоўнасьць украінскіх сіл.

Але нават калі Пуцін такім чынам і спрабуе паслаць сыгнал прэзыдэнту ЗША, Дэпэтрыс заклікае Байдэна не рэагаваць, а пакінуць гэтае пытаньне Эўропе. «Незалежная Ўкраіна, якой бы жаданай для нас яна ні была, ня будзе служыць інтарэсам Расеі. Ніякая колькасьць радараў або процітанкавых ракет, якія ЗША могуць накіраваць у Кіеў, гэтага ня зьменіць», — піша ён у артыкуле.

З дыямэтральна супрацьлеглай парадай выступіў былы супрацоўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Аляксандар Віндман. Ён заклікаў адміністрацыю Байдэна адрэагаваць на павелічэньне расейскай агрэсіі, уключаючы санкцыі і перадачу Ўкраіне неабходнага вайсковага абсталяваньня.

«Намаганьні Байдэна пераарыентаваць адносіны і аднавіць стрымліваньне, вядома, мусілі прывесьці да рызыкі супрацьстаяньня. Лепш сарваць плястыр цяпер», — піша Віндман.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўбачыў у дзеяньнях Расеі на Ўсходзе Ўкраіны «намаганьні ціснуць падчас перамоваў аб прыпыненьні агню і міры як нашай каштоўнасьці».

У Пэнтагоне ЗША выказалі занепакоенасьць паведамленьнямі аб эскаляцыі на Ўсходзе Ўкраіны. Пытаньне бясьпекі на Ўсходзе Ўкраіны гучала і падчас тэлефонных размоў, якія правялі на гэтым тыдні са сваімі ўкраінскімі калегамі дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, старшыня камітэта кіраўнікоў штабоў ВС ЗША генэрал Марк Мілі і дарадца ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйк Салівэн.

У сераду Крэмль выказаў занепакоенасьць адносна сытуацыі на Ўсходзе Ўкраіны, заяўляючы, што «ўкраінскі бок можа аднавіць грамадзянскую вайну», піша Reuters.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG