Пра гэта паведамляе выданьне Politico, спасылаючыся на вайсковыя афіцыйныя крыніцы.
Як адзначае выданьне, толькі за 1 сакавіка зьнішчальнікі NATO 10 разоў падымаліся ў паветра ў адказ на незвычайна вялікую колькасьць палётаў расейскіх зьнішчальнікаў і бамбавікоў паблізу паветранай прасторы альянсу.
Адказны за абарону ЗША генэрал Глен ВанГерк адзначыў усплёск расейскай агрэсіі і памкненьне Масквы «аднавіць свой уплыў на сусьветнай арэне».
Тым часам міністар абароны ЗША Лойд Остын заявіў украінскаму міністру абароны Андрэю Тарану ў тэлефоннай размове, што ЗША гатовыя падтрымаць Украіну ў выпадку эскаляцыі расейскай агрэсіі.
«Лойд Остын выказаў занепакоенасьць нядаўнімі дзеяньнямі Расейскай Фэдэрацыі і запэўніў міністра абароны Украіны ў гатоўнасьці падтрымаць Украіну ў кантэксьце працягу агрэсіі Расеі на Данбасе і ў Крыме. Міністар абароны ЗША падкрэсьліў, што ў выпадку эскаляцыі расейскай агрэсіі ЗША не пакінуць Украіну адну і не дазволяць рэалізаваць агрэсіўныя памкненьні Расейскай Фэдэрацыі ў адносінах да Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні ўкраінскага Міністэрства абароны.