Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня дай Бог пачнецца бескантрольнае цэнаўтварэньне». Лукашэнка зноў прыгразіў «гарачым жалезам»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка загадаў дзяржаўным органам «абараняць унутраны рынак і інтарэсы айчынных вытворцаў».

Прымаючы з дакладам першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова і міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімера Калтовіча, ён заявіў, што абарона ўнутранага рынку — пытаньне нумар адзін.

«Няхай наш рынак невялікі, але трэба канкурэнтным чынам не аддаваць нікому гэты рынак. Мы, вядома, мусім памятаць пра нашы абавязаньні ў рамках эўразійскай эканамічнай прасторы. Але ёсьць вялікія пытаньні і да органаў кіраваньня, якія павінны прымаць адпаведныя захады дзеля абароны нашых таваравытворцаў», — адзначае ягоная прэсавая служба.

Лукашэнка чарговы раз панаракаў на празьмернае захапленьне імпартам у той час, калі аналягічная прыдукцыя вырабляецца ў Беларусі. Пра тое ж ён казаў падчас «Усебеларускага народнага сходу», пагражаючы адказнасьцю асобным кампаніям.

«Мы вырабляем велізарны спэктар тавараў спажываньня. А ў асобных так званых супэрмаркетах і крамах гэтага ня бачым. Дайшло да таго, што некаторыя (праваахоўныя органы разьбіраюцца) проста адмаўляліся браць да рэалізацыі беларускія тавары. Ня буду называць тыя кампаніі. Гэта сьведчыць пра тое, што мае даручэньні — найперш прафсаюзам і дэпутатам — не зусім выконваюцца. Падобныя рэчы трэба ня проста спыняць, а выпальваць гарачым жалезам».

Ён таксама засяродзіўся на неабходнасьці кантраляваць сытуацыю з цэнамі на спажывецкія тавары і не дапускаць фактаў іх неабгрунтаванага росту.

«Перш за ўсё на тавары, якія карыстаюцца падвышаным попытам у нашых небагатых суайчыньнікаў. Самае галоўнае — недапушчальнасьць неабгрунтаванага росту цэнаў. Ня дай Бог у другім, трэцім і далей кварталах будзем мець праблемы бескантрольнага, мякка кажучы, цэнаўтварэньня».

Лукашэнка нагадаў падначаленым, што цэнавая сытуацыя і прагноз інфляцыі — найбольш важныя пытаньні.

«Памятаеце, мы займаліся жорстка лекамі ў пачатку гэтага году, спажывецкімі таварамі так званага сацыяльнага спэктру. Хоць не зусім разумею, што значыць сацыяльныя, несацыяльныя тавары? На ўсе тавары трэба маніторыць цэны і прымаць меры. Галоўнае, каб была адпаведная мэтода для прыняцьця падобных рашэньняў», — падсумаваў Аляксандар Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG