Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такі бізнэсовец Генадзь Кірэйкаў, пра затрыманьне якога паведамілі беларускія СМІ


Генадзь Кірэйкаў. Фота з парталу Tut.by.
Генадзь Кірэйкаў. Фота з парталу Tut.by.

На лёс бізнэсоўца зьвярнулі ўвагу пасьля выступу Аляксандра Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе 12 лютага.

Што адбываецца


Паводле «Нашай Нівы», тыдзень таму Кірэйкаў быў затрыманы ў Менску пасьля вяртаньня з Гішпаніі.

«Не буду называць кампанію, якую мы проста зараз выразаем. Гандлёвая. Вазьміце беларускі тавар, прадукты харчавання, прадайце. «Вы «ябацькі»? Беларускае? Прэч!» Кажу: праверце, а што там? Егіпецкая бульба, польскія яблыкі, літоўская прадукцыя і гэтак далей. Асабіста даручыў сваім людзям прайсці і паглядзець. Скажыце, як я павінен ставіцца да такой кампаніі, калі стварылі ўмовы, каб яна тут працавала? Яе ў Беларусі не будзе, яна ў нас не дэфіцыт», - сказаў 12 лютага Аляксандр Лукашэнка.

Паводле крыніцаў партала TUT.by, гаворка можа ісьці пра кампанію, якія кіруюць сеткай гіпэрмаркетаў Green. Адным зь яе заснавальнікаў называюць Генадзя Кірэйкава.

Вядома, што 4 лютага ў офіс кампаніі «Greenрозница» прыходзілі супрацоўнікі ДФР. Пазьней прадстаўнікі кампаніі паведамілі, што гэта была “плянавая праверка”.

Хто такі Генадзь Кірэйкаў


Паводле «Ежедневника», Генадзь Кірэйкаў уваходзіць у топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў у Беларусі. Сярод ягоных актываў кампанія РАПА, гандлёвыя цэнтры Green і “Скала”.

ТАА «Greenрозница» - адзін з лідэраў на рынку гандлю Беларусі. Яе заснавальнікамі называюць Генадзя Кирэйкава і Анатоля Кіма. Кірэйкаву належыць 76% «Greenрозницы». Green аб'ядноўвае 23 гіпэрмаркеты і супэрмаркеты. У кампаніі працуе каля 3 тысяч чалавек.

Група кампаній РАПА таксама займаецца імпартам і пастаўкай тавараў, а таксама будаўніцтвам і кіраваньнем нерухомасьцю. Яна валодае шэрагам франшыз заходніх брэндаў адзеньня.

У 2019 годзе да РАПА перайшла былая пляцоўка Чэрвеньскага рынку ў Менску.

Спачатку на аўкцыёне ў 2016 годзе права забудаваць гэтую зямлю выйграла кампанія «Сільвэр Капітал», дырэктарам і сузаснавальнікам якой зьяўляўся заснавальнік Galleria Minsk Магамэд Магамэдаў. Але ўладальнікі кампаніі «Сільвэр Капітал» прадалі яе кампаніі РАПА. Заснавальнікам «Сільвэр Капіталу» стаў Генадзь Кірэйкаў, а дырэктарам Анатоль Кім. Новыя ўладальнікі вырашылі збудаваць на гэтай зямлі гандлёва-забаўляльны комплекс з гіпэрмаркетам Green і паркінгам. Плошча аб'екта складзе каля 30 тыс. кв. м.

Генадзь Кірэйкаў і Анатоль Кім на будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу на месцы былога Чэрвеньскага рынку ў Менску прыцягнулі польскі крэдыт з Bank Gospodarstwa Krajowego (BGK) і Bank Pekao. Гэта агулам амаль 57 млн эўра.

Асноўным атрымальнікам сродкаў павінна была стаць польская будаўнічая кампанія Trasko Invest, якая заключыла кантракт з беларускім заказчыкам «Сільвэр Капітал» і стала генпадрадчыкам аб'екта. З беларускага боку ў праэкце ўдзельнічаў і Белаграпрамбанк.

Цэнтар пачалі будаваць летам мінулага года, будаўніцтва плянуецца завяршыць у 2023 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG