Ляўрэатам стаў доктар гістарычных навук Сяргей Абламейка за кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». Кніга выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Заўтра (31 сакавіка) а 19.00 пройдзе онлайн-уручэнне прэміі, падчас якой Сяргей Абламейка прачытае лекцыю паводле сваёй кнігі.
У кнізе Абламейка па-новаму паглядзеў на ролю і значэньне кіраўніка антырасейскага вызвольнага паўстаньня 1863–64 гадоў. «Азначэньне „герой“ — неадпаведнае постаці Кастуся Каліноўскага, яно недакладна вызначае ролю гэтага чалавека ў беларускай гісторыі. Герояў беларусы маюць шмат, а Каліноўскі ў нас адзін», — кажа аўтар. І ў дваццаці пяці гісторыка-філязофскіх эсэ пераканаўча даводзіць, што Каліноўскі — гэта бацька новай беларускай дзяржаўнасьці.
«Добрыя гістарычныя кнігі расказваюць, як усё насамрэч было, выдатныя — чаму. Але ёсьць такія, якія адказваюць на пытаньне пра будучыню. Журы ПЭН-цэнтру мае шчасьлівую здольнасьць адзначаць прэміяй імя Багушэвіча менавіта такія кнігі, — сказаў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. — Гэта трэцяя кніга Сяргея Абламейкі, якая пабачыла сьвет у Бібліятэцы Свабоды, і я рады паведаміць чытачам, што зараз мы завяршаем працу над выхадам чацьвертай. Гэта ўнікальны нават для нашай Бібліятэкі досьлед зьнікненьня Старога Менску, дэфібрыляцыя сэрца гораду».
Прэмія Францішка Багушэвіча была заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1994 годзе. Пазалетась гэтую прэмію атрымаў Васіль Герасімчык за кнігу «Кастусь Каліноўскі: Асоба і легенда».
У розныя гады прэмію атрымлівалі Ніна Стужынская, Захар Шыбека, Аляксандар Надсан, Аляксандар Лукашук, Алесь Краўцэвіч, Уладзімер Лякін.