Чалавек, які стаў ляўрэатам адной з нацыянальных прэмій і далучыўся да паважанай кагорты ранейшых яе ўладальнікаў, павінен адчуваць сябе імяніньнікам. Я, на жаль, такога пачуцьця сёньня ня маю.
ПОЎНАЯ ВЭРСІЯ КНІГІ «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» ў фармаце PDF
Прычына — падзеі на Бацькаўшчыне, жорсткія рэпрэсіі супраць нашага народу, працяг кампаніі дыскрэдытацыі нацыянальных сымбаляў, нацыянальнай гісторыі і яе герояў, у тым ліку Кастуся Каліноўскага.
Апошнім часам пачуліся галасы супраць Каліноўскага нават з-за ўсходняй мяжы Беларусі. Нацыянальнага волата беларусаў зноў называюць палякам і нават тэрарыстам.
Але нельга забараніць свабодным беларускім інтэлектуалам і гісторыкам думаць, шукаць і знаходзіць.
Якой гісторыі нам не хапае
Сфэры дзейнасьці гісторыкаў — вельмі разнастайныя. Адны займаюцца публікацыяй крыніц, іх завуць археографамі. Іншыя аналізуюць разьвіцьцё сваёй навукі, пішуць як бы гісторыю гісторыі — гэта гістарыёграфы. Археолягі займаюцца вывучэньнем матэрыяльных артэфактаў гісторыі і на іх падставе робяць высновы пра той ці іншы пэрыяд нашага мінулага.
Больш клясычныя гісторыкі выбіраюць тэму для дасьледаваньня і вывучаюць увесь комплекс гістарычных крыніц па ёй, каб пацьвердзіць ці абвергнуць свае гіпотэзы або сьцьвярджэньні папярэднікаў. Найбольш энэргічныя з такіх гісторыкаў пішуць аўтарскія гісторыі сваіх краінаў.
Нарэшце, ёсьць гісторыкі, якія займаюцца асэнсаваньнем мінулага на падставе ўжо апублікаваных крыніц і прац папярэднікаў. Галоўная задача такіх гісторыкаў — зразумець мінулае і патлумачыць яго сучасьнікам.
Менавіта такі тып гісторыкаў апошнія 50–70 гадоў дамінуе на Захадзе. І менавіта такога тыпу гісторыкаў сёньня не хапае ў Беларусі, дзе ўжо таксама шмат што знойдзена, апісана і апублікавана.
Да тыпу публікацый, дзе вядомыя гістарычныя факты і падзеі па-новаму асэнсоўвацца і пераасэнсоўваюцца, адносіцца, напрыклад, кніга Генадзя Сагановіча «Грунвальд у беларускай гісторыі. Спроба разбору палітычнага міфа» (Мн., 2015). І да такога ж тыпу належыць кніга «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» (Радыё Свабода,2020)
Пасьля выхаду кнігі аўтар звычайна некалькі месяцаў ня можа адысьці ад яе тэматыкі і ад яе герояў. Так, прынамсі, заўсёды бывае са мной. Але праз паўгода жыцьцё вяртаецца ў нармальнае рэчышча.
У выпадку з Каліноўскім так не адбылося. Пайшоў другі год пасьля выхаду двух выданьняў кнігі, а я ўсё яшчэ застаюся ў палоне свайго героя і думаю пра тое, што адбылося з нашым народам у ХІХ стагодзьдзі. І Каліноўскі, і беларуская гісторыя ХІХ стагодзьдзя ўсё яшчэ застаюцца не да канца зразуметымі і не да канца адрэфлексаванымі.
Што б я хацеў дадаць у тэкст пра Каліноўскага
Калі б сёньня выходзіла трэцяе выданьне маёй кніжкі, я б дадаў у яе найменш пяць-сем новых разьдзелаў.
Найперш, я б расказаў пра складаныя дачыненьні тэрмінаў «Русь» і «Літва» ў XVIII стагодзьдзі, у другой палове якога, напрыклад, менскія сэсіі Вялікага Літоўскага Трыбуналу называлі «рускімі», нягледзячы на тое, што Менск на той час ужо знаходзіўся нібыта ў гістарычнай Літве. І пра пачатак паступовага пашырэньня тэрмінаў «Беларусь» і «беларускі» на захад ад Магілёўшчыны.
Я б больш увагі аддаў шматузроўневай нацыянальнай сьвядомасьці жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага ў ХІХ стагодзьдзі і расказаў, напрыклад, пра падзеі 1812 году, калі часовы ўрад адноўленага Напалеонам ВКЛ зьвярнуўся з адозвай да грамадзян Белай Русі, называючы іх палякамі адной зь ліцьвінамі крыві.
Нагадаў бы я і пра варты захапленьня і шанаваньня факт, што беларуская мова ў справаводзтве і казаньнях Уніяцкай царквы дажыла да самага часу яе скасаваньня ў 1839 годзе, пра што студэнтам-гісторыкам у часы майго навучаньня ў БДУ не было дзе прачытаць. І прывёў бы цытату з успамінаў Івана Насовіча, які расказаў, як у 1815 годзе ўніяцкі сьвятар Ракоўскі ў адным з храмаў на Магілёўшчыне выступіў з казаньнем на літаратурнай беларускай мове і паведаміў парафіянам, што Напалеон уцёк з вострава Эльба і «знову ідзець к нам».
Я б расказаў пра дзівосныя падзеі 20–30–40-х гадоў ХІХ стагодзьдзя, калі пачыналася нацыянальнае самапазнаньне будучай беларускай нацыі — пра «філярэтаў» і «філяматаў», пра беларускія тэксты таго часу, пра захапленьне беларускім фальклёрам графіні Эміліі Плятэр і яе віцебскага атачэньня, пра высылкі зь Вільні Францішка Савіча ў 1830-я гады і Баляслава Длускага ў 1840-я.
Я б напісаў разьдзел пра падзеі 1870–1880-х гадоў у Беларусі і вакол Беларусі, пра дзейнасьць членаў групы «Гоман», якія ўжо ў 1884 годзе заявілі, што «Беларусь — для беларусаў». І пра яшчэ аднаго волата беларускай гісторыі таго часу — Мітрафана Доўнар-Запольскага.
Я б напісаў разьдзел пра стварэньне ў першай Дзяржаўнай Думе Расеі ў 1906 годзе беларускай дэпутацкай групы, якая адмовілася аб’яднацца з польскай і пачала барацьбу за аўтаномію Беларусі. Адзін зь яе лідэраў Раман Скірмунт (яшчэ да выхаду першых беларускіх газэт «Наша Доля» і «Наша Ніва») заявіў тады агаломшанаму лідэру польскіх нацыяналістаў Раману Дмоўскаму, што не ўважае сябе за паляка, што ён беларус, які толькі выхаваны ў польскай культуры і ня мае найменшай патрэбы залічаць сябе да народнасьці, зь якой яго зьвязвае толькі гэтая культура.
Рубікон Беларушчыны
І, нарэшце, я б напісаў пра ключавы, лёсавызначальны і самы драматычны, на маю думку, пункт у гісторыі нараджэньня мадэрнай беларускай нацыі — кастрычнік 1862 году. У тым месяцы Каліноўскі адмовіўся ад выданьня шостага нумару «Мужыцкай праўды», у якім сьцьвярджалася, што «Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся Літоўцы».
Я думаю, што менавіта тады ў зацятых спрэчках з астатнімі членамі рэдакцыі Фэліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным, Валерыем Урублеўскім і Францішкам Юндзілам ён прыняў канчатковае рашэньне, як будзе называцца яго народ. Шосты «літоўскі» нумар так і ня выйшаў, замест яго ў сьнежні 1862 году пад тым жа нумарам зьявіўся выпуск газэты, прысьвечаны Ўніяцкай царкве.
Слабасьць нашай гістарычнай навукі добра праяўляецца ў тым, што за 31 год, які прайшоў з моманту знаходкі «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды» ў бэрнардынскім касьцёле ў Вільні, не былі праведзеныя тэксталягічная і графалягічная экспэртыза рукапісу і яго параўнаньне зь іншымі аўтографамі Кастуся Каліноўскага.
Я не графоляг, але бачу, што почырк Каліноўскага троху адрозьніваецца ад почырку аўтара «літоўскага» нумару «Мужыцкай праўды». У Каліноўскага меншы нахіл направа, больш акруглыя літары, іншае напісаньне прапісных літар «j», «t» і некаторых іншых. Разам з тым ёсьць падабенства ў напісаньні загалоўнага і прапіснога «d».
Але нават калі б графалягічная і тэксталягічная экспэртызы даказалі, што «літоўскі» нумар пісаў сам Каліноўскі, гэта нічога б не зьмяніла. Бо найважнейшым для нас застаецца сам гістарычны факт — нявыхад «літоўскага» нумару газэты, адмова Каліноўскага яго выдаць і замена «ўніяцкім» нумарам.
1 лютага 1863 году палітычна нарадзілася новая, мадэрная Беларусь, якая да таго існавала пад назвамі і «Русь», і «Літва». У той дзень у Вільні быў утвораны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім. Але ідэйна гэтая падзея была перадвырашана тры месяцы раней — у кастрычніку 1862 году.
...Зрэшты, можа, гэтыя прапушчаныя разьдзелы я яшчэ і напішу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.