«Як сябра навуковай рады я буду галасаваць за такое пазбаўленьне. Я мяркую, што гэта справа гонару. Але ў такіх пытаньнях заўсёды вельмі важна выканаць працэдуру, каб мы правільную мэту дасягнулі правільным чынам», — сказаў Уладзімір Бугроў у інтэрвію агенцтву Інтерфакс-Україна.
У той ж час рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту адзначыў, што дагэтуль не было ніводнага выпадку, каб каго пазбаўлялі раней прысвоенага ганаровага званьня.
«Гэта пытаньне палітычна-прававога характару. Таму я буду прапаноўваць навуковай радзе стварыць камісію зь юрыстаў, гісторыкаў і палітолягаў, каб распрацаваць бачаньне магчымасьці пазбаўленьня, каб навуковая рада ўхваліла гэтае бачаньне. Калі такая палітычна-прававая магчымасьць ёсьць, гэта трэба зрабіць», — дадаў Уладзімір Бугроў.
Новы рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту перакананы, што для ўзнагароджаньня званьнем ганаровага доктара трэба прадугледзець больш жорсткую працэдуру. «Гэта павінны быць бездакорныя навукоўцы і пэдагогі», — падкрэсьліў Уладзімір Бугроў.
Аляксандру Лукашэнку 2 лістапада 2009 году было прысвоена званьне ганаровага доктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі.
Дыплём, мантыю і ганаровы знак кіраўніку Беларусі ўручыў рэктар унівэрсытэту акадэмік Леанід Губерскі 5 лістапада 2009 году — у часе візыту Лукашэнкі ў Кіеў. Сёлета Леанід Губерскі ня ўдзельнічаў у выбарах рэктара.
На сёньняшні дзень званьне ганаровага доктара Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі маюць 99 асобаў, у тым ліку колішнія кіраўнікі Казахстану, Грузіі, Таджыкістану, Азэрбайджану, Узбэкістану і шэрагу эўрапейскіх краін.