У цэнтры Кіева, у Мастацкім арсэнале, які лічыцца адной з найбольшых культурных пляцовак ва Ўкраіне, адкрылася выстава беларускіх мастакоў «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасьць, супраціў».
У найбольшай за апошні час выставе сабралі разнажанравыя творы больш як 80 мастакоў зь Беларусі.
Выставу меліся адкрыць для масавага гледача 25 сакавіка, у Дзень Волі, але ў Кіеве ў сувязі з пашырэньнем каранавірусу ўвялі локдаўн, і яна будзе працаваць пакуль віртуальна — арганізатары ўжо рыхтуюць 3D-тур па выставе, аўдыёгід і дыскусійную праграму, якія будуць разьмешчаныя ў сацыяльных сетках Мастацкага арсэналу.
«Выстава беларускага сучаснага мастацтва ў цяперашні гістарычны момант — гэта ня толькі эстэтычны досьвед, хоць ён, безумоўна, перш за ўсё. Гэта таксама інтэлектуальнае пагружэньне ў прычыны рэчаіснасьці Беларусі і важны жэст падтрымкі беларускай культурнай сцэны», — кажа дырэктарка Мастацкага арсэналу Алеся Астроўская-Люта.
«Падарунак прэзыдэнту» даехаў да Кіева
Беларускую экспазыцыю адкрываюць творы мастака Алеся Пушкіна зь ягонага «Турэмнага альбому». Першым прадстаўлены ягоны вядомы пэрформанс «Падарунак прэзыдэнту», які ён зрабіў у 1999 годзе, але крыху абноўлены — цяпер на партрэце Аляксандра Лукашэнкі, замест надпісу «За 5-гадовую плённую працу», разьлітая чырвоная фарба, якая сымбалізуе кроў.
Алесь Пушкін кажа, што яму прыемна адкрываць прэзэнтацыю беларускага сучаснага мастацтва ў Кіеве і адначасова сумна. «Сумна таму, што і праз 22 гады мой пэрформанс актуальны, і я прыкаціў гэтую тачку ў Мастацкі арсэнал, зрабіў тое самае, толькі паліў чырвонай фарбай партрэт Лукашэнкі, які стаў ужо крывавым дыктатарам».
Мастак мяркуе, што ў кіеўскай выставе арганізатарам удалося акумуляваць галоўную ідэю — мастацкасьць пратэставага руху ў Беларусі зь лета 2020 году.
«Я канстатую факт, што беларуская рэвалюцыя годнасьці — мастацкая. Паглядзіце, якія плякаты, якія шэсьці, якія касьцюмы, якія пэрформансы. Недарэмна сьвет успрымае мастацтва, а мастацтва мяняе сьвет. Сьвет не прымае тэрарызму і гвалту. Выставы былі па ўсім сьвеце — Амстэрдам, Бэрлін, Познань, Сан-Францыска, цяпер Кіеў. Найбольш выдатная выстава, як канстатацыя мастацкай рэвалюцыі. І акцыі пратэсту маюць выдатны мастацкі бок — вобразны, візуальны».
Алесь Пушкін мяркуе, што цяпер беларусам трэба прадоўжыць свой пратэст пераходам на выкарыстаньне беларускай мовы.
«Можа, гэта важней, чым недзе ў лесе сфатаграфавацца са сьцягам і па-расейску сказаць „Живёт Беларусь“? Пад сьнягамі драмае вясна. Я веру, што энэргія тых сотняў тысяч не прайшла дарэмна. Мы ў галовах усе іншыя. Я баюся толькі аднаго — калі беларусы, якія размаўляюць па-расейску, будуць забіваць беларусаў, якія размаўляюць па-беларуску, а Пуцін будзе паціраць рукі і казаць: „Это гражданская война, мы тут ни при чём“.... Вось у мяне 24 гады на хаце вісеў сьцяг, а цяпер мне далі штраф — за тое, што гэта экстрэмізм. Дык што — наступнымі будуць рэпрэсіі за тое, што я размаўляю на беларускай мове і нашу вышыванку?»
Мастак Юры Шуст працуе ў некалькіх жанрах. У Кіеў ён прывёз інсталяцыю «Нэафіт». Гэты праект ён запачаткаваў у 2019 годзе, а другую частку зрабіў у 2020-м, якраз у той час, калі ў Менску адбываліся масавыя акцыі пратэсту. Героі праекту «Нэафіт» жывуць у паралельнай рэальнасьці.
«Я ня маю адназначнага адказу на пытаньне, пра што мая інсталяцыя. Я не кадую свае працы такім чынам, каб можна было адразу аддаць гледачу расшыфроўку, якую ён можа прыкласьці да гэтай працы і зразумець. Кожны можа ўкласьці ў яе элемэнты свой досьвед і веды. Што натхніла мяне на гэты праект? Патэнцыя маладосьці, якая перамагае страх і сьмерці».
«Беларускае мастацтва ёсьць, і ім можна ганарыцца»
Выстава была зладжаная фактычна дыстанцыйна — за 4 месяцы ўзгаднілі працы, мастакоў і праект. Такія ж рэкордныя і тэрміны мантажу экспазыцыі, у якой сабраныя фота- і відэатворы, малюнкі і інсталяцыі.
«Гэта вельмі кароткі час для такой падзеі, але яна ўдалася», — кажа адзін зь беларускіх куратараў выставы, мастак Андрэй Дурэйка. Ён ужо 15 гадоў займаецца прэзэнтацыяй беларускага мастацтва за межамі Беларусі і ў Беларусі.
Паводле яго, Кіеў, як і Варшава зь Вільняй, — горад сілы, і з гэтага пункту гледжаньня прадставіць сучаснае беларускае мастацтва менавіта ва ўкраінскай сталіцы было вельмі важна.
«Вядома ж, гэта лягічна, што Ўкраіна глядзіць на Беларусь, разумее, што там адбываецца, і разумее важнасьць мастацтва, яго моцы і яго ўплыву. Акурат беларускі пратэст мінулага году паказаў увесь патэнцыял, зьвязаны з эстэтыкай, як беларусы змаглі абраць сымбалі — тая ж Ева альбо малюнкі, якія сталі сымбалем аб’яднаньня. Колькі крэатыву, гарадзкога фальклёру! Мы бачым, што гэтыя рэчы сьведчаць аб станаўленьні нацыі, аб тым, што ў нацыі ёсьць патэнцыял. І Ўкраіна гэта вельмі добра разумее», — кажа Андрэй Дурэйка.
Мастак спадзяецца, што пасьля локдаўну ўкраінцы змогуць наведаць выставу беларускага мастацтва. «Вядома, мы крыху страцілі, але зробленая неймаверная праца. Гэта найбольш рэпрэзэнтатыўная выстава за апошняе дзесяцігодзьдзе. І тут гаворка ня толькі аб пратэставым мастацтве. Гэта гаворка пра мастацтва як доўгатэрміновы праект, мастацтва, якое дасягнула ўжо такога ўзроўню, што мы можам ня проста казаць, што яно ёсьць, а і ганарыцца ім. Таму так ці інакш беларускае мастацтва дойдзе да гледача і будзе мець свой працяг».
Яшчэ адна з арганізатараў выставы, Антаніна Сьцебур, вядомая як сузаснавальніца праекту пра гендэрную дыскрымінацыю ў Беларусі #дамаудобнаявбыту і плятформы «Spaika», лічыць вялікай раскошай магчымасьць сабраць у адным месцы вялікую колькасьць твораў без цэнзуры і абмежаваньняў. «Напэўна, супалі некаторыя кантэксты — палітычны, асабісты, сацыяльны, культурны... Калі ўсё гэта супала, то і стала магчымым. Нейкія з гэтых кантэкстаў сумныя, нейкія, наадварот, поўныя надзеі і натхненьня».
Выстава будзе працаваць да 4 траўня. Арганізатары спадзяюцца, што ўкраінскі глядач зможа наведаць экспазыцыю і азнаёміцца зь беларускім сучасным мастацтвам.