«На фоне пабітых, забітых людзей праблемы псыхалягічнага характару здаюцца не такімі важнымі»
Праект «Нябачная траўма» — гэта аповеды беларусаў пра тое, як сытуацыя ў краіне ўплывае на іх псыхалягічны стан, іх страхі і перажываньні. Ідэя зьявілася яшчэ восеньню, калі аўтаркі Леся і Кацярына пазнаёміліся на міжнародным мерапрыемстве ARTIФ-camp, якое аб’ядноўвае праваабаронцаў і мастакоў, каб ствараць сацыяльныя праекты.
«Мы выбіралі ўдзельнікаў, зь якімі хацелі б супрацоўнічаць, і я выбрала Лесю. З лета 2020-га я сачу за тым, што адбываецца, падзеі ў Беларусі вельмі моцна рэзанавалі са мной з самага пачатку, і для мяне было важна дапамагаць, рабіць нешта, калі я гэта магу і як я гэта магу», — кажа Кацярына Памазаная.
«Шмат было ў СМІ публікацый менавіта пра фізычны гвалт. У той жа час большасьць людзей адчувалі псыхалягічныя праблемы, пра якія мала хто пісаў, і мне здалося, што гэта ня менш важна. Мы ўсе цяпер знаходзімся ў такім цяжкім эмацыйным стане, калі мы баімся за сябе, за сваіх родных, калі перажываем вельмі складаны пэрыяд у жыцьці, але ня можам дзяліцца гэтым з іншымі, таму што на фоне пабітых, забітых людзей праблемы псыхалягічнага характару здаюцца не такімі важнымі. Таму я прапанавала расказаць трошкі пра штодзённасьць і пра тое, як адчуваюць сябе людзі, якіх затрымлівалі ці не, але якія не пацярпелі фізычна», — кажа Леся Пчолка.
Пры гэтым Леся падкрэсьлівае, што любое затрыманьне так ці інакш зьяўляецца фізычнай траўмай, бо людзі знаходзяцца ў нечалавечых умовах.
«У нас ёсьць адна гісторыя ў праекце пра чалавека, які трапіў у турму. Ён не лічыў, што пацярпеў, на фоне іншых людзей, якія таксама былі арыштаваныя ў першыя тыдні жніўня. Але празь нейкі час і ён зразумеў, што пацярпеў ня менш».
Людзі пастаянна параўноўваюць сябе зь іншымі і баяцца выказвацца пра свой псыхалягічны стан, кажа Леся.
«Тут спрацоўваюць сьціпласьць і боязь асуджэньня з боку людзей, якія скажуць: «Ты ж жывы, дык чаму ты скардзісься?»
«Трэба разумець людзей, якія жывуць у абсалютным страху»
Нягледзячы на тое, што з кожным годам псыхалягічная культура павышаецца, ня ўсе людзі могуць сабе дазволіць пайсьці да псыхатэрапэўта з прычыны высокага кошту такой тэрапіі. Таксама ня ўсе гатовыя прагаворваць свае праблемы публічна. У гэтых выпадках і дапамагае «Нябачная траўма».
У праекта ёсьць свой сайт і інстаграм, дзе разьмяшчаюцца гісторыі людзей. Іх дызайн, у якім усё прасякнута галоўнай тэмай нябачнасьці і неразуменьня праблемы, стварыла Леся.
«Калі мы бачым фатаздымкі пабітых людзей, мы разумеем, што гэта кашмар. А з псыхалягічнымі праблемамі ты ня можаш сказаць адназначна. Ты можаш нават размаўляць з чалавекам з розьніцай у тыдзень, і пачуць зусім розныя яго гісторыі ці адчуваньні, успрыманьне навакольнага сьвету, усё вельмі неканкрэтна. Таму канцэпцыя такой нябачнасьці была ў аснове дызайну, а вобраз — гэта аркуш, прымацаваны да шкла. Калі было небясьпечна вывешваць сьцягі, сымболіку, людзі пачалі вешаць гэтыя белыя аркушы, і мне здаецца, што гэта вельмі моцны вобраз пратэсту. Любыя дробныя жэсты становяцца важным знакам для людзей, яны падтрымліваюць».
Таксама ў «Нябачнай траўмы» ёсьць тэлеграм-бот, у якім такой гісторыяй, страхамі і перажываньнямі падзей можна падзяліцца. Стваральніцы праекту гарантуюць ананімнасьць, клапоцяцца пра бясьпеку тых, хто ім піша.
«У нас пакуль была адна гісторыя, пасьля якой прыйшло паведамленьне: „Калі ласка, не публікуйце“, — апавядае Кацярына Памазаная. — Гэтую гісторыю, вядома, ня будзем публікаваць, таму што мы ўсё ж такі этычна ставімся да ўсёй інфармацыі і ўсіх людзей, якія давяраюцца і пішуць. І мне здаецца, што ў гэтым канкрэтным выпадку чат-бот выкарысталі, каб выліць эмоцыі. Калі чалавек хоча пазбавіцца такіх эмоцый, але ня хоча рабіць гэта публічна, то хто мы такія, каб прымаць рашэньне рабіць гэта па-іншаму?»
«Трэба разумець людзей, якія жывуць у абсалютным страху, — дадае Леся. — Нельга злавацца на чалавека за тое, што ён перадумаў. Так, ён быў адважным у той момант, калі пачаў гаварыць, але потым ён падумаў, што гэта можа пагражаць яму, ягоным родным. Важна разумець у якім мы цяпер жывём стане, і чуць людзей. Таму ўсё вельмі далікатна ў адносінах да рэспандэнтаў. Калі яны не прадстаўляюцца, то мы публікуем гісторыі ананімна; калі яны хочуць нешта прыбраць, выдаліць, то мы гэта выдалім».
Неапублікаваныя гісторыі становяцца часткай адмысловага архіву, які стварылі выключна для захаваньня такіх аповедаў, і яны не пабачыць сьвет у далейшым без дазволу расказчыкаў. Асноўная мэта, кажа Леся, каб людзі маглі падзяліцца і вызваліцца ад свайго болю і перажываньняў.
Хаця эмацыйна было цяжка перажываць і працаваць зь беларускімі падзеямі, Кацярыне вельмі дапамагала яе дзейнасьць. Дзяўчына была задзейнічаная ў валянтэрскім праекце маніторынгу злачынстваў з боку міліцыі ў Беларусі, а таксама дапамагала рабіць ролікі пра досьвед Майдану з парадамі ўкраінскіх адвакатаў, як варта зьбіраць доказы злачынстваў з боку ўладаў.
«Я цяпер імкнуся быць больш спакойнай і трошкі разьдзяляць працу і пачуцьці, бо ў нейкі момант зразумела, што вельмі сама выгарала на тэме, да якой ніяк не магу дакрануцца. Цяпер спрабую на нейкім больш аўтаматычным узроўні сачыць за навінамі, глядзець на рэчы больш рэальна, у пляне „чым сапраўды я магу дапамагчы“: той жа праект, які мы запусьцілі; часам я ахвярую грошы для палітвязьняў. Але сапраўды стараюся цяпер трошкі „зазямліцца“ і ня так эмацыйна рэагаваць, хаця перажываю, і часам, бывае, накоціць».
«Замоўчваньне праўды можа прывесьці да трагічнага і кепскага»
Кацярына Памазаная адзначае, што лічыць вельмі важнай дазволенасьць публічна перажываць на канкрэтныя тэмы.
«У размовах з рознымі людзьмі, не абавязкова беларусамі, а проста актыўна ўцягнутымі ў пратэст, немагчыма не пачуць нейкае вечнае параўнаньне з сытуацыямі, дзе, як здаецца, адбываюцца значна больш страшныя і жудасныя рэчы, кшталту тэрмінаў у турме, зьбіваньня і гэтак далей. Вось гэтае агульнае нівэляваньне эмоцый, замоўчваньне праўды можа прывесьці да нечага трагічнага і кепскага. Зноў жа, у нас ёсьць досьвед Майдана, які таксама паказаў, што адсутнасьць рэфлексіі псыхалягічнай траўмы насельніцтва прыводзіць не да самых лепшых вынікаў, а да рэальных, доўгатэрміновых посттраўматычных сындромаў у актывістаў, нейкім нават калектыўным нэгатыўным станам».
І сам праект важны, лічыць дзяўчына, бо ня проста паказвае ўсе жахі рэжыму, а дазваляе людзям прызнаваць і прымаць свае пачуцьці.
«Мне б хацелася, каб праект ствараў прастору для таго, каб людзі ацанілі свае пачуцьці, эмацыйны стан і не адчувалі, што яны адны ў ім. Мне здаецца, самае важнае, каб гэта мела тэрапэўтычны вынік».
«Мы спадзяёмся, што людзі, нават чытаючы чужыя гісторыі, могуць зрабіць выснову: «Я маю такія ж праблемы», — кажа Леся Пчолка.