Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За «Пагоню» паставілі на калені, заламалі рукі, страціў прытомнасьць. Як у Нямеччыне лечаць беларусаў, што пацярпелі ад сілавікоў


Пратэст у Менску, жнівень 2020
Пратэст у Менску, жнівень 2020

У Нямеччыне на лекаваньні знаходзяцца пацярпелыя ў часе мірных пратэстаў беларусы. Зь некаторымі зь іх пагутарылі журналісты DW.

Шэраг краінаў Эўропы прынялі ўдзельнікаў мірных пратэстаў, параненых у выніку брутальных дзеяньняў сілавікоў. Радыё Свабода расказвала пра дапамогу, якую атрымліваюць такія беларусы ў Чэхіі.

DW паразмаўляла зь людзьмі, якія знаходзяцца на лячэньні ў Нямеччыне, і тымі, хто арганізаваў мэдычную дапамогу.

«Мяне параніла побач з тым месцам, дзе быў забіты Аляксандар Тарайкоўскі», — расказвае Рыгор. «Ледзь не ўвайшоў у гісторыю Беларусі», — дадае ён і сьмяецца. Усьмешка выглядае крыва, правы куток рота менш рухомы, чым левы. Але той факт, што Рыгор жартуе, можна лічыць цудам, бо пасьля атрыманай чэрапна-мазгавой траўмы яго шанцы на выжываньне, на думку лекараў, складалі толькі 20 адсоткаў. Падрабязнасьці пра траўму і сваё сапраўднае імя ён у мэтах бясьпекі раскрываць не жадае.

«Увесь Менск выйшаў»: гісторыя Рыгора

У той цёплы летні вечар Рыгор пасьля працы пайшоў на мірную акцыю ў Менску супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта. «Гэта нават нельга мітынгам назваць, людзі проста стаялі. Вельмі шмат людзей, такое пачуцьцё, што ўвесь Менск выйшаў. Інтэрнэт выключылі, вось людзі і выйшлі. Атмасфэра была, як на стадыёне падчас матчу», — кажа малады чалавек. Ён згадвае, што, калі пратэстоўцаў пачалі разганяць сілавікі, ён забег у найбліжэйшую краму, потым выйшаў зь яе і... больш ён нічога ня памятае. Рыгор ачуўся ў рэанімацыі, дзе тыдзень правёў у коме.

Ён расказвае, што пасьля атрыманай траўмы перанёс восем апэрацый і правёў агулам каля чатырох месяцаў у шпіталі. Першы час правыя нага і рука былі паралізаваныя, правая частка твару была нібы замарожаная, гаварыць ня мог. Цяпер гаворка аднавілася, хоць некаторыя словы даюцца зь цяжкасьцю. «Колькі мне гадоў? Праз афазію я часам забываю лічбы. Ах, так, 29», — кажа Рыгор.

Ён праграміст, палітыкай цікавіўся, за навінамі сачыў, але актыўна грамадзянскую пазыцыю не выказваў.

«Я ўпершыню ўдзельнічаў у выбарах, галасаваў за Ціханоўскую. Я ведаў, што выбары будуць сфальсыфікаваныя, але хацеў, каб тыя, хто будзе лічыць галасы, убачылі, колькі людзей супраць», — кажа Рыгор. Маторыка яго правай рукі ўсё яшчэ парушаная (друкаваць на клявіятуры альбо шнураваць чаравікі немагчыма), але ён рады, што пацярпела левае паўшар’е мозгу, а ня правае, і што «ня стаў разумова адсталым».

«Ён застаўся самім сабой. Калі апрытомнеў, папрасіў навушнікі, пляншэт, электронную кнігу», — успамінаюць яго сваякі. Праз паўгода пасьля траўмы Рыгор прыляцеў на рэабілітацыю ў Нямеччыну. У шпіталі ён займаецца зь фізіятэрапэўтам, эргатэрапэўтамі і трэнэрамі, каб вярнуць поўны кантроль над сваім целам.

Хто арганізуе мэдычную дапамогу беларусам

Арганізаваць лячэньне Рыгора дапамаглі валянтэры — прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Нямеччыне. Сярод іх — мэнэджар у IT-сфэры Лізавета, яна родам зь Беларусі, але больш як 20 гадоў жыве ў Нямеччыне. «Пасьля жнівеньскіх падзеяў я, як і многія, не магла рабіць нічога, не магла працаваць, спаць, есьці — толькі чытаць навіны. Найлепшыя лекі ў такім выпадку — дзеяньне», — расказвае яна. На акцыях салідарнасьці зь беларусамі ў Нямеччыне і ў інтэрнэце Лізавета пазнаёмілася з аднадумцамі, разам яны стварылі суполку дзеля арганізацыі мэдычнай дапамогі пацярпелым беларусам.

Як расказвае Лізавета, спачатку ўсё здавалася складаным: з прычыны пандэміі COVID-19 уезд у Нямеччыну абмежаваны ня толькі для турыстаў, але і для пацыентаў. Каб атрымаць візу, патрэбен выразны дыягназ, які паставіць на адлегласьці складана. Аднак паступова групе валянтэраў удалося наладзіць кантакты і з пацыентамі, і з пасольствам Нямеччыны ў Менску. Дыяспара і праваабарончая арганізацыя Libereco таксама дапамаглі сабраць сродкі на лячэньне Рыгора.

У МЗС Нямеччыны Deutsche Welle пацьвердзілі, што ведамства «падтрымлівае меры па лячэньні і аднаўленьні ахвяраў паліцэйскага гвалту і катаваньняў у Беларусі. Гэта распаўсюджваецца і на адпаведныя працэдуры для ўезду ў Нямеччыну».

Пратэставая сымболіка ў Беларусі: гісторыя Ўладзімера

Яшчэ адзін беларус, які атрымаў гуманітарную візу для лячэньня ў Нямеччыне, — Уладзімер (імя зьмененае). Пасьля сустрэчы зь сябрамі ён чакаў таксі на адной з вуліц Менску. На ім была байка з выявай герба «Пагоня», якая цяпер у Беларусі ўспрымаецца ўладамі як пратэставая сымболіка. «Да мяне падышлі супрацоўнікі міліцыі, чалавек сем, у шлемах і з аўтаматамі. Нічога не спытаўшы, паставілі мяне на калені, заламалі мне руку, я страціў прытомнасьць ад болевага шоку. Калі ачуняў, пад’ехала „хуткая“, мяне забралі ў бальніцу. Аказалася, што ў мяне раздробнена плячо. Мне зрабілі апэрацыю, уставілі пласьціну. Правая рука спачатку ўвогуле не працавала», — кажа ён.

Пасьля выпіскі з бальніцы Ўладзімер даведаўся, што на яго завялі дзьве адміністрацыйныя справы — за хуліганства і непадпарадкаваньне ўладзе. На судзе ён адмовіўся прызнаваць віну. Баючыся рэпрэсій і магчымай страты рукі, Уладзімер вырашыў пакінуць краіну. Пра тое, каб яму адкрылі гуманітарную візу, хадайнічалі валянтэры з Razam — згуртаваньня беларусаў, якія пражываюць у Нямеччыне.

Малады чалавек да гэтага часу ў шоку ад таго, што прычынай жорсткага абыходжаньня зь ім стаў сымбаль на вопратцы: «У той момант я нават забыўся, што быў у гэтай байцы. Забыўся, у якой краіне жыву, што гэта можа выклікаць такую агрэсію».

Уладзімер мае надзею, што візу яму падоўжаць і ён зможа працягнуць амбуляторнае лячэньне ў Нямеччыне: «Я пазытыўны чалавек. Рука, па маіх адчуваньнях ідзе на папраўку».

Валянтэры ў Нямеччыне спадзяюцца, што змогуць дапамагчы ня толькі Рыгору і Ўладзімеру, але і іншым пацярпелым беларусам.

«На жаль, наша дапамога яшчэ запатрабаваная», — кажа Лізавета.

«Гэта ня толькі тэрапія для нашых пацыентаў, але і мая асабістая тэрапія, калі я ўсьведамляю, што раблю нешта карыснае і магу дапамагчы канкрэтным людзям», — дадае яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG