Пра культурны супраціў
Разам з камандай экспэртаў у гэты момант я займаюся распрацоўкай антыкрызіснай стратэгіі ў сфэры культуры. Яна тычыцца таго, што варта рабіць цяпер, але таксама неабходных зьменаў і рэформаў у галіне культуры ў новай Беларусі.
Нашая задача цяпер — за кошт культурнага супраціву і культурнай салідарнасьці ўзмацніць ціск на дзейную нелегітымную ўладу як унутры краіны, так і звонку. Гэтым мы цяпер і займаемся.
Пра падтрымку рэпрэсаваных дзеячаў культуры
Я шчыльна кантактую з Фондам культурнай салідарнасьці, якім кіруе Сяргей Будкін. У шэрагу пытаньняў мы працуем разам. Але асноўнай дапамогай рэпрэсаваным дзеячам займаецца гэты фонд.
Некаторыя пішуць мне пытаньні ў інстаграм, маўляў, я звольніўся — і што рабіць? Я дасылаю ім кантакты фонду, ім там дапамагаюць і кажуць, што рабіць. Таму можна пісаць і мне.
Пра новага міністра культуры
Я пра яго даведалася з навінаў. Раней ніколі пра яго ня чула. Ведаю, што ён настаўнік фізыкі і матэматыкі.
Чалавек, які ня мае дачыненьня да культуры, займае пасаду міністра культуры, пра што тут можна гаварыць? Я таксама магу стаць настаўнікам матэматыкі і фізыкі, але я нічога ў іх не разумею. Якім я буду настаўнікам і што змагу зрабіць для вучняў? Таму я б параіла яму звольніцца.
Пра першачарговыя задачы
Калі «адляціць самалёт» і мы вернемся ў Менску, то трэба вярнуць на працу ўсіх тых, каго звольнілі: актораў, дырыжораў, музыкаў. Гэта годныя людзі, і яны патрэбны краіне. Я б і сама вярнулася ў тэатар, каб сьпяваць для роднай Беларусі.
Мы б хацелі, каб бізнэс падтрымліваў культуру, каб была падтрымка фондаў, каб былі праграмы спонсарства. Мы хочам, каб культура займала адно зь першых месцаў. А цяпер яна другая зьнізу. Улада ня вельмі любіць культуру, яна заўжды падтрымлівала спорт. Мы бачым, колькі ў нас за 26 год лядовых палацаў, а канцэртных заляў сусьветнага ўзроўню ня маем.
Пра культурную зьяву ў Беларусі, якая ўразіла
Штодня мяне натхняюць людзі. Беларусы робяць флэшмобы, я гляджу і думаю: Божа, якія мы крэатыўныя! Кожны дзень я ганаруся тым, што я беларуска і што ў нас такія таленавітыя людзі.
Мяне ўразілі «Казкі ад Маляваныча». Гэта праект Фонду культурнай салідарнасьці. Калі я пабачыла першую казку, то нават плакала. Гэта вяртаньне ў дзяцінства і тое, чаго мне не ставала: калыханак, казак і беларускай мовы.
Як антыдэпрэсант я слухаю Макса Каржа. Яго песьні мяне натхняюць. Ён сьпявае пра тое, што ўсё будзе добра, уставай і рабі, ня хныч і ня плач. Дзякуй Каржу, ён заўсёды падымае мой дух.
Пра дзеячаў культуры, якія падтрымліваюць уладу
Я думаю, што яны падтрымліваюць нас унутры, але яны нічога ня могуць зрабіць. Без улады яны ніхто. Гэта іх шлях. Я ад іх не адпісвалася ў сацсетках, а яны ад мяне адразу адпісаліся. Нават калі мы пераможам, то я думаю, што на канцэрты гэтых творцаў будуць хадзіць людзі, таму што некаторым вельмі падабаецца іх творчасьць.
У новай Беларусі ў нас ніколі ня будзе «чорных сьпісаў». Мы знаёмыя з Аленай Ланской, яна добрая сьпявачка. Але пасьля ўсіх гэтых падзеяў я не пайду на яе канцэрты.
Пра Паўла Латушку
Калі ён быў міністрам, я ім ганарылася. І цяпер ганаруся.
Я сустракалася зь ім у Парыжы, калі ён быў паслом. Ён вельмі шмат зрабіў для нашай краіны. Заўсёды ганарылася ім, калі ён размаўляў на беларускай мове, і думала, які шыкоўны прыклад, давай, Марго, і ты размаўляй па-беларуску. І вось цяпер я размаўляю на беларускай, дзякуючы, магчыма, і яму.