Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхару райцэнтру зьменшылі штраф за падабайку відэа з «экстрэмісцкім» лягатыпам


Юры Ярмоленка
Юры Ярмоленка

Жыхару Слаўгараду Юрыю Ярмоленку, асуджанаму за распаўсюджваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў», зьменшылі штраф з 1160 да 435 рублёў. 

19 сакавіка раённы суд перагледзеў сваё ж рашэньне пасьля звароту абвінавачанага з апэляцыйнай скаргай у Магілёўскі абласны суд.

Па словах 47-гадовага Юрыя Ярмоленкі, у разгар пратэставых акцыяў ён адзначыў смайлікамі тры публікацыі ў «Одноклассниках», якія былі прысьвечаныя беларускім падзеям 2020 году. Альгарытм сацыяльнай сеткі аўтаматычна разьмясьціў матэрыялы і на ягонай старонцы.

Нічога крамольнага ў тых відэа мужчына ня ўгледзеў, але супраць яго распачалі адміністрацыйную справу за распаўсюджваньне прадукцыі, якая прапагандуе экстрэмізм.

Яму заявілі, што відэаматэрыялы мелі лягатып, занесены ў Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У ягонай кватэры правялі вобшук ды забралі меркаваныя прылады правапарушэньня: кампутар і тэлефон.

У Слаўгарадзкім раённым судзе Юры Ярмоленка прызнаў факт таго, што ён адзначыў упадабаныя публікацыі, але адкінуў абвінавачаньні ў наўмысным іх распаўсюджваньні, бо на той момант ня ведаў, што яны забароненыя. 21 студзеня яго аштрафавалі на 1160 рублёў (40 базавых велічынь).

У апэляцыі на прысуд Ярмоленка адзначыў хібы разгляду справы раённым судом, а таксама тое, што пакараньне завялікае для такой правіны, як ягоная. Паводле абвінавачанага, 19 сакавіка раённы суд перагледзеў адміністрацыйную справу і зьменшыў яму штраф да 435 рублёў (15 базавых велічынь).

У Слаўгарадзкім судзе паабяцалі даць інфармацыю пра вынікі разгляду адміністрацыйнай справы супраць Ярмоленкі, але пазьней на тэлефанаваньні не адказвалі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG