Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праявіў сьмеласьць і грамадзянскую мужнасьць». Прэзыдэнцкая адміністрацыя адказала крытыкам Азаронка


Прапагандыст Рыгор Азаронак
Прапагандыст Рыгор Азаронак

Падпісанты калектыўнага звароту супраць узнагароджаньня мэдалём «За адвагу» прапагандыста тэлеканалу «Сталічная тэлевізія» Рыгора Азаронка атрымалі адказы зь дзяржаўных органаў.

Ініцыятарам ліста стаў намесьнік старшыні Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане, капітан запасу, інвалід II групы Барыс Дубоўскі, які ў пачатку 1980-х служыў у складзе савецкага кантынгенту ў Кандагары.

На яго перакананьне, амаральна прыстаўляць да баявой узнагароды чалавека, які калі чым і адзначыўся, дык хіба «паліваньнем брудам» апанэнтаў рэжыму.

Пры тым, што многія «воіны-інтэрнацыяналісты» незаслужана абдзеленыя ўвагай. Ня кажучы пра дыскрэдытацыю памяці вэтэранаў Айчыннай вайны, якія штодзённа рызыкавалі жыцьцём.

У адказах з Савету міністраў, Палаты прадстаўнікоў, рэдакцыі газэты «СБ. Беларусь сегодня» абмежаваліся дзяжурнымі адпіскамі.

А вось у лісьце з прэзыдэнцкай адміністрацыі дзейнасьць тэлевядоўцы прыраўналі да «подзьвігу», у зьвязку з чым уганараваньне лічаць цалкам заслужаным.

«Выконваючы сваю працу, журналіст Азаронак Р.Ю., праявіўшы сьмеласьць і грамадзянскую мужнасьць ва ўмовах, спалучаных зь небясьпекай для здароўя, падвяргаючыся абразам яго гонару і годнасьці, рэалізаваў права грамадзянаў на атрыманьне апэратыўнай і праўдзівай інфармацыі пра грамадзка-палітычныя працэсы, якія адбываліся ў Беларусі ў 2020 годзе», — гаворыцца ў адказе начальніка галоўнага ўпраўленьне працы са зваротамі грамадзянаў Рыгора Шлыка.

Чыноўнік таксама раіць падпісантам у выпадку нязгоды накіраваць свае прапановы ў Палату прадстаўнікоў аб карэляцыі закону «Аб дзяржаўных узнагародах».

Паказальна, што ў адказе з адпаведнай парлямэнцкай камісіі Барысу Дубоўскаму паведамілі, што прадстаўленьнямі да дзяржаўных узнагародаў займаецца адміністрацыя прэзыдэнта, таму ўсе пытаньні варта адрасаваць туды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG