Пракуратура Заводзкага раёну Менску прыслала адказ на зварот журналіста Ігара Ільяша, які лічыць, што ў дзеяньнях Рыгора Азаронка ёсьць склад злачынства паводле арт. 203 КК («Парушэньне тайны ліставаньня»), піша «Белсат».
13 студзеня на тэлеканале СТВ выйшла праграма Азаронка «Тайныя спружыны палітыкі», у якой ён абвінаваціў палітзьняволеную журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву ў тым, што 15 лістапада 2020 году яна праз стрым нібыта кіравала пратэстамі і асабістым прыкладам «натхняла мяцежнікаў». Азаронак назваў Кацярыну «чыстай крымінальніцай», «замежным агентам», зь якімі падчас вайны «разьбіраўся СМЕРШ».
У сюжэце ён выкарыстаў скрыншоты прыватнага ліставаньня журналіста Ігара Ільяша, мужа Кацярыны, з кіраўніком Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны Сяргеем Таміленкам.
15 студзеня Ігар Ільяш накіраваў у міліцыю і пракуратуру заяву з просьбай правесьці праверку і распачаць крымінальную справу супраць Азаронка. Ільяш таксама патрабаваў высьветліць, як да таго трапілі скрыншоты прыватнага ліставаньня. Калі гэта трапіла ад сілавікоў, якія арыштавалі тэхніку Ільяша ў межах крымінальнай справы супраць ягонай жонкі, то тады трэба было б прыцягнуць да адказнасьці іх за выдаваньне зьвестак папярэдняга сьледзтва (ч. 2 арт. 407 КК).
Калі ж сілавікі не перадавалі гэтых скрыншотаў Азаронку, значыць, той мог атрымаць доступ да ліставаньня, толькі ўзламаўшы старонку Ільяша ў Facebook, што можа быць кваліфікавана паводле арт. 349 «Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі».
Пракурор Заводзкага раёну Менску Аляксандар Кулакоўскі адмовіўся заводзіць крымінальную справу супраць прапагандыста Азаронка.
«Устаноўлена, што вашая заява аб зьдзяйсьненьні Азаронкам і іншымі асобамі злачынстваў заснавана на здагадках, няма прыкметаў [...] злачынства», — адзначаецца ў адказе пракурора.
Ігар Ільяш мае намер абскардзіць такі адказ пракуратуры. Ён лічыць яго цалкам неабгрунтаваным.
«У чым тут здагадкі, калі Азаронак апублікаваў фрагмэнты майго асабістага ліставаньня ў этэры дзяржаўнага тэлеканалу? Мне здаецца, што такім чынам пракуратура проста хоча пазьбегнуць непасрэднай ацэнкі дзеяньняў Азаронка. [...] Дык усё ж парушаць тайну ліставаньня, публікаваць прыватную перапіску іншых асобаў у Беларусі можна? Ці гэта можна толькі дзяржаўным прапагандыстам і спэцслужбам?»