Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэнэцыянская камісія заклікала Беларусь зьмякчыць пакараньні за пратэсты


Менск, 4 кастрычніка 2020
Менск, 4 кастрычніка 2020

Вэнэцыянская камісія — орган канстытуцыйных экспэртаў Рады Эўропы — 22 сакавіка апублікавала справаздачу аб сытуацыі ў Беларусі. У шматстаронкавым дакумэнце падаецца інфармацыя пра падзеі, якія адбываліся ў краіне з жніўня 2020 году, а таксама аналізуецца беларускае заканадаўства.

Вэнэцыянская камісія ў справаздачы выказала меркаваньне аб сумяшчальнасьці з эўрапейскімі стандартамі некаторых палажэньняў крымінальнага заканадаўства, якія выкарыстоўваюцца для прыцягненьня да адказнасьці мірных дэманстрантаў і чальцоў Каардынацыйнай рады. Меркаваньне было падрыхтавана ў кантэксьце масавых арыштаў падчас пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Камісія заклікае беларускія ўлады перагледзець пакараньні за масавыя мерапрыемствы. На думку экспэртаў, вырашальную важнасьць пры выбары пакараньня павінна мець тое, ці былі вулічныя акцыі гвалтоўнымі.

«Мяркуючы па ўсім, дэманстранты не ўжывалі фізычнага гвалту і не заклікалі да такога ў дачыненьні да арганізацый або асобных людзей. Пратэставы рух ня можа сам па сабе быць падставай для крымінальнай справы», — заяўляюць у камісіі.

Вэнэцыянская камісія адзначае і тое, што магчымасьць крытыкі ўлады і выказваньня сваіх ідэй і поглядаў павінна быць забясьпечана, калі яна не набывае гвалтоўных формаў.

«Мірныя дэманстрацыі ў прынцыпе не павінны падвяргацца пагрозе суровага пакараньня — такога, як турэмнае зьняволеньне або вялікія штрафы. Гэтыя меркаваньні адносяцца да артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, які прадугледжвае сур’ёзныя адміністрацыйныя штрафы і затрыманьне / пазбаўленьне волі», — адзначаецца ў дакладзе.

Тут важна адзначыць, што ў рэдакцыі Адміністрацыйнага кодэксу ад 1 сакавіка артыкул аб удзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах памяняў нумар. Цяпер гэта 24.23.

Вэнэцыянская камісія рэкамэндавала афіцыйнаму Менску ўдакладніць некалькі дзейных артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У тым ліку арт. 293, арт. 341, арт. 342 і арт. 363, таму што яны маюць занадта шырокую прастору для трактовак. Зноў жа, на думку камісіі, тут важна ўдакладняць, што пакараньне прадугледжанае толькі за гвалт.

Артыкулы КК за «абразу прэзыдэнта» і «апаганьваньне дзяржаўных сымбаляў» у Вэнэцыянскай камісіі таксама лічаць праблемнымі, бо яны могуць быць ужытыя з мэтай перасьледу мірных пратэстоўцаў і таксама дапускаюць шырокія трактоўкі.

У дакладзе адзначаецца, што, з улікам занадта складанай працэдуры атрыманьня санкцыі на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, улады павінны «зьмірыцца» зь мірнымі пратэстамі, калі яны нават праводзяцца без узгадненьня.

У цэлым зацьверджанымі працэдурамі правядзеньня масавых мерапрыемстваў у Беларусі Вэнэцыянская камісія незадаволеная: заканадаўчую базу, мяркуюць экспэрты, трэба перагледзець. Камісія зноў заявіла пра гатовасьць уступіць у дыялёг зь беларускімі ўладамі ў пытаньні ўдакладненьня заканадаўства, каб яно адпавядала прынцыпам правоў чалавека і міжнародных абавязаньняў, якія прыняла на сябе Беларусь.

Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы, але застаецца асацыяваным чальцом Вэнэцыянскай камісіі ад 24 лістапада 1994 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG