У жанчыны пяцёра дзяцей. Міліцыя сьцьвярджае, што Вольга арганізоўвала акцыі пратэсту ў пасёлку. Артыкул, паводле якога распачалі справу, не назвалі.
18 сакавіка жанчыну затрымалі «за актыўную пратэстную дзейнасьць». Дадому да сям’і Сяргея Ганкевіча і Вольгі Залатар у Ждановічы прыехалі сілавікі і правялі ператрус. Сяргей у гэты час быў на працы, Вольгу забралі.
Сяргея Ганкевіча выклікалі ў РАУС, у пратаколе напісалі, што ён вывесіў у акне бел-чырвона-белы сьцяг і правёў такім чынам пікет. 19 сакавіка яго судзілі ў судзе Менскага раёну і далі 10 сутак арышту. На судзе Сяргей Ганкевіч заявіў, што ў іх дома ўвогуле не было бел-чырвона-белага сьцяга. Ён выказаў здагадку, што самі сілавікі вывесілі сьцяг, каб мець падставы для затрыманьня.