Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Даніі — hygge, у швэдаў — lagom. А якая філязофія шчасьця ў беларусаў?


Слова данскай мовы hygge (прыблізна гучыць як «хюґе») літаральна азначае ўтульнасьць. Але ва ўсім сьвеце яно зрабіла фурор як сынонім скандынаўскага паняцьця шчасьця. Пра hygge пішуць кнігі, здымаюць фільмы і спрачаюцца ў сацыяльных сетках.

Hygge азначае камфортнае жыцьцё, спакой, добрае самаадчуваньне, смачную ежу, зручную вопратку, актыўны лад жыцьця. Гэта дае датчанам шчасьце, што пацьвярджае статыстыка. У 2017 годзе датчане занялі першае месца ў рэйтынгу самых шчасьлівых краінаў паводле World Happiness Report, у 2019-ым — другое (пасьля Фінляндыі). У Даніі дзейнічае 37-гадзінны тыдзень працы і 6 тыдняў адпачынку. Сярэднестатыстычны датчанін удзельнічае ў працы трох з паловай грамадзкіх арганізацыяў, таварыстваў і клюбаў. Датчане на першым месцы ў сьвеце па спальваньні сьвечак — цягам году гэта 6 кг. 78% датчанаў прынамсі раз у тыдзень сустракаюцца з сябрамі (сярэдні паказьнік у Эўропе — 60%), у год яны ядуць 8,2 кг шакаляду (4,1 кг — сярэдні паказьнік у Эўропе).

Швэдзкі аналяг hygge — lagom («ля́ґом»). Гэтае слова азначае правільную колькасьць нечага. Калі швэды зарабляюць колькі трэба, але безь непатрэбных празьмернасьцяў, то яны называюць гэта lagom. Зьесьці дастаткова, але не пераесьці — гэта таксама lagom. Пачуцьцё меры запэўнівае швэдам жыцьцёвую раўнавагу.

Паводле сёлетняга рэйтынгу «шчасьлівасьці» краінаў World Happiness Report 2019 Беларусь займае 81-е месца са 156 краінаў.

А як выглядае беларускае hygge і lagom? Што дае беларусам шчасьце і служыць філязофіяй іхнага жыцьця? Гэтае пытаньне Свабода задала дзясятцы вядомых беларусаў.

Ганна Бонд, блогерка і вядоўца

Ганна Бонд
Ганна Бонд

​Беларуская філязофія шчасьця апошнім часам — гэта «папіццот». Я цяпер шмат катаюся па рэгіёнах, бачу, як жыве народ. Мара і сэнс жыцьця людзей — гэта рэалізаваць простае, але больш-менш якаснае жыцьцё. Каб нам думаць пра гармонію, як японцам і швэдам, у нас няма пакуль такога ўзроўню жыцьця, на жаль. Магчыма, калісьці будзе. А пакуль у большасьці жыхароў нашай краіны філязофія — папіццот. Яна дазваляе вырашыць жыцьцёвыя пытаньні. Для мяне асабіста шчасьце — гэта душэўны камфорт, любоў і мужчына побач. ​

Віктар Марціновіч, пісьменьнік

​Hygge — гэта насамрэч спрадвечны сялянскі беларускі стыль. Калі я гляджу на інтэр’ер hygge, то маю адчуваньне, што бачу вясковую сядзібу сваёй бабулі. Датчане як быццам падбрылі ў Беларусі драўляныя фактуры, нефарбаванае дрэва, сталы з кавалкаў дрэнна абчасанага дрэва, габляваньне сталоў замест мыцьця. Hygge — гэта наш стыль. А вось у беларускім горадзе мы спрабуем жыць як у Нью-Ёрку, але пакуль што гэта атрымліваецца дужа пагана. Калі прайсьціся па менскіх кавярнях, то людзі там канструююць вакол сябе атмасфэру Нью-Ёрку ці правабярэжнай Варшавы. Але відаць, што бракуе нечага грунтоўнага. А чаго бракуе? Гэта як Дзень Волі. Быццам есьці можна, нават пад сьцягам. Але калі ты выходзіш са сьцягам за агароджу, то цябе б’юць палкай па галаве.

Ніка Сандрас, мастачка

​Я ня бачу ніякай філязофіі ў сучасных беларусаў. Я ўпэўнена, што ў беларусаў генэтычна павінна быць прапісаная нейкая жыцьцёвая філязофія. Але, на жаль, дзесяцігодзьдзі перасьледу нацыянальнай ідэнтычнасьці, мовы, традыцыяў і культуры ператварылі людзей у зомбі. І цяпер на паверхні адна філязофія — не вылучацца і азірацца. Але я спадзяюся, што ўсё зьменіцца. Ня думаю, што хутка. Але веру. Беларусы ўспомняць пра тое, хто яны.

Міхаэль Сэндэр, генэральны дырэктар кампаніі Comprado, Стакгольм

​Беларуская культура шмат у чым падобная да швэдзкай культуры «lagom». У абедзьвюх прысутнічае калектыўнае асуджэньне празьмернасьці і ёсьць даволі агульнае разуменьне «нармальнасьці». Але цікава тое, што гэтае падабенства — найбольшае паміж сталым пакаленьнем швэдаў і маладым пакаленьнем беларусаў. Маладыя швэды — значна больш індывідуалістычныя і эксцэнтрычныя, а сталыя беларусы — у меншай ступені трымаюцца меры. Напэўна, дэфіцыт савецкіх часоў фармуе філязофію «бяры ўсяго як найболей, пакуль ёсьць магчымасьць».

Але галоўнай культурнай адметнасьцю беларусаў я б назваў тое, што яны амаль усе быццам бы жывуць у нейкай мітычнай дзяржаве, ня вельмі падобнай на невялікую ўсходнеэўрапейскую краіну Беларусь, грамадзянамі якой яны зьяўляюцца. Іх краіна — вялікая і магутная, і ў ёй усё — па-іншаму, чым у рэчаіснасьці. Гэта — не СССР. Усе ж ведаюць, што СССР даўно зьнік. Але гэтая краіна знаходзіцца прыкладна ў тых самых межах. Прэзыдэнт гэтай краіны — Пуцін. Але гэта — не Расея. Гэта нейкі мэнтальны вакуўм, які застаўся пасьля распаду СССР і які нават для маладых беларусаў, што ніколі не жылі ў Савецкім Саюзе, дасюль не растварыўся ў рэчаіснасьці.

У гэтай краіны няма назвы. Дакладней, у яе шмат назваў, але ўсе яны, быццам бы — недакладныя: СНД, АДКБ, ЭўразЭС, «постсавецкая прастора»... На гэтай прасторы існуюць розныя рэальныя краіны, зь якімі ў Беларусі сёньня вельмі мала агульнага, але тыповаму беларусу падаецца, што вельмі многа. Таму большасьці беларусаў, жыхароў невялікай краіны на ўскрайку Эўропы, уласьцівы вялікадзяржаўны мэнталітэт. І гэта — сапраўды дзіўная і незвычайная нацыянальная адметнасьць.

У апошнія гады я сустракаў маладых харватаў, басьнійцаў, сэрбаў, і ніводнага разу ня чуў, каб хтосьці зь іх узгадваў штосьці кшталту «былой Югаславіі». А ў маладых беларусаў тэрмін «краіны былога СССР» зьяўляецца стандартнай часткай лексыкону, быццам бы ў сучаснай Малдовы шмат агульнага з Туркмэністанам або Эстоніяй. Мне здаецца, часткова праз гэта беларусы гэтак дрэнна інтэграваныя ў сусьветную супольнасьць — іхная мэнтальная мапа сьвету занадта моцна адрозьніваецца ад сапраўднай, і тое, што блізка, здаецца далёкім, і наадварот.

Віктар Пракапеня, IT-бізнэсовец

​Я не магу гаварыць за ўсю краіну, але тыя беларусы, зь якімі я кантактую, хочуць яскрава жыць, разьвівацца, вучыцца, падарожнічаць. Шчасьце — мець зносіны з усім сьветам, дасягаць вынікаў у жыцьці, выкарыстоўваць тыя магчымасці, якія адкрываюць сёньня новыя тэхналёгіі.

Мікола Матрунчык, кіраўнік праваслаўнага брацтва Трох віленскіх пакутнікаў:

​Беларусы пераважна чуйныя да філязофіі «дыхтоўнасьці». Гэта значыць, каб усё ў жыцьці было ладам, дабротна, дыхтоўна. Каб дзеткі вышлі ў людзі, гаспадарка — дагледжаная, гарнітур справіць дыхтоўны... калі такое складаецца, то жыццё спраўдзілася... Мая 86-гадовая матуля дагэтуль лічыць, што шчасьце — гэта калі зрабіў/прыдбаў нешта дасканалае: смачна прыгатаваў, пачаставаў, гародчык своечасова высадзіў, плён багаты сабраў... «Дыхтоўна» — гэта калі аж дых займае: так ладненька і бездакорна усё адбылося...

Ганна Кулакова, суўладальніца брэндаў «Krasa» і «My Way»

Я параўнала б беларусаў з хобітамі. Любяць валодаць невялікім кавалачкам толькі свайго і ствараць асабісты мікрасьвет. Гэта добра відаць, калі заяжджаеш у кожнае садовае таварыства. Таксама адзначу недавер і асьцярожнасьць да усяго незнаёмага. Гэта можна зблытаць зь непрыветлівасьцю, але гэта нешта іншае.

Стась Карпаў, дызайнэр

Беларускае шчасьце сфармуляваць вельмі цяжка. Справа ў тым, што шчасьце можа выявіцца і акрэсьліцца толькі тады, калі для ягонага выяўленьня ёсьць поле. І ня толькі асабіста у цябе, а ва ўсіх наогул, бо нацыянальнае шчасьце - гэта ня толькі тады, калі ты выяўляесься сам, а і калі ты сочыш за тым, як выяўляюцца іншыя. Тады ты разумееш болей. Адчуваеш, ці супадае "іхняе" выяўленьне з тваім асабістым.

Нацыянальнае шчасьце - гэта тысячы камэртонаў, якія мусяць супадаць у хістаньні. Нацыянальнае шчасьце - гэта рэзананс і акустыка, а для добрай акустыкі патрэбная прастора.

У Беларусі няма рэзанансу і няма акустычнай прасторы. Наша прастора - гэта спарахнелы пчаліны вулей, унутры якога кожны пішчыць у сваю ячэйку і ня чуе іншых. Мы не рэзаніруем, мы спадзяемся, што за тонкай сьценкай іншыя пішчаць з намі ва ўнісон, але часта мы памыляемся, і ад таго беларускае шчасьце мае адценьне спадзеву і пастаяннай разгубленасьці.

Кожны з нас спадзяецца гэтак жа, як і жыве. Ня так як хоча, а так, як яму дазваляе структура вульля, калі за кожны лішні сантымэтар прасторы трэба ламаць нейкую сьцяну, каб пасьля зразумець, што ты адабраў апошнюю прастору ў іншага.

Так што цяпер наша неўсьвядомленае шчасьце, як мне падаецца - гэта жаданьне проста атрымаць досыць прасторы для розгаласу, і тады мы убачым, наколькі мы прыгожа гучым разам, якім тонам і наколькі моцны у нас рэзананс.

Дзьмітры Дубянецкі, студэнт, Тэхас

​Філязофія для большасці беларусаў — гэта «трываць». Але навошта і як доўга? Дзе тая мяжа, калі трываньне скончыцца?
Для мяне ж асабіста шчасьце — гэта калі, кладучыся да сну, я нічым не турбуюся. Калі ўсё, што мусіў за дзень зрабіць, зрабіў. Калі кожнаму, хто нэгатыўна да мяне ставіцца, зрабіў заўвагу, а не «стрываў». Калі не пакрыўдзіў нікога без патрэбы. І г. д. Калі коратка — сумленьне.

Юлія Чарняўская, пісьменьніца і культуроляг

​Прынцып жыцьця беларуса, які часта схаваны ад нас саміх, лятэнтны, можна ахарактарызаваць як «належнае месца». Гэта чымсьці падобна на ўстаноўку пратэстантызму: рабі, што належыць, на тым месцы, куды цябе паставіў Бог — лёс, правід, жыцьцё. Мы рэдка рвёмся ў завоблачныя далі, мы падымаемся па прыступках павольна, але падымаемся, хто наколькі можа. На гэтым месцы мы робім усё, што ад нас залежыць, для таго, каб плянамерна ўдасканаліць сваё жыцьцё, а некаторыя, на жаль, далёка ня ўсе, — і жыцьцё соцыюму. Належнае месца, дарэчы, цягне за сабой уменьне пралічваць магчымыя страты і старанна абдумваць свае дзеяньні.

У гэтым ёсьць падводныя камяні: напрыклад, беларусы ня любяць вылузвацца і ня любяць, калі выпінаюцца іншыя. Таму што жаданьне быць багатым або знакамітым, ці нават ярка адораным — парушэньне належнага месца. Я чула, напрыклад, пра чыноўнікаў, якія ў адпачынак едуць нібыта ў вёску да цешчы, дапамагаць з пасяўной ці ўборачнай. У рэальнасьці яны ляцяць на Канары. Чаму яны кажуць, што едуць у вёску? Ня толькі таму, што баяцца ўвагі да сваіх даходаў, але і таму, што чалавеку ў нашай культуры ўяўляецца прыстойным і «належным» праводзіць адпачынак працуючы на зямлі. Зразумела, я кажу не пра моладзь: яна куды больш падобная на сваіх заходніх аднагодкаў, хоць і ў яе ёсьць свае пункты належнасьці.

Аднак належнае месца — зусім не заўсёды дрэнна, часам — вельмі добра. Чаму менавіта беларусаў суседнія кантактныя этнасы лічаць найлепшымі работнікамі? Таму што на месцы работніка беларус плянамерна робіць тое, што можа. Чаму лічаць добрай нашу прадукцыю? Таму што «належнае месца» не дазваляе беспакарана пагаршаць склад тавару. Нядаўна ў далёкім замежжы мяне вывелі да стэнда Conte, сьцьвярджаючы, што гэта прадукцыя «high quality». Мяне гэта не зьдзівіла.

Чаму хваляць нашы дарогі? Таму што належнае месца будаўніка абавязвае: хай будуюць доўга і нудна, але ў выніку зробяць якасна. Пасьля трагедыі ў Кемераве ў некалькіх гандлёвых цэнтрах Менску была праведзеная фальшывая пажарная трывога: усіх пакупнікоў вывелі з памяшканьняў за 10 хвілін. Калі возьмем глыбей, то менавіта «належным месцам» тлумачацца парадоксы нашай гісторыі: напрыклад, калі ціхія беларусы раптам становяцца сьмелымі ваярамі. Здавалася б, нечакана. На самой справе, заканамерна. Проста адбылася зьмена належнага месца: чалавек, які яшчэ ўчора ціха апрацоўваў свой садок ці гародзік, апынаецца на тым месцы, якое запатрабуе адвагі, мужнасьці, кемлівасьці і г. д. Гэты прынцып жыцьця вельмі ўстойлівы — і, думаю, гэта добра. Рабі, што належыць, — і хай будзе, што будзе.

Артыкул упершыню быў апублікаваны 9 красавіка 2018 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG