Беларусы адчуваюць менш станоўчых эмоцыяў у жыцьці, чым амаль кожны іншы народ сьвету, гаворыцца ў Gallup 2019 Global Emotions Report.
Апытаньне амэрыканскай сацыялягічнай арганізацыі Gallup, праведзенае ў 2018 годзе ў 143 краінах, выявіла, што меней станоўчых эмоцый за беларусаў адчуваюць толькі людзі ў Аўганістане.
Сацыялягічная служба Gallup прасіла апытаных адказаць, ці адчувалі яны за папярэдні дзень пяць станоўчых і пяць адмоўных эмоцыяў. Пяць станоўчых — адчуваньне, што ты добра адпачыў/адпачыла, што да цябе ставяцца з павагай, радасьць, шмат усьмешак і сьмеху, а таксама адчуваньне, што ты вывучаеш ці робіш нешта цікавае. Пяць нэгатыўных перажываньняў — гнеў, стрэс, смутак, фізычны боль і трывога.
Беларусы ў апытаньні пра станоўчыя эмоцыі апынуліся на перадапошнім месцы, зь індэксам станоўчых эмоцый (positive experience index) роўным 48.
Індэксы некаторых краінаў, дзе жыцьцё прыблізна такое ж сумнае, як і ў Беларусі, такія:
- Аўгагістан (43)
- Емэн (50)
- Турэччына (50)
- Літва (51)
Найбольш станоўчыя эмоцыі ўласьцівыя жыхарам краінаў Лацінскай Амэрыкі, сусьветныя лідэры радасьці:
- Парагвай (85)
- Панама (85)
- Гватэмала (84)
- Мэксыка (84)
У падобным апытаньні, праведзеным у 2017 годзе, Gallup вызначыў індэкс станоўчых эмоцый беларусаў як роўны 56, што дало Беларусі 13-е месца ад канца сярод 147 краінаў.
Што тычыцца адмоўных эмоцыяў у 2018 годзе, то Беларусь — ані сярод лідэраў, ані сярод аўтсайдэраў. Але паводле сярэдняга ўзроўню як станоўчых, так і адмоўных эмоцыяў беларусы аказаліся самай неэмацыйнай краінай сьвету. У Беларусі сярэдняя колькасьць адказаў «так» на ўсе 10 пытаньняў пра эмоцыі — 34%, самай эмацыйнай краінай у сьвеце аказаліся Нігер, Філіпіны, Эквадор і Лібэрыя, у якіх сярэдняя колькасьць станоўчых адказаў на эмацыйныя індыкатары склала 60%.