Дзьмітры Мезенцаў указам прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна вызвалены ад пасады амбасадара Расеі ў Беларусі. Пра гэта паведамляе БелаПАН, спасылаючыся на прэсавую службу Крамля.
Сёньня ж Мезенцаў быў прызначаны дзяржаўным сакратаром саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Адпаведны ўказ сёньня падпісаў Аляксандар Лукашэнка, які займае пасаду старшыні Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы.
Пра гэта паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі.
61-гадовы Мезенцаў зьмяніў 77-гадовага Рыгора Рапоту, які знаходзіўся на пасадзе дзяржсакратара саюзнай дзяржавы амаль 10 гадоў, зь лістапада 2011 году.
Мезенцаў узначаліў дыпмісію Расеі ў Менску 30 красавіка 2019 году, зьмяніўшы Міхаіла Бабіча, у якога былі вельмі напружаныя адносіны з афіцыйным Менскам.
10 сакавіка сёлета камітэт Дзяржаўнай Думы Расеі па справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі падтрымаў кандыдатуру Яўгена Лук’янава на пасаду амбасадара РФ у Беларусі. 69-гадовы Лукʼянаў — амбасадар Расеі ў Латвіі.
61-гадовы Мезенцаў неаднаразова публічна падтрымліваў дзеяньні беларускіх уладаў падчас палітычнага крызісу ў краіне. Ён адмовіўся сустракацца з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады, матываваўшы гэта тым, што «расейская амбасада гатовая размаўляць з тымі грамадзкімі сіламі, якія не вядуць працу па падрыву дзяржаўных асноваў Рэспублікі Беларусь».