Расейскае выданьне «Коммерсантъ» паведамляе, што новым паслом Расеі ў Беларусі замест Дзьмітрыя Мезенцава стане Яўген Лукʼянаў. Цяпер ён працуе расейскім паслом у Латвіі.
Выданьне адзначае, што Лукʼянаў добра знаецца ў эканоміцы і банкаўскай справе, працаваў у Савеце бясьпекі. «Усё гэта прыдасца яму на няпростым і фінансава затратным для Масквы беларускім кірунку», піша «Коммерсантъ».
Чакаецца, што Дзьмітры Мезенцаў пяройдзе на пасаду дзяржаўнага сакратара саюзнай дзяржавы, а цяперашні дзяржсакратар, 77-гадовы Рыгор Рапота, пойдзе ў адстаўку.
У біяграфіі Яўгена Лукʼянава на сайце расейскага пасольства ў Латвіі гаворыцца, што ён пачаў дыпляматычную службу ў 1984 годзе. Да гэтага быў намесьнікам сакратара ў ленінградзкім Саюзе журналістаў. У 90-х займаў кіроўныя пасады ў банкаўскай сфэры. Перад прызначэньнем у Латвію працаваў намесьнікам сакратара Савету бясьпекі Расеі.