Здымаць Банцэра ў судзе не дазволілі.
Ён выглядае яшчэ больш схуднелым, бледным, зь белымі вуснамі, але рухавы, як і раней, ходзіць сам, гаворыць гучна. У акварыюме яго пакінулі без кайданкоў.
Перад паседжаньнем Банцэр заявіў, што супраць яго спрабавалі зладзіць правакацыю, нібыта ён піў ваду з бачка ўнітаза.
«Мяне хочуць зрабіць „апушчаным“, зьнізіць мой статус, каб я перайшоў у „прэс-хату“ (камэра, дзе турэмная адміністрацыя стварае невыносныя ўмовы для вязьняў. — РС). Яны хочуць, каб я ўскрыўся, але я ня ўскрыюся», — некалькі разоў гучна паўтарыў музыка, стаўшы на лаву.
«Ты маладзец. Пі ваду, сын», — падтрымала яго маці Тамара Мікалаеўна.
«Банцэр, слухайце», — папрасіла судзьдзя.
Ён паківаў галавой і даслаў ёй паветраны пацалунак.
«Я нічога ня чую, Высокі суд. Я чую галасы ў сваёй галаве, Высокі суд», — адказаў Банцэр. Падчас паседжаньня ён стаіць у клетцы, не сядае па сваім жаданьні.
18 сакавіка меліся дапытаць у якасьці сьведкі адміністратара бара Віталя Канюшку, які нібыта дазволіў Банцэру патанцаваць побач зь міліцэйскай машынай. Празь яго суд пераносілі некалькі разоў. Ён чарговы раз не зьявіўся на судовае паседжаньне. Суд вырашыў разглядаць справу безь яго.
Банцэр папрасіў зачытаць яго ранейшыя пісьмовыя паказаньні.
«Дзе дыктафон? У мяне голас слабы», — запытаўся Банцэр.
Разгледзелі рэчавыя доказы па справе.
Пракурор запрасіў паўтара года «хіміі» і вызваліць у залі суду
Судзьдзя зачытала паказаньні сьведкі — адміністратара бара Віталя Канюшкі. Той раней казаў, што ня бачыў, каб Банцэр дэманстраваў свае палавыя органы, ня бачыў ні ягоных ягадзіц, ні палавых органаў.
«Я ўчора быў у начальніка мэдчасткі турмы. Ён мне сказаў, што калі я пачну траціць прытомнасьць, мы цябе абколем. Я ніколі не калоўся наркотыкамі. Калі пагоршыцца мой стан, я не хачу, каб мяне калолі наркотыкамі. Я галадоўку спыняць не зьбіраюся. Інакш я ператваруся ў „гародніну“», — заўважыў Банцэр.
Судзьдзя Натальля Козел удакладніла, якую ежу Банцэр ужывае, ці перадаюць яму прадукты харчаваньня.
Банцэр адказаў, што нічога не ўжывае, але яго агаварылі, нібыта ён піў ваду з бачка ўнітаза. Ён удакладніў, што яму перадаюць кнігі, канвэрты, асадкі, а вось канвэрты з Кастусём Каліноўскім не перадалі.
«Наколькі мне вядома, на сёньня стан здароўя ў вас здавальняючы», — сказала судзьдзя.
Суд перайшоў да спрэчак. У той час, як пракурор Віктар Нічыпарук зачытваў сваю прамову, маці Банцэра ўвесь час досыць гучна плакала. Яе суцяшаў малодшы сын Раман.
Пракурор адзначыў, што факт алькагольнага ап’яненьня Банцэра ня быў пацьверджаны.
Пракурор папрасіў для Банцэра пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Ён папрасіў для яго «хімію» на паўтара года.
Апошняе слова Банцэра: «Я буду рады сустрэць Сакрата на нябёсах»
Калі Банцэру далі апошняе слова, ён зьдзівіўся.
«А што, пераносу ня будзе?» — пажартаваў ён.
Ён рыхтаваўся да апошняга слова, зрабіў нататкі — 80 старонак.
Плянаваў гаварыць доўга, але прызнаў, што цяпер ня можа доўга гаварыць. Гаварыў прыкладна паўгадзіны.
«Калі суд вызначыў, што я паказваў палавыя органы, значыць, я паказваў палавыя органы», — сказаў Банцэр.
Ён зачытаў прамову Сакрата на ягоным судовым працэсе пра нібыта мудрага чалавека, які нічога ня ведае, але робіць выгляд, што ведае.
«Закону трэба падпарадкоўвацца, даводзіцца апраўдвацца... Чалавечая мудрасьць каштуе няшмат, нават, здаецца, нічога... З вас, людзі, найбольш мудры той, хто падобны да Сакрата, які ведае, што нічога ня ведае... Мудрасьць — самая вялікая з дабротаў. Ці ж ня самае вялікае зло — рабіць выгляд, што ведаеш, калі ня ведаеш... Я ніколі ня стану баяцца і пазьбягаць таго, што ёсьць злом», — гаварылася ў цытаце Сакрата.
Ён прыгадаў людзей, якія трапляюць пад суд і робяць усё, каб пазьбегнуць прысуду.
«Ці ж адмена сьмяротнага пакараньня зробіць вас бесьсьмяротнымі?.. Я хутчэй жадаю памерці пасьля такой абароны. Ні мне і нікому ня варта пазьбягаць сьмерці любымі шляхамі. Лепш сьмерць, чым няслава», — паўтарыў словы Сакрата Банцэр.
«Я буду рад сустрэць Сакрата на нябёсах. Ён вельмі добра сказаў», — адзначыў Банцэр.
Урэшце ён пажадаў пракурору і іншым прысутным пасьпяховай кар’еры і прыгадаў пра люстрацыю, якая некалі настане.
«Я бачыў у сваіх снах, каб мяне судзіла Натальля Рыгораўна. Тут бац, а мяне судзіць Натальля Рыгораўна. Вы не ў маім гусьце, даруйце... Калі б хто іншы сядзеў, то, можа, я б адчуваў нешта нэгатыўнае. Але з 2005 году Натальля Рыгораўна мяне судзіць (па адміністрацыйных справах)», — заўважыў Банцэр.
У гэты момант судзьдзя Натальля Козел пераглянулася з сакратаркай, і абедзьве заўсьміхаліся.
«Калі выжыву, будзе ня сорамна сказаць: а ты сустракаў Новы год з псыхамі? А ты адзначаў дзень народзінаў у турме?» — сказаў Банцэр. Ён папрасіў прабачэньня ў пацярпелага. Але запытаўся: навошта такое правасудзьдзе, навошта пераносы ў судзе? Выказаўся, што трэба кваліфікаваць парушэньні правільна.
«Я не зьмянюся. Мае татуіроўкі не змываюцца... Выпіліцца адсюль? Я не прызнаю самагубства. Зьехаць з краіны? Так сабе парады», — пракамэнтаваў ён.
«Што я зрабіў ня так?.. З усімі прымірыўся. Надзеў усё ружовае... Відаць, я загуляўся... Я вельмі рады, што я ня большасьць», — разважаў Банцэр.
Напрыканцы ён падзякаваў судзьдзі Натальлі Козел, у тым ліку за тое, што кінуў піць алькаголь пасьля суду за ўжываньне алькаголю ў грамадзкім месцы.
Банцэр расказваў шмат гісторый, зьвяртаўся да прысутных у залі, прыгадаў, як ён кінуць піць у 2007 годзе. «Мне добра. Я адчуваю сябе цудоўна... Дзякуй усім, мне спадабалася, я атрымаў задавальненьне», — паведаміў Банцэр пра два тыдні сваёй галадоўкі.
Судзьдзя сышла, каб прыняць рашэньне аб прысудзе.
Прысуд будзе вынесены 19 сакавіка ў 10:30.
Што варта ведаць па справе Банцэра
- Ігара Банцэра судзяць за тое, што дэманстраваў палавыя органы перад міліцыянтам. Пазыцыя Банцэра: гэта быў пэрформанс з танцам, падчас якога ён зьняў шорты, але заставаўся ў стрынгах, а сьпераду яго прыкрывала паясная торбачка.
- Пацярпелы міліцыянт Сяргей Багдзевіч ня мае прэтэнзій да Банцэра, першапачаткова ён расцаніў ягоны ўчынак як п’яную выхадку, а не як крымінальнае злачынства.
- Справу разглядае судзьдзя Натальля Козел, пракурор — Віктар Нічыпарук.
- Банцэр знаходзіцца пад вартай амаль 5 месяцаў, з 20 кастрычніка мінулага году. Яму 41 год, жанаты, мае траіх непаўналетніх дзяцей. Летась яго тройчы затрымлівалі за ўдзел у пратэставых акцыях, ён адседзеў па адміністрацыйных справах 18 сутак.
- За 4,5 месяца зьняволеньня Банцэр амаль увесь час сядзеў у адзіночнай камэры і некалькі разоў у карцары. Таксама яго высылалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі пад Менскам. Экспэртыза паказала, што ён здаровы.
- Падсудны абвясьціў сухую галадоўку 3 сакавіка на знак пратэсту супраць палітызаванасьці ягонай крымінальнай справы аб хуліганстве, а таксама ў знак нязгоды з палітычнымі падзеямі ў Беларусі.
- Лекары кажуць, што ўжо на першым тыдні адмовы ад вады могуць наступіць незваротныя зьмены ў арганізьме або сьмерць.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.
10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах