Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры Пуціна зьнесьлі дзіцячы цэнтар адпачынку побач з палацам пад Геленджыком


Уладзімір Пуцін і бізнэсовец Генадзь Цімчанка
Уладзімір Пуцін і бізнэсовец Генадзь Цімчанка

Кампанія, якая належыць сябру Ўладзіміра Пуціна бізнэсоўцу Генадзю Цімчанку і сыну іншага сябра Пуціна Ўладзіміру Колбіну, купіла зямлю пад дзіцячым аздараўленчым лягерам каля Геленджыка. Новыя ўладальнікі зьнесьлі базу адпачынку і будуюць на яе месцы шале з тэатрам і мармуровай падлогай. За два кілямэтры ад будоўлі — так званы палац Пуціна.

Лягер пад назвай «Золотая лоза» разьмяшчаўся ў вёсцы Праскавееўка, за два кілямэтры ад месца, дзе цяпер палац, — паведамляе выданьне «Праект». Лягер быў адкрыты ў 1968 годзе і быў ведамаснай базай адпачынку Спэцыялізаванага навукова-даследчага інстытуту прыладабудаваньня, які займаецца распрацоўкай сыстэм радыяцыйнага кантролю. У 2011 годзе для дзяцей супрацоўнікаў «Росатома» на тэрыторыі быў арганізаваны асобны навукова-забаўляльны лягер для папулярызацыі атамнай энэргетыкі. У «Золотой лозе» адпачывалі звычайныя дзеці, у тым ліку зь дзіцячых дамоў.

На пачатку 2017 году інстытут выставіў лягер на продаж — як няпрофільны актыў. Маёмасьць, у тым ліку права арэнды зямлі, спрабаваў выкупіць бізнэсовец, які хацеў зрабіць на гэтым месцы дзіцячы курорт. Ён быў адзіным удзельнікам конкурсу, але яго вынік быў адменены. У канцы году, пасьля чатырох адмененых аўкцыёнаў, маёмасьць набыла кампанія «Лазурная ягода».

Яна стала вядомай у 2010 годзе, калі яе назвалі адным з удзельнікаў будаўніцтва палаца для тагачаснага прэм’ер-міністра Расеі Ўладзіміра Пуціна. Уладальнікам кампаніі абвясьціў сябе блізкі чалавек аднаго зь сяброў Пуціна. Пасьля яе выкупіла кампанія бізнэс-амбудсмэна Барыса Цітова. Урэшце ўладальнікамі сталі Цімчанка і Колбін.

Як расказаў адзін з будаўнікоў, якога знайшоў «Праект», на месцы лягера амаль дабудаваныя чатыры шале, у адным зь якіх, паводле яго, будзе VIP-тэатар ня больш як для 10 гасьцей. Будаўнікам забараняюць на зьмене карыстацца тэлефонамі пад страхам звальненьня, а каб трапіць на гэтую працу, людзі чакаюць некалькі месяцаў праверкі з боку Фэдэральнай службы аховы, паведамляе суразмоўца «Праекту».

Каб уратаваць лягер, былыя супрацоўнікі, бацькі і дзеці паспрабавалі напісаць пэтыцыю на імя Пуціна, сабраўшы тысячу подпісаў. Ім на яе не адказалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG