Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі бізнэсоўца Юрыя Чыжа і мэнэджараў зь ягонага атачэньня. Сваякі пацьвердзілі: «Артыкул знойдуць»

абноўлена

Юры Чыж
Юры Чыж

Юрыя Чыжа затрымалі, калі ён вярнуўся з Масквы.

Як стала вядома «Нашай ніве», увечары 15 сакавіка быў затрыманы бізнэсовец Юры Чыж. Пра гэта паведамілі выданьню дзьве незалежныя адна ад адной крыніцы.

Разам з прадпрымальнікам затрымалі і кіраўнікоў некалькіх кампаній, якія засталіся ў Чыжа пасьля разгрому ягонай бізнэс-імпэрыі.

КДБ ніяк не камэнтуе падзеі, а сваякі Чыжа пацьвердзілі Onliner факт і дату яго затрыманьня. Артыкул, паводле якога адбылося затрыманьне, яны пакуль ня ведаюць, але кажуць, што «артыкул знойдуць».

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманьне перагукаецца з крымінальнай справай, якую на Чыжа завялі ў 2016-м. Тады ён паўгода правёў за кратамі праз падазрэньне ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры, але выйшаў на волю пасьля таго, як прызнаў віну і сплаціў шкоду.

Але па стане на 2021 год Чыж нібыта заставаўся вінен і дзяржаве, і бізнэс-партнэрам, якія спаганялі зь яго даўгі праз суд. Аднак былы алігарх, калісьці набліжаны да Лукашэнкі, па абавязаньнях нібыта не плаціў, хаця асобныя яго прадпрыемствы працавалі ў «плюс».

Справы Чыжа за апошнія гады моцна пагоршыліся, у рэйтынгу ўплывовых бізнэсоўцаў ён скаціўся на 88-е месца, хоць у канцы 2000-х узначальваў сьпіс.

Прэтэнзіі ў сілавікоў узьніклі да топ-мэнэджмэнту «Кварцкрэйдапрам» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забясьпечвала крэйдай бярозаўскі завод будматэрыялаў, які належыць Чыжу. Таксама нібыта затрымалі кагосьці з кіраўнікоў «Данпрад» — прадпрыемства на Валожыншчыне, якое вырабляла сьвініну.

Прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх бізнэсаў Чыжа, які пасьпяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры зь якіх знаходзяцца ў Менску, месяц таму забралі ліцэнзію на продаж паліва.

Паводле інфармацыі Tut.by, 16 сакавіка сілавікі прыходзілі ў адміністрацыю ТАА «Ракаўскі Бровар», якое кіруе аднайменным рэстаранам у цэнтры Менску. Задавалі пытаньні, якія тычацца нерухомасьці і арэнды зямлі. Канфіскавалі некаторыя дакумэнты.

Кантрольны пакет «Ракаўскага Бровару» належыць Сьвятлане Чыж, таксама сярод уладальнікаў Уладзімер Япрынцаў і Жанна Герасімук. З моманту заснаваньня ў 1997 годзе і да 13 чэрвеня 2019 году сузаснавальнікам быў і Юры Чыж.

Справа аб банкруцтве «Трайплу»

У цяперашні час у Эканамічным судзе Менску разглядаецца справа аб банкруцтве кампаніі «Трайпл». Пакуль крэдыторы не прынялі рашэньня «як аб ліквідацыі, так і аб санацыi» кампаніі, прызначаная фінансава-эканамічная экспэртыза.

Асноўны від дзейнасьці «Трайпла» — будаўніцтва жылых і камэрцыйных аб’ектаў. Кампанія таксама мае пяць філіялаў: рэстаран «Залаты грабеньчык», Лядовая арэна ў Бярозе, гарналыжная база «Лагойск», сельгаспрадпрыемства «Трайпл-Агра» і спа-цэнтар у Менску. Юрыю Чыжу належаць 66,5% кампаніі.

Астатняя доля пароўну падзелена паміж расейцамі Іосіфам Аксеньцьевым і Міхаілам Маміяшвілі (па 16,75%). Яны атрымалі гэтую долю пасьля рэзананснай спрэчкі Чыжа са шматгадовым партнэрам Япрынцавым, які цяпер валодае акцыямі «Ракаўскага бровару».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG