Украіна не плянуе спыняць выкарыстаньне вакцын кампаніі AstraZeneca, паведаміў міністар аховы здароўя Максім Сьцяпанаў агенцыі AFP. Раней вакцынацыю ад COVID-19 прэпаратам AstraZeneca прыпынілі ў некалькіх краінах Эўропы.
«Мы нават ня думаем пра гэта», — сказаў міністар 15 красавіка.
Паводле яго, ніякіх пабочных эфэктаў ад выкарыстаньня AstraZeneca ва Ўкраіне не назіралі.
Вакцына AstraZeneca індыйскай вытворчасьці пад назвай CoviShield — на гэты час адзіная, якую выкарыстоўваюць ва Ўкраіне. Яе атрымалі 500 тысяч дозаў, і першай зь дзьвюх неабходных дозаў прышчапілі больш як 50 тысяч чалавек.
Пасьля ўвядзеньня вакцыны AstraZeneca ў некалькіх пацыентаў выявілі тромбы, вядома і пра сьмяротныя выпадкі. На час расьсьледаваньня перасталі рабіць прышчэпкі гэтым прэпаратам:
- Баўгарыя,
- Гішпанія,
- Ірляндыя,
- Ісьляндыя,
- Італія,
- Нідэрлянды,
- Нямеччына,
- Францыя.
Яшчэ некалькі краін не прышчапляюць вакцынамі з тых партый, адносна якіх узьніклі сумневы — Аўстрыя, Люксэмбург, Румынія і краіны Балтыі.
AstraZeneca запэўніла ў адсутнасьці падвышанай рызыкі ўтварэньня тромбаў пасьля ўжываньня вакцыны. Канцэрн спаслаўся на вынікі дасьледаваньня дадзеных больш як 17 мільёнаў жыхароў краін ЭЗ і Вялікай Брытаніі. Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) абвясьціла, што правярае паведамленьні аб магчымых пабочных эфэктах, якія выклікалі занепакоенасьць у шэрагу краінаў. У той жа час прадстаўнік арганізацыі Крыстыян Ліндмаер у інтэрвію інфармагенцтву Reuters заявіў, што цяпер няма пацьверджаньня непасрэднай узаемасувязі трамбозу з вакцынацыяй. Эўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў (EMA) таксама праводзіць праверку.