Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў сьвеце лідэр у продажы зброі і хто яе купляе. Высновы глябальнага рэйтынгу


Усясьветным лідэрам продажаў зброі і вайсковай тэхнікі застаюцца ЗША. Аб'ёмы міжнароднага гандлю зброяй за пэрыяд з 2016-га па 2020 год у параўнаньні з паказьнікамі за папярэднія пяць гадоў не зьмяніліся.

Гэта дзьве галоўныя высновы найноўшага дакладу Стакгольмскага інстытуту дасьледаваньня праблем міру (SIPRI).

Хто прадаў больш, а хто менш

Паводле SIPRI, істотнае павелічэньне паставак трыма зь пяці найбуйнейшых экспартэраў зброі – ЗША, Францыяй і Нямеччынай – было ў значнай ступені кампэнсавана скарачэньнем расейскага і кітайскага экспарту ўзбраеньняў.

«Пакуль што рана рабіць высновы пра тое, што дваццацігадовы пэрыяд хуткага нарошчваньня паставак зброі завяршыўся, – кажа экспэрт SIPRI Пітэр Вэзэман. – Эканамічныя наступствы пандэміі каранавірусу яшчэ могуць прымусіць шэраг дзяржаваў у наступныя гады перагледзець свае абʼёмы імпарту ўзбраеньня. Адначасова нават у разгар пандэміі ў 2020 годзе некаторыя краіны падпісалі буйныя кантракты на пастаўку асноўных відаў узбраеньняў».

Доля амэрыканскага экспарту ў міжнародным гандлі зброяй за названы тэрмін узрасла з 32 да 37 адсоткаў. За мінулыя пяць гадоў ЗША прадалі ўзбраеньняў і вайсковай тэхнікі 96 краінам, што нашмат перавышае паказьнікі іншых пастаўшчыкоў зброі. Амаль палова паставак зброі з ЗША (47%) прыпадае на краіны Блізкага Ўсходу, асноўным пакупніком (24%) зьяўляецца Саудаўская Арабія.

Амэрыканскі бамбавік B-52H
Амэрыканскі бамбавік B-52H

Расейскі экспарт зброі, які складаў у 2016–2020 гадах 20% ад усіх сусьветных продажаў, упаў за гэты пэрыяд на 18%. Каля 90 працэнтаў ад гэтага скарачэньня тлумачыцца тым, што за мінулыя пяць гадоў на 53% зьнізіліся продажы расейскіх узбраеньняў Індыі.

Трэцім у сьвеце прадаўцом зброі зьяўляецца Францыя, якая ў 2016–2020 гадах павялічыла абʼём продажаў асноўных відаў узбраеньняў на 44% і забясьпечыла 8,2% сусьветнага рынку зброі.

Расейская балістычная ракета РС-24 Ярс
Расейская балістычная ракета РС-24 Ярс

Нямеччына па-ранейшаму застаецца на чацьвёртым месцы сярод найбуйнейшых сусьветных пастаўшчыкоў зброі. За апошнія 10 гадоў краіна павялічыла экспарт узбраеньняў на 21%, на яе долю прыпадае 5,5% сусьветнага гандлю зброяй.

Замыкае пяцёрку найбуйнейшых у сьвеце экспартэраў зброі Кітай. Абʼём яго продажаў за апошнія пяць гадоў скараціўся на 7,8% і склаў 5,2 адсотка сусьветнага гандлю вайсковай тэхнікай.

Блізкі Ўсход узбройваецца наймацней

Больш за ўсё зброі экспартуецца на Блізкі Ўсход. Доля імпарту асноўных відаў узбраеньняў у гэтым рэгіёне за апошнія пяць гадоў вырасла на 25 адсоткаў у параўнаньні з папярэднім аналягічным пэрыядам. Гэта стала адлюстраваньнем рэгіянальнай стратэгічнай канкурэнцыі паміж некалькімі дзяржавамі рэгіёну Пэрсыдзкай затокі.

Сырыя, найбуйнейшы сусьветны імпартэр зброі, павялічыла закупкі ўзбраеньняў на 61%, а Катар – на 361%. Эгіпет павялічыў закупку ўзбраеньняў за мінулыя 10 гадоў на 136 адсоткаў.

Турэцкі імпарт зброі паміж 2011 і 2020 гадамі скараціўся на 59 адсоткаў. Шмат у чым на гэта паўплывала адмова ЗША у 2019 годзе прадаваць Анкары зьнішчальнікі-бамбавікі F-35 пасьля таго, як Турэччына купіла ў Расеі зэнітна-ракетныя комплексы.

Францускі зьнішчальнік Mirage 2000C
Францускі зьнішчальнік Mirage 2000C

А іншыя?

Экспарт зброі Злучаным Каралеўствам зьнізіўся на 27 адсоткаў за пэрыяд з 2011 па 15 па 2016–2020. На Вялікую Брытанію прыпадала 3,3% ад агульнага абʼёму экспарту зброі ў 2016–2020 гг.

Экспарт ізраільскай зброі склаў 3% ад агульнасусьветнага ўзроўню ў 2016–2020 гадах і быў на 59% вышэйшым, чым у 2011–2015 гг.

Нямецкі танк Leopard 2A4 на ўзбраеньні польскай арміі
Нямецкі танк Leopard 2A4 на ўзбраеньні польскай арміі

Экспарт зброі Паўднёвай Карэі быў на 210% вышэйшы ў 2016–2020 гадах, чым у 2011–2015 гг., што дало ёй 2,7% сусьветнага экспарту зброі.

У пэрыяды паміж 2011–2015 і 2016–2020 гадамі адбылося агульнае зьніжэньне імпарту зброі дзяржавамі ў Афрыцы (мінус 13%), Амэрыцы (мінус 43%) і Азіі і Акіяніі (мінус 8,3%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG