Індывідуальны прадпрымальнік са Смаргоняў на Горадзеншчыне Рамуальд Улан ня здолеў абскардзіць свой прысуд (2,5 года «хіміі») за паклёп на міліцыянтаў. Апэляцыю разглядала судовая калегія на чале з Андрэем Ліхачом.
56-гадовы Рамуальд Улан — заснавальнік закрытай уладамі «Новой газеты Сморгони» (1996-2005), наклад якой утрая перавышаў дзяржаўную раёнку «Светлы шлях», быў дэпутатам раённага савету дэпутатаў. У апошнія гады прапаноўваў паслугі друку, рэклямы, паліграфіі.
Улан папрасіў абласны суд далучыць да справы 220 подпісаў жыхароў Смаргоняў у ягоную падтрымку, а таксама дакумэнты аб інваліднасьці першай ступені ягонай маці, якую даглядае Ўлан.
Ён адзначыў, што хацеў захаваць для гісторыі факт супрацьстаяньня народу і міліцыянтаў як прадстаўнікоў улады, таму запосьціў у сацыяльных сетках фота з асабістымі зьвесткамі сямі міліцыянтаў, якія нібыта лжэсьведчылі ў судах. Ён падкрэсьліў, што гэтую ўлётку вырабляў ня ён, а нехта іншы. Да таго ж, па словах Улана, ён не праверыў, ці гэтыя зьвесткі праўдзівыя, але дапусьціў, што гэта можа быць праўдай.
«Горад шумеў, на вушах стаяў», — апісаў ён абстаноўку ў Смаргонях у тыя дні.
«Трэба ж думаць, перш чым нешта рабіць», — зазначыў судзьдзя Ліхач.
Пазоў на падставе артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) падала група мясцовых міліцыянтаў. Вырак агучыў у студзені судзьдзя суду Смаргонскага раёну Сяргей Боландзь. Пракурор Андрэй Клышэвіч прасіў на паўгода больш. Акрамя таго, абвінавачаны мусіць сплаціць буйныя сумы пацярпелым за «маральныя пакуты» і значны судовы збор.
Пасьля падзеяў жніўня ў Смаргонях зьявіліся ўлёткі з асабістымі зьвесткамі міліцыянтаў, якія, сьцьвярджаў невядомы, ілжэсьведчаць на судах супраць актывістаў. Рамуальд сфатаграфаваў тыя паперкі і разьмясьціў фота «ЎКантакце» пад камэнтарамі ў гарадзкой суполцы «Чуткі Смаргоняў».
Сямёра міліцыянтаў, якія там фігуравалі, падалі ў суд. Тое, што ён займаецца паслугамі друку, стала асноўным абгрунтаваньнем датычнасьці да тыражаваньня «паклёпніцкіх зьвестак».
Летась 26 верасьня ў рамках крымінальнай справы паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп) у дома Ўлана і ў офісе прайшлі ператрусы, сілавікі канфіскавалі каляровыя прынтэры, сыстэмныя блёкі, пляншэты, тэлефоны — агулам блізу паўтара дзясятка адзінак. Прадпрымальніка падазравалі, што нібыта на ягоным абсталяваньні друкаваліся тыя самыя «крамольныя ўлёткі». І, хоць нічога не пацьвердзілася, справы не прыпынілі.
У той момант Рамуальда Ўлана падтрымалі ня толькі даўнія кліенты, а і неабыякавыя людзі — несьлі кампутары, прынтэры, паперу, каб ён мог працягваць дзейнасьць.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.