Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральніка на парлямэнцкіх выбарах асудзілі на 2 гады «хіміі» за паклёп на сябраў выбарчай камісіі


Аляксандар Аграйцовіч. Скрын з канала «Дзёньнікі назіральніка»
Аляксандар Аграйцовіч. Скрын з канала «Дзёньнікі назіральніка»

Суд Заводзкага раёну асудзіў 36-гадовага прадпрымальніка Аляксандра Аграйцовіча на 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову — так званай «хіміі». Абвінавачваньне патрабавала тэрміну ўдвая меншага.

Судзьдзя Дзьмітры Астапенка прызнаў Аляксандра Аграйцовіча вінаватым паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу — у тым, што на сваім youtube-канале «Дзёньнікі назіральніка» ў траўні 2020 году ён апублікаваў «заведама ілжывыя зьвесткі пра чальцоў выбарчай камісіі, якія зьнеслаўляюць іх гонар і годнасьць», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Гаворка пра выбары ў Палату прадстаўнікоў 2019 году. Пацярпелыя — 12 супрацоўніц менскай школы № 187: Марына Бегунова, Марына Дасько, Анжаліка Злаціна, Сьвятлана Клябанава, Ірына Кучук, Іна Мазур, Людміла Мірановіч, Эла Новікава, Алена Пажытак, Віталіна Расенік, Вольга Сецкая, Жанна Слаўнікава.

У відэа Аляксандар Аграйцовіч сказаў, што яны фальсыфікатары выбараў і што ў пэрыяд датэрміновага галасаваньня яны зьдзейсьнілі падробку дакумэнтаў. Відэа прагледзелі больш за 5 тысяч разоў.

Адзіную сьведку абароны папярэдзілі пра паседжаньне за 1,5 гадзіны да яго пачатку

На другое паседжаньне прыйшлі толькі 2 пацярпелыя па справе. Судзьдзя не задаволіў хадайніцтва Аграйцовіча выклікаць іншых пацярпелых у суд. Ня выклікалі ў суд і сьведак — іншых назіральнікаў з участку, супрацоўнікаў школы, якія падчас кампаніі фіксавалі, што выбары праходзяць без парушэньняў. Адзіную сьведку з боку абароны — назіральніцу на ўчастку — папярэдзілі пра паседжаньне за 1,5 гадзіны да яго пачатку. Яна пацьвердзіла разыходжаньні ў дадзеных камісіі і назіральнікаў.

Судова-лінгвістычная экспэртыза відэароліку вызначыла, што лексэма «бандиты-фальсификаторы» нясе нэгатыўны падтэкст, абразы экспэртыза не знайшла.

Адвакат Аляксандра Аграйцовіча ўпэўнены, што складу злачынства ў справе няма: паклёп прадугледжвае заведама ілжывыя сьведчаньні, а абвінавачаны неаднаразова казаў камісіі пра выяўленыя ім розначытаньні і зьвярнуў увагу на памылковыя дадзеныя ў пратаколах, якія потым сьпісалі на тэхнічныя памылкі. Адвакат падкрэсьліў, што з 944 чалавек, якія маюць права голасу, на датэрміновым галасаваньні ў чацьвер свой выбар зрабілі 158. Улічваючы, што працу вялі толькі 2 чальцы камісіі, а кабінка для галасаваньня была адна, такая колькасьць выбарнікаў павінна была стварыць ажыятаж — аднак яго не было.

Аляксандар Аграйцовіч у апошнім слове віну не прызнаў.

«Я ўпэўнены, што выбары сфальсыфікаваныя, — падкрэсьліў ён. — 11 чалавек з камісіі потым былі ў камісіі па прэзыдэнцкіх выбарах: па іх дадзеных, на парлямэнцкія выбары ў асноўны дзень прыйшло больш людзей, чым на прэзыдэнцкія — што тут казаць. Адміністрацыя зьнішчыла адзіныя дакумэнты, якія пацьвярджалі фальсыфікацыю на выбарах: сьпісы выбарнікаў, якія маюць права голасу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG