Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўца асудзілі на 2 месяцы арышту за палітычныя надпісы на асфальце


Палітычныя графіці ўМагілёве. Ілюстрацыйнае фота.
Палітычныя графіці ўМагілёве. Ілюстрацыйнае фота.

18-гадовага Сяргея Турунова прызналі вінаватым у псаваньні маёмасьці і нанясеньні шкоды дарожна-маставому прадпрыемству на суму 56 рублёў 73 капейкі.  

Хлопец у адным са спальных раёнаў гораду ў разгар леташніх пратэстаў напісаў фарбай на асфальтавым пакрыцьці і лесьвіцы лічбы «З%» і «80%». У яго дзеяньнях угледзелі злачынства і абвінавацілі ў парушэньні 341 артыкулу Крымінальнага кодэксу (“Апаганьваньне і псаваньне маёмасьці”).

11 сакавіка судзьдзя Аксана Ратнікава ў судзе Ленінскага раёну Магілёва пастанавіла пакараць Турунова 2 месяцамі арышту і прысудзіла выплаціць шкоду камунальнаму прадпрыемству. Цягам 10 дзён абвінавачаны мае права абскардзіць прысуд, што ён і будзе рабіць. Пакуль жа вырак не набыў моц. Тыя 10 дзён адведзены на пагашэньне пазоўных патрабаваньняў.

Сваю віну Турунаў прызнаў і раскаяўся, разам з тым не пагадзіўся, што расьпісваў ходнікі з групай асобаў. Паводле яго, надпісамі ён выказваў нязгоду з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў. Адвакатка прасіла суд аб паблажцы падабароннаму, зазначыўшы, што ён пакутуе ад псыхічнага расстройства.

Дзяржаўнае абвінавачаньне прасіла асудзіць Турунова на 3 месяцы арышту. Пракурорка адзначыла, што падсудны ня выплаціў шкоду камунальнаму прадпрыемству, а значыць, не ўсьвядоміў віны і не раскаяўся. Паводле яе, надпісы былі нанесеныя ў грамадзкім месцы і іх маглі бачыць іншыя асобы. Акрамя таго, пасудны быў нападпітку, што абцяжарвае віну.

Як вынікае з матэрыялаў справы, абвінавачаны зрабіў злачынства ў стане алькагольнага ап’яненьня ў групе нявызначаных асобаў у ноч з 14 на 15 жніўня. Хлопца затрымаў старшы прапаршчык Унутраных войскаў Яўген Марчанка, які выклікаў міліцыю. Турунова спачатку аштрафавалі за знаходжаньне ў грамадзкім месцы ў стане алькагольнага ап’яненьня, а ў канцы лістапада 2020 году супраць яго распачалі крымінальную справу за псаваньне маёмасьці. За прамінулы час ад надпісаў мала што засталося. Пакараньне для Турунова пачнецца з моманту ягонага затрыманьня. Пакуль ён на волі. Ад камэнтароў хлопец устрымліваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG