Як вынікае з афіцыйных камэнтароў Сьледчага камітэту, «Вясна» нібыта ажыцьцяўляе «фінансаваньне і іншае матэрыяльнае забесьпячэньне незаконных масавых мерапрыемстваў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК).
Цяпер праводзяцца ператрусы ў офісах рэгіянальных аддзяленьняў і кватэрах сяброў арганізацыі, выклікі на допыты і іншыя працэсуальныя дзеяньні.
«Лічым гэта абсалютна надуманым і галаслоўным абвінавачаньнем, а саму атаку на Праваабарончы цэнтар „Вясна“ — палітычна матываваным перасьледам, які мае на мэце спыніць дзейнасьць арганізацыі, запалохаць грамадзянскую супольнасьць, працягнуць нагнятаньне атмасфэры страху ў грамадзтве. Мы выказваем сваю салідарнасьць зь „Вясной“ і расцэньваем сытуацыю як помсту за актыўную праваабарончую дзейнасьць», — гаворыцца ў калектыўнай заяве, якую падпісалі 52 беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі.
Заяўнікі выказваюць рашучы пратэст перасьледу калегаў, аказаньня ціску на грамадзянскую супольнасьць і патрабуюць ад уладаў Беларусі:
- Спыніць перасьлед, арышт і іншы ціск на праваабаронцаў і актывістаў у сувязі зь іх законнай дзейнасьцю, у тым ліку ў аказаньні прававой, дабрачыннай і іншай дапамогі ахвярам рэжыму.
- Неадкладна спыніць крымінальны перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна» і яго сяброў.
- Вызваліць з-пад варты праваабаронцаў і валянтэраў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку, Тацяну Ласіцу, Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага, а таксама сотні іншых палітвязьняў.
- Забеспечыць гарантыі неўмяшаньня ў законную праваабарончую дзейнасьць, спыніць кампанію дыскрэдытацыі актывістаў грамадзянскай супольнасьці.
Аўтары звароту заклікалі міжнародныя арганізацыі і інстытуцыі публічна выказаць сваю ацэнку з нагоды перасьледу беларускіх праваабаронцаў, а таксама выкарыстоўваць разнастайныя спосабы ўплыву на зьмяненьне цяперашняй сытуацыі.
Поўны сьпіс падпісантаў ТУТ.