Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма, мужчына і жанчына. Жаночая зона


У сэрыі «Бібліятэка Свабоды» выходзіць кніга «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі». У кнізе — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Аўтарка гэтага цыклю, журналістка Алена Струвэ, атрымала за яго ў 2014 нацыянальную праваабарончую прэмію «Журналіст году».

У чэрвені-ліпені мы публікуем на сайце фрагмэнты кнігі. Замовіць друкаваны асобнік можна тут.​

ЖАНОЧАЯ ЗОНА


Сярэдняя беларуская «зэчка» — жанчына дзетароднага ўзросту: дзьве траціны зь іх маглі б на волі нараджаць дзяцей. Праўда некаторыя нараджаюць і за кратамі.

Пакараныя няволяй беларускі ўтрымліваюцца пераважна ў дзьвюх закрытых папраўчых установах — у Гомельскай жаночай калёніі № 4 для першаходак і ў Рэчыцкай ПК № 24 — для паўторна асуджаных, а таксама ва ўстановах адкрытага тыпу — «хімія», калёнія-пасяленьне.

Асуджаная жанчына падпарадкаваная тым самым рэжымным патрабаваньням, што і мужчына: адзіная форма адзеньня, неабходнасьць шыхтавацца, адсутнасьць асабістых рэчаў (акрамя зафіксаваных у пераліку, які ў жанчын амаль супадае з мужчынскім). Зьняволеная мае гэтулькі ж спатканьняў, пасылак, тыя самыя пакараньні, ажно да штрафнога ізалятара, або ў скароце ШЫЗА.


Усе жаночыя зоны — «чырвоныя»

Ад праваабаронцы

Тое, што ўсе жаночыя зоны «чырвоныя», на думку маскоўскай праваабаронцы Людмілы Альперн, наканаванае самой прыродай. У сваёй кнізе «Сон і ява жаночай турмы» яна піша:

Людміла Альперн
Людміла Альперн


— Гэта зьвязана з арганізацыяй жаночай псыхікі, існаваньнем асобы ў прасторы зоны. Для мужчын форма існаваньня ў выглядзе аднаполых калектываў — нармальная. Гэты калектыў адразу ж герархічна структуруецца, і ў выніку ўзьнікае вэртыкаль. Жаночая супольнасьць не такая. Жанчына існавала больш у прыватнай прасторы.

Калі браць публічную прастору, то да такой формы існаваньня жанчыне, адрозна ад мужчыны, трэба прыстасоўвацца. Вэртыкальныя стасункі ў іх не крышталізуюцца. Ствараюцца гарызантальныя сувязі, якія для жанчыны больш натуральныя. Гэта прыводзіць да таго, што жаночая супольнасьць за кратамі няздольная да супольнага супраціву.

Сярод абавязковых няпісаных правілаў, якія павінны выконвацца на жаночай зоне, — падпарадкаваньне зэчак так званай «старэйшай». Гэтая жанчына адказвае за парадак, каб у турэмнай камэры ці атрадзе калёніі не было забароненых прадметаў, каб сукамэрніцы выконвалі розныя прадпісаньні адміністрацыі.

Звычайна гэткія пасады займаюць жанчыны з «багатым» крымінальным ці турэмным досьведам. Адзін тып: зэчка, якой удалося захаваць чалавечыя якасьці і якая асуджае гвалт, дапамагае ў адаптацыі новенькім, сочыць за мірнымі ўзаемаадносінамі. Другі тып: жорсткая зэчка, якая прымушае астатніх «прагінацца пад сябе», рэгулюе іх жыцьцё на зоне.


Жаночае суіснаваньне


Ад турэмнага псыхоляга

Як мяркуе псыхоляг, былая супрацоўніца пэнітэнцыярнай сыстэмы Ірына, фэномэн жаночага злачынства трэба вывучаць. І псыхолягам, і журналістам, і сацыёлягам.

— Страціўшы свабоду, некаторыя жанчыны могуць ператварыцца ў жорсткіх фурый ці апусьціцца фізычна ды маральна «ніжэй за плінтус». Толькі той, хто меў кантакт з зэчкамі, разумее, што такое калектыў, які складаецца прыкладна з тысячы жанчын-злачынак рознага веку, сярод якіх і «гаспадарніцы», і дзетазабойцы, і наркаманкі, і зладзейкі, і каго толькі няма. Дзень за днём яны гадамі варацца ў сваім наглуха зачыненым катле.

Жанчыны-асуджаныя праходзяць шыхтом у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калёніі
Жанчыны-асуджаныя праходзяць шыхтом у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калёніі

«За кратамі ўвесь час адчуваецца нейкае напружаньне, — пісала на Свабоду 40-гадовая Валянціна. — Кожнае слова ўспрымаецца ў штыкі, кожнай здаецца, што яе хочуць неяк зьняважыць, абразіць. Нават на волі ў жаночых калектывах пануе нашмат больш агрэсіі, чым у мужчынскіх. За кратамі, да таго ж, даводзіцца станавіцца сьведкай або ўдзельніцай сытуацыяў, калі ўнутраная нябачная агрэсія выліваецца ў агрэсію фізычную. Слова за слова — сварка. Калі даходзіць да бойкі, то адміністрацыя карае. Таму адносіны высьвятляюць у капцёрках, на закрытых тэрыторыях».

Ад Дашы Б.

Асуджаная Гомельскай «чацьвёркі» Даша, якая правяла ў гэтай установе тры гады пачатку 2010-х, кажа, што неаднойчы была сьведкай гэткіх сцэнаў:

— «Зэчкі» сапраўды могуць скандаліць, абражаць, плявацца. Калі што, бягуць да адміністрацыі скардзіцца, бывае, гэта заканчваецца ШЫЗА. Пры замкнёным турэмным рэжыме ў жаночай агрэсіі няма ніякіх тармазоў. Калі ў мужчын за кратамі гэта рэгулюецца рознымі правіламі ды «паняцьцямі», то ў жанчын такіх рэгулятараў няма.

Дашы Б. няма і трыццаці. Вызвалілася з Гомельскай калёніі ў 2014-м. Гэтая прыгожая, сучасная, начытаная дзяўчына расказвае, што за кратамі сядзела аднойчы, аднак суджанасьцяў мела тры, усе зьвязаныя з наркотыкамі.

Першую атрымала ў 17-гадовым узросьце за ўжываньне і захоўваньне, аднак тады ўсё абышлося ўмоўным пакараньнем. Потым было пакараньне ў выглядзе ІТР (исправительные трудовые работы). На час апошняга суду за такое самае злачынства дзяўчыне было за дваццаць.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Даша расказвае, што ў жаночай зоне вялікае значэньне мае, які статус ты меў у грамадзтве да турмы.

— На зоне вялікае значэньне мае, «хто ты ёсьць». Ці са сталіцы ты, наколькі часта атрымліваеш перадачы, як часта да цябе прыходзіць пошта, якія ў цябе ўласныя рэчы, што ты ясі — свае харчы ці турэмныя. Менавіта паводле такіх паказчыкаў фармуецца стаўленьне турэмнай супольнасьці. Аднак для статусу за кратамі важнае ня только датурэмнае становішча, але і твае якасьці як асобы.

Адзін з паказчыкаў таго, што ў дзяўчыны былі неблагія стасункі зь іншымі зэчкамі, гэта яе прыналежнасьць да так званай «сям’і».


Жаночая сям’я: не пра «гэта»


«Сям’я» за кратамі, паводле саміх зьняволеных, ня мае нічога агульнага зь лесьбійскімі схільнасьцямі. Гэта перш за ўсё эканамічны саюз, калі жанчыны пачынаюць разам весьці гаспадарку: агульная ежа, рэгулярныя кантакты. Усё на глебе ўзаемных інтарэсаў, бо так лягчэй выжыць у няволі.

Сям’я Дашы складалася з трох дзяўчат. Да турмы ўсе яны вучыліся ва ўнівэрсытэце. Так званымі несямейнымі былі наркаманкі са стажам ды дзетазабойцы.

Апошняй катэгорыяй зьняволеных жанчыны ў турмах пагарджаюць найбольш.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

За час адседкі Даша бачыла прадстаўніц самых розных відаў жаночага крыміналу. Акрамя дзетазабойцаў былі тыя, хто належаў да так званага «матчынага бізнэсу» — гандлю дзецьмі, сэксуальнага спакушэньня малых, уцягваньня іх у палавыя стасункі з дарослымі. У атрадзе разам з Дашай была асуджаная на 20 гадоў жанчына, якая выкінула свайго дзіцёнка з акна: ціхая, увесь час глядзела ў падлогу, быццам баялася астатніх. Яшчэ была адна, якая пусьцілася з сужыцелем у працяглы запой, а дзіця тым часам сканала з голаду. Тая, здавалася, так нічога і не ўсьвядоміла.

Таксама ў СІЗА паказвалі на асобу, якая нібыта займалася пастаўкамі дзяўчат для замежных бардэляў. Яшчэ расказвалі пра арыштантак, якія мелі дачыненьне да гандлю дзіцячымі органамі, але сама Даша за кратамі такіх не сустракала.

Ад старых зэчак, якія правялі ў зьняволеньні гадоў па дваццаць, асуджаная чула, што калісьці арыштантцы за дзетазабойства, як і мужыку-пэдафілу, было лепш на зону не трапляць. На жаночай зоне такіх крымінальніц маглі рытуальна абліць вядром мачы, моцна зьбіць і нават забіць. Ім не было ні дараваньня, ні літасьці. Таму яшчэ на пачатку нулявых у лягеры такіх у мэтах бясьпекі трымалі асобна. Сёньня ж дзетазабойцы ў атрадах разам з усімі, а адміністрацыя нават дае ім кіраўнічыя пасады.

Як кажа Даша, сучасныя «зэчкі» не арыентуюцца на зладзейскія «паняцьці», як гэта магло быць калісьці. Ні «аўтарытэты», ні шмат чаго іншага з таго, што зьвязана з мужчынскай крымінальнай субкультурай, для крымінальніц-жанчын не ўласьцівае.


Лягерныя сяброўкі

Аднойчы Даша паглядзела відэа, прысьвечанае 70-годзьдзю Гомельскай калёніі. Гэта найстарэйшая жаночая турэмная ўстанова ў Беларусі.

Даша лёгка пазнавала карпусы — інтэрнат, фабрыку, школу, мэдчастку, клюб, Дом малюткі, многіх жанчын-сулягерніц. Вядома, сваю былую начальніцу, палкоўніка Сьвятлану Паходаву. Доўгі час яна была адзінай жанчынай у гісторыі краіны, якая стаяла на чале папраўчай установы. Цяпер Паходава на пэнсіі, і на зьмену ёй прыйшоў начальнік-мужчына. Яго Даша зусім ня ведае. А вось Паходава, кажа яна, была добрай кіраўніцай, некаторым дзяўчатам нават замяняла маці.

Калі на відэа зьявіліся кадры з Дому малюткі, што на тэрыторыі калёніі, Даша ўбачыла знаёмую:

— А вось Люся. За ўчыненае мужу-алькаголіку калецтва сядзець Люсі яшчэ шмат. А дачцэ хутка споўніцца тры гады. Паводле закону, дзеткі «зэчак» могуць знаходзіцца ў Доме малюткі толькі да трох гадоў, а потым іх пераводзяць найчасьцей у дзіцячы дом. Малую Люся зможа ўбачыць гадоў праз восем. Ці пазнае маму дзяўчынка?

Гісторыя яшчэ адной Дашынай сяброўкі Галіны нечым падобная. Сядзіць паводле арт.139. Забіла былога сужыцеля, бацьку сваёй малой, які прыйшоў высьвятляць адносіны, калі Галіна п’янствавала з новым кавалерам. У выніку разборкі былы трапіў у шпіталь. Потым адтуль пазванілі і сказалі, што памёр.

Дачцэ Галіны, якая цяпер жыве з бабуляй — ужо дзесяць. Сужыцель зьнік. Прывезьці ўнучку зь Віцебшчыны на спатканьне ў Гомель старая ня можа. Па-першае, ёй гэта цяжка фізычна, па-другое, няма і грошай на паездку. Само ж дзіцё яшчэ малое, каб езьдзіць самастойна.

Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky
Фота з Гомельскай жаночай калёніі. Аўтар Victor Strelkovsky

Вопытныя сукамэрніцы, адзначае Даша, лічылі, што сапраўдным забойцам хутчэй за ўсё быў каханак Галіны. Але ён пераканаў жанчыну ўзяць усё на сябе, маўляў, ёй нічога за гэта ня будзе. Галіна так і зрабіла, а ў выніку, што здараецца нярэдка, атрымала «па поўнай».

Яшчэ адна з тых, убачаных на відэа — Марына. Яна ўжо гады два як на волі. Адукаваная, камунікабэльная, неканфліктная. Адсядзела праз мужа за эканамічнае злачынства. Праз год пасьля вызваленьня зноў пакахала, выйшла замуж. Вельмі задаволеная. Гэта, бадай самы шчасьлівы лёс, Даша радуецца за сяброўку.

— За кратамі здаралася рознае. За час маёй адседкі і паміралі, і цяжаралі, замуж выходзілі. Нявесту мы ўсім атрадам апраналі і прычэсвалі. Вясельле ў жаночай калёніі — рэч больш рэдкая, чым у мужчынскай. Аднак у выніку гэты шлюб больш трывалы. Чула, што апошнім часам у сацсетках сустракаюцца аб’явы ад маладых мужчын кшталту: «Пазнаёмлюся з асуджанай ці той, якая адбыла тэрмін за кратамі для сур’ёзных стасункаў і супольнага будаўніцтва шчасьлівай сям’і».

Даша шкадуе, што ў рэпартажы не паказалі іх самадзейны тэатар, які выступаў са сваімі спэктаклямі нават у іншых калёніях. Тэатар дапамог многім зьняволеным — ахвярам сямейнага гвалту і вымушаным забойцам — ачуняць псыхалягічна.

Папярэднія публікацыі


«Турма, мужчына і жанчына». Мужчынская зона

«Турма, мужчына і жанчына». Тэрыторыя ЗК

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG