Жанчына заявіла ў інтэрвію сайту «Салідарнасьць», што гэта яе пратэст супраць гвалту, які стаў нормай у краіне.
Ірына Лучыновіч далучылася да агульнанацыянальнага страйку.
«Не супраціўляцца стала роўна бязвольлю, — тлумачыць яна матывы свайго ўчынку. — Я гэта зрабіла, каб на мае падаткі не куплялі дубінкі».
Ірына кажа, што яе падтрымала вялікая колькасьці калегаў, сяброў, а галоўнае, самыя блізкія людзі — мама і муж.
У «Белхімпрафсаюзе» Ірына Лучыновіч з 18 гадоў, ад 2008-га — старшыня паліміраўскай пярвічкі.
Ірына расказала, што яшчэ мінулым летам яе шакавала, як старшыня ФПБ Міхаіл Орда запэўніваў, што кожны сябра прафсаюзу падтрымлівае кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнку. Пасьля выбараў абурыла тое, што адбываецца гвалт. Наступны момант — прыпыненьне важнага пункту калектыўнай дамовы: звальненьне толькі са згоды прафсаюзу.
«Раней прафкам спрабаваў зразумець кожнага і нярэдка даваў чалавеку другі шанец. Летась у лістападзе дзеяньне гэтага пункту прыпынілі. Я тлумачу гэта тым, каб лёгка і проста звальняць непажаданых, у тым ліку тых, хто далучыўся да страйку. Людзі, закліканыя абараняць правы і свабоды сваіх выбарнікаў, проста здалі іх інтарэсы».
Яшчэ адным ударам для Ірыны Лучыновіч стала забойства ў Менску актывіста Рамана Бандарэнкі. Тады яна зразумела, што больш маўчаць ня можа, нешта трэба рабіць.
«Я размаўляла з работнікамі, але страх пранікаў у іх сэрцы з кожным днём усё мацней. Плюс вельмі магутна ціснуў наймальнік. Ва ўсіх сем’і, дзеці. І людзям даводзілася ісьці супраць сумленьня. Маўчаць і апускаюць вочы ад страху. Цяпер чалавека працы проста выкарыстоўваюць. Хоць павінна быць зразумела: заводакіраўніцтва мае працоўныя месцы, пакуль рабочы чалавек вырабляе прадукцыю».
Ірына далучылася да страйку 5 лютага. На пытаньне, чаму толькі цяпер, яна тлумачыць, што ўвесь гэты час «высьпявала».
«Апошняй кропляй стаў ліст, ініцыяваны кіраўніцтвам ФПБ. Яго спусьцілі і на мой прафсаюз. Ліст у Эўразьвяз з просьбай адмяніць санкцыі нібыта ініцыявалі работнікі. Але справа ў тым, што санкцыі распаўсюджваюцца не на заводы і рабочых. Таму гэта хлусьлівы ліст. Далі каманду зьбіраць подпісы. Я ня стала гэтага рабіць, пачалі ціснуць».