Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ня спрынт, а маратон». Пазытыўная размова з баскетбалісткай Сныцінай аб продажы мэдаля і змаганьні за перамены як каманднай гульні


Кацярына Сныціна
Кацярына Сныціна

Капітан жаночай зборнай Беларусі ў баскетболе Кацярына Сныціна, адна з падпісантак ліста вольных спартоўцаў, — пра мірную рэвалюцыю як маратон, гісторыю з продажам бронзавага мэдаля дзеля дапамогі рэпрэсаваным спартоўцам і змаганьне за перамены як камандную гульню.


Сьцісла:

  • Я стараюся сябе трымаць на пазытыўнай ноце, бо ў камандзе павінен быць нехта пазытыўны, хто ня толькі трымае ўдар, але і скажа ўсім: «Давайце, сабраліся, пагналі».
  • Баскетбол падобны да нашай барацьбы. Гэта камандная барацьба, гэта народная барацьба.
  • Лепей больш заўважаць пазытыўныя рэчы, якія з намі адбываюцца. Асабліва ў такія цёмныя часы.
  • Я вырашыла, што мой час надышоў, што для сваіх спартоўцаў я хачу зрабіць максымум, і выставіла на продаж самы важны, самы дарагі мэдаль у маёй кар’еры.
  • Праект «Жнівень-2020» немагчыма чытаць бязь сьлёз. Ніхто не прыехаў і не пабіў беларусаў. Беларусаў пабілі беларусы. Гэтага я не магу дараваць.
  • Улады недаацанілі жанчын, у гэтым наша перавага аказалася.


«Немагчымае магчыма» як жыцьцёвае крэда


— Калі і зь якой нагоды вы яе зрабілі тату на руках «Немагчымае — магчыма»? І як гэты дэвіз адпавядае цяперашняму настрою?

Кацярына Сныціна
Кацярына Сныціна

— Я зрабіла яе ў 19 гадоў. Мне здавалася і дагэтуль здаецца, што немагчымае магчыма. Гэтая фраза застаецца са мной усё жыцьцё. Мы вельмі часта апускаем рукі, калі не атрымліваецца дасягнуць посьпеху хутка і лёгкім шляхам. У мяне шмат не атрымлівалася ад самага пачатку. І гэта напамін самой сабе, што немагчымае магчыма, што спыняцца — гэта не варыянт.

— Тое, што мы з вамі размаўляем, азначае, што ўмова ў кантракце, якую вам паставіла Беларуская фэдэрацыя баскетболу — узгадненьне кантактаў са СМІ — для вас па-ранейшаму непрымальная, і вы працягваеце даваць інтэрвію і выказваць свае думкі...

— У маім папярэднім кантракце не было такога пункту, і ён дзейны да канца сакавіка, таму я магу гаварыць са СМІ, а магу і не гаварыць. Што будзе празь месяц? Ня ведаю, ці падпішуць мне кантракт. Я проста выкрасьліла гэты пункт з кантракту, напісала, што ня згодная, і падпісала кантракт. Гэта будзе ўжо іх рашэньне. Усё пачалося ў мінулую пятніцу, калі мне паведамілі, што такі кантракт ня могуць падпісаць. Я даслала наймальніку дадатковыя пытаньні. Мы размаўляем у панядзелак, адказу пакуль няма.

— Але вы цьвёрда стаіце на тым, што ня будзеце ўзгадняць, каму і пра што даваць інтэрвію?

— Я не ўяўляю, як гэта можа быць. Я прасіла іх удакладніць, што значыць гэты пункт. Што я павінна ўзгадняць? З кім узгадняць? Колькі ў іх часу на ўзгадненьне? Што будзе, калі яны ня ўзгодняць? Які сьпіс СМІ, зь якімі я абавязаная ўзгадняць інтэрвію, а зь якімі СМІ ня трэба ўзгадняць, а зь якімі няма шанцаў узгадніць? А мае сацыяльныя сеткі? Ці трэба ўзгадняць сацсеткі, ці ня трэба?

Пасьля афіцыйных гульняў, калі заканчваецца матч, выходзіш з пляцоўкі, і ты ня можаш пайсьці адразу ж у разьдзявалку, ты абавязаны прайсьці па калідоры, дзе стаяць журналісты сусьветных СМІ. І што мне рабіць? Бегчы ўзгадняць ці праходзіць, апусьціўшы галаву? На большасьці чэмпіянатаў Эўропы і сьвету менавіта як капітан я іду на прэсавую канфэрэнцыю, якая праходзіць праз 15 хвілін пасьля гульні. Узгадняць ці не ўзгадняць? Шмат незразумелага.

— А ці шмат спартоўцаў цяпер па такіх правілах жыве? Напэўна, таму іх інтэрвію і ня чуем...

— Раней ніхто не прыдумляў, каб гэта ўзгаднялі. Вядома, у маім кантракце ёсьць запіс, што я павінна ўзгадваць зборную, нацыянальную каманду, фэдэрацыю ў найлепшым сьвятле. Зразумела, што ты ня будзеш паліваць брудам, бо гэта твая сямʼя. Ведаю, што цяпер многія спартоўцы ў многіх відах спорту падпісалі гэта, але гэта не мая пазыцыя. Я не ўяўляю і самога ўзгадненьня, і таго, што я не магу выказацца пра тое, давайце будзем шчырымі, што адбываецца ў краіне.


«Выбар бяз выбару»


— Што адбываецца ў Нацыянальным алімпійскім камітэце цяпер? Зьмянілася кіраўніцтва. Як вы гэта ацэньваеце?

— Гэта быў выбар бяз выбару. Мы чакаем рэакцыі МАК. Першы крок зроблены, бо Віктар Лукашэнка, Дзьмітры Баскаў і Любоў Чаркашына і так знаходзяцца пад санкцыямі МАК. Раней было паседжаньне МАК, на якім Бах сказаў, што яны чакаюць вынікаў паседжаньня НАК Беларусі. Чакаў ён празрыстасьці ці адкрытасьці, ня ведаю. Канчатковае рашэньне МАК аб беларускім НАК пакуль не прынята. Я думаю, што пазьней будзе велізарная дзейнасьць па вяртаньні НАК у рамкі прававога поля. Было звольнена шмат спартоўцаў за тое, што яны падпісалі наш ліст, парушаная Алімпійская хартыя, усё гэта трэба выпраўляць і не шукаць вінаватых на Захадзе. Мы чакаем канчатковага рашэньня МАК.

— У спорце, у каманднай гульні ёсьць свае законы, свая тактыка і стратэгія. Ці можна спартовую барацьбу ў пэўным сэнсе параўнаць з тым, што адбываецца ў Беларусі апошнія больш як 200 дзён? Натуральна, гэта не гульня па правілах. Але, магчыма, ёсьць іншыя паралелі, у тым ліку са спартовым характарам, з воляй да перамогі, з падрыхтоўкай да барацьбы?

— Характар мы ўжо паказалі. Мы прынялі тое, што гэта ня спрынт, а маратон. 210 дзён мінула, але здаецца, што вечнасьць. Уявіце баскетбольную каманду. Выходзяць 5 чалавек і пачынаюць гуляць. Дрэнна, добра — няважна. Ёсьць яшчэ ззаду людзі, якія цябе могуць замяніць, калі нешта ня пойдзе. Ёсьць людзі, якія цябе падбадзёрваюць. Ты не застаесься на пляцоўцы адзін на адзін, сам па сабе. Ёсьць дзяўчаты ў камандзе, ёсьць заўзятары, якіх мы чуем... Гэта ўсё падобна да нашай барацьбы. Гэта камандная барацьба, гэта народная барацьба.

Часам цяжка. Часам нешта натхняе, часам нешта «прыбівае» да падлогі, эмоцыі на нулі і гэтак далей. Але тут таксама ўключаецца камандны дух. Я асабіста не магу пакутаваць доўга праз тое, што за суткі не магу прачытаць ніводнай добрай навіны ў навінавай стужцы. Гэта «прыбівае», але ёсьць людзі, якіх гэтая сытуацыя «прыбівае» нашмат болей, якія пацярпелі сёньня. Яны мне пішуць, я зь імі кантактую. Я стараюся сябе трымаць на пазытыўнай ноце, бо ў камандзе павінен быць нехта пазытыўны, нехта, хто ня толькі трымае ўдар, але і скажа ўсім: «Давайце, сабраліся, пагналі, сёньня, цяпер».

Гэта камандны від спорту, за гэтыя 6 месяцаў я займела людзей. Як Лена Леўчанка нядаўна сказала, што яна займела яшчэ адну зборную — людзей, якіх яна падтрымлівае і якія яе падтрымліваюць. І гэта ня толькі спартоўцы, гэта сотні тысяч беларусаў, зь якімі я кантактую. Людзі дагэтуль змагаюцца...

— А вы кажаце, ніводнай пазытыўнай навіны...

— Гэта крыху зьліваецца. Столькі дрэнных навінаў навальваецца, што часам здаецца, што нічога добрага не адбываецца. Я задаю сабе пытаньне, ці адбылося 1 сакавіка нешта добрае — нібыта і ня бачу. А з другога боку — гэта людзі, сьветлыя, чулыя, добрыя, якія віншуюць адзін аднаго з 1 сакавіка. Неймаверныя дзяўчаты ў чырвоным адзеньні з кветкамі выйшлі. Лепей больш заўважаць пазытыўныя рэчы, якія з намі адбываюцца. Асабліва ў такія цёмныя часы.

— Як вы мяркуеце, ці ёсьць спартовы характар у тых, хто пад ціскам і праз страх падпісаў праўладны ліст спартоўцаў?

— Спартовы характар, напэўна, у іх ёсьць, бо ён выпрацоўваецца ў любога спартоўца. А вось характар, каб пастаяць за свае перакананьні — тут ёсьць у мяне сумневы. Нельга ўжо не разумець, не заўважаць, не ўсьвядоміць таго, што адбываецца насамрэч у краіне. І нават пад гэтым ціскам падпісваць лісты... Для мяне гэта людзі, у каго сапраўды слабы характар.


«Яны падтрымлівалі мяне ўсё жыцьцё, і ў гэты момант я не магла прамаўчаць і не падтрымаць свой народ»



— Калі і як зьмяніліся вы пасьля лета 2020 году?

— Гэта было 12 жніўня 2020 году. Усе тры дні я глядзела навіны пра тое, што адбываецца ў Беларусі, на вуліцах майго гораду, і ня верыла, што рэжым так абыходзіцца з народам, уласнымі грамадзянамі, якія выйшлі з узьнятымі рукамі і жаданьнем дамагчыся праўды. Я сачыла і на трэці дзень зразумела, што не магу маўчаць. Было немагчыма дазваніцца да тых, хто ў Менску, мне ніхто не адказваў. Як адрэзаная краіна, я пісала дзясяткам людзей, і ўсе маўчалі, ніхто не атрымліваў маіх паведамленьняў. Гэта было страшна. Гледзячы на гэта, я не магла прамаўчаць. Колькі гадоў я гуляю, за намі на спаборніцтвы езьдзяць нашыя заўзятары, колькі людзей у Палац спорту прыходзілі нас падтрымаць. Яны падтрымлівалі мяне ўсё жыцьцё, і ў гэты момант я не магла прамаўчаць і не падтрымаць свой народ і не абурыцца тым, што адбываецца.

Як прадавалі бронзавы мэдаль

— Раскажыце гісторыю пра бронзавы мэдаль чэмпіянату Эўропы — 2007, які вы прадалі, каб дапамагчы пацярпелым.

— Мы пэрыядычна выстаўляем свае ўзнагароды, мэдалі, нешта з атрыбутыкі на продаж для падтрымкі фонду спартовай салідарнасьці ў падтрымку рэпрэсаваных спартоўцаў. Ня тое што мая чарга прыйшла, я проста вырашыла, што мой час надышоў, што для сваіх спартоўцаў я хачу зрабіць максымум. І выставіла самы важны, самы дарагі мэдаль у маёй карʼеры, бо зь яго ўсё пачалося, ня толькі мая карʼера, але і жаночая зборная, якая моцна гучала на працягу 10–12 гадоў у Эўропе і сьвеце.

Гэты лот трымаўся 10 дзён, людзі перабівалі цану, у выніку яго купіў немец за 10 100 эўра. Як выявілася, у маладосьці ён два гады жыў у Менску, вучыўся на архітэктара, потым дапамагаў зь іншымі немцамі будаваць дзіцячы лягер для чарнобыльскіх дзяцей. Ён добра ведае, хто такія беларусы. Да таго ж калісьці ён дапамагаў перакладаць для баскетбольнай каманды падчас спаборніцтваў. Ён кожны год прыяжджае ў Беларусь і разумее, што такое мэдаль для гульца. Як ён мне потым расказаў, у яго са жніўня была думка: «Як я магу ім дапамагчы?» Нічога ня мог прыдумаць, але калі пабачыў інфармацыю пра продаж мэдаля, вырашыў, што гэта тое, чым ён можа дапамагчы беларусам у іх барацьбе. Гэта тое, што называецца салідарнасьць. Я разумею, што гэта наша барацьба і што, акрамя беларусаў, ніхто ня зможа зрынуць рэжым, але тое, што нам дапамагаюць людзі з-за мяжы, надае сілаў.

— Вы цяпер граеце за турэцкі клюб «Нэсібе Айдын» з Анкары, але застаяцеся ў зборнай. Які прэсінг, ціск ці рэпрэсіі вы адчулі за сваю грамадзянскую пазыцыю?

Кацярына Сныціна
Кацярына Сныціна

— Толькі праблемы з кантрактам. На фоне таго, што адбывалася з нашымі спартоўцамі, якіх звальнялі, да якіх прыяжджалі з тлумачальнымі размовамі, — мяне гэта ўсё абмінула. Цяпер з кантрактам разьбяромся.

— Ці даруеце вы сілавікам?

— Першыя месяцы мне здавалася, што мы павінны ім дараваць, ня дзеля іх, а дзеля саміх сябе. Але потым я вырашыла, што не змагу ім дараваць... Цяпер запусьцілі праект «Жнівень-2020», у якім пацярпелыя дзеляцца сваімі гісторыямі. Мне пашчасьціла паўдзельнічаць у ім. Гэта немагчыма чытаць бязь сьлёз. Самае страшнае, што мяне шакавала, што гэта рабілі самі беларусы. Ніхто не прыехаў і не пабіў беларусаў. Беларусаў пабілі беларусы. Гэтага я не магу дараваць.


«26 гадоў жанчын разглядалі як супэрляяльны электарат»


— Вельмі часта гавораць пра тое, што Аляксандар Лукашэнка недаацаніў жанчын, гаворачы і пра тое, што жанчына ня можа быць прэзыдэнтам, дазволіўшы рэгістрацыю Ціханоўскай, бо ня верыў у перамогу нібыта простай хатняй гаспадыні. Жанчыны сапраўды адыгрываюць велізарную ролю ў мірнай беларускай рэвалюцыі. Як вам здаецца, наколькі ўзаемазьвязаныя патрыярхат з аўтарытарызмам і дыктатурай?

Кацярына Сныціна
Кацярына Сныціна

— 26 гадоў жанчын разглядалі як супэрляяльны электарат, не лічылі, што жанчынам цікавая палітыка, што жанчына можа быць у палітыцы менавіта ў Беларусі. І заява, што Канстытуцыя не пад жанчыну, — усё гэта наступства патрыярхальнай сыстэмы. Як спартоўка я бачу на тых жа Алімпійскіх гульнях, што жанчыны могуць рабіць ня горш за мужчын. У сваёй катэгорыі, бо гэта спорт. Тут жа, калі трэба думаць галавой, я не разумею разьдзяленьня на мужчын і жанчын. Недаацанілі, у гэтым наша перавага аказалася. Асабліва калі неймаверныя жанчыны выйшлі на 3–4 дзень пасьля 9 жніўня да Камароўскага рынку з кветкамі — гэта агонь.


Другое дыханьне на пачатку вясны


— Які ваш настрой як спартоўкі, як грамадзянкі ў першыя дні вясны?

— Многія ведаюць выраз пра другое дыханьне. У мяне была тыдні два таму дэпрэсія (беларусы ведаюць, што гэта такое). Тады пачаліся суды над журналісткамі, на мяне гэта моцна паўплывала. Але цяпер я адчуваю, што адкрылася другое дыханьне. Ёсьць сілы, я бачу, да чаго мы ідзём, я бачу, колькі людзей вакол мяне, колькі людзей падтрымліваюць адзін аднаго. 97%, нічога іншага ня ведаю. Ёсьць энэргія, якой, спадзяюся, змагу падзяліцца з усімі. Я ведаю, я не знаходжуся ў краіне, але я пастараюся зрабіць усё, што змагу. XXI стагодзьдзе, кампутар, тэлефон — усё ёсьць. Буду па максымуме рабіць усё, што магу, падтрымліваць свой народ, і са сваімі спартоўцамі мы будзем дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці.

— Вы назвалі тое, што адбываецца ў Беларусі, маратонам. На якім прыкладна мы кілямэтры цяпер?

— Засталося менш, чым ужо прайшлі. Таму вясна наша.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG