Вядомыя беларускія спартоўцы напісалі ліст на імя прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) Томаса Баха, у Выканаўчую раду МАК і ў Камісію спартоўцаў МАК, у якім папрасілі зьвярнуць увагу на дыскрымінацыю па палітычных матывах 22 беларускіх атлетаў на фоне пратэстаў.
Ліст перадаў РБК прэс-сакратар Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў Беларусі SOS BY Яўген Мядзьведзеў.
«Тыя, хто ня згодны з палітыкай уладаў і з ужываньнем сілы, зазналі розныя формы псыхалягічнага гвалту і дыскрымінацыі з боку дзяржаўных органаў, уключаючы [Нацыянальны алімпійскі камітэт] НАК і Міністэрства спорту Беларусі. Гаворка ідзе пра звальненьні, адхіленьні ад спаборніцтваў,у на ўдзел у спаборніцтвах зборных камандаў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Падпісанты папрасілі МАК:
- правесьці належнае расьсьледаваньне фактаў дыскрымінацыі і гвалту ў дачыненьні да беларускіх спартоўцаў;
- прыняць меры, прадугледжаныя Алімпійскай хартыяй, у дачыненьні да НАК Беларусі. У прыватнасьці, прыпыніць фінансаваньне сяброўства нацыянальнага камітэту ў МАК да нармалізацыі сытуацыі;
- дапамагчы спартоўцам, якія пацярпелі ад незаконнай дыскрымінацыі, удзельнічаць у спартовых мерапрыемствах пад эгідай МАК.
Свае подпісы пад зваротам, у прыватнасьці, паставілі капітан жаночай зборнай Беларусі па баскетболе, бронзавы прызэр чэмпіянату Эўропы Кацярына Сныціна, чэмпіён Эўропы ў плаваньні Яўген Цуркін, трохразовая прызэрка Алімпійскіх гульняў у плаваньні, чэмпіёнка сьвету Аляксандра Герасіменя, чэмпіён сьвету і Эўропы па самба Сьцяпан Папоў.
Раней, калі стала вядома пра намер беларускіх спартоўцаў зьвярнуцца ў МАК, журналісты Deutsche Welle накіравалі запыт у Міжнародны алімпійскі камітэт. У МАК, правілы якога забараняюць рабіць палітычныя заявы на алімпійскіх аб’ектах, адказалі DW, што ня маюць «ні мандату, ні магчымасьці зьмяніць законы ці палітычную сыстэму сувэрэннай дзяржавы», але дадалі, што зьвязаліся з НАК Беларусі, каб «растлумачыць сытуацыю».
«Калі спартовец будзе адхілены ад удзелу ў алімпійскай зборнай за тое, што ён ці яна выказалі сваю палітычную пазыцыю, МАК, вядома, расьсьледуе такі выпадак», — запэўнілі ў Міжнародным алімпійскім камітэце.