Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя беларускія спартоўцы заклікалі калегаў аб’яднацца і падтрымаць пратэсты


Спартоўцы на маршы 30 жніўня
Спартоўцы на маршы 30 жніўня

Вядомыя беларускія спартоўцы зьвярнуліся да сваіх калегаў з просьбай абʼяднацца і падтрымаць сваёй пазыцыяй акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія апошнія 3 тыдні праходзяць па ўсёй краіне.

Таксама яны заявілі аб стварэньні Вольнага абʼяднаньня спартоўцаў Беларусі і заклікаюць іншых да яго далучацца. Свае звароты да калегаў з заклікам далучацца да новага аб'яднаньня накіравалі:

  • Аляксандар Апейкін, заснавальнік гандбольнага клюбу «Віцязь», каардынатар Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, інспэктар па маркетынгу Эўрапейскай гандбольнай фэдэрацыі;
  • Канстанцін Якаўлеў, галоўны трэнэр гандбольнага клюбу «Віцязь», майстар спорту, шматразовы чэмпіён і ўладальнік кубка Беларусі, срэбны прызэр кубка Польшчы;
  • Кацярына Сныціна, капітан нацыянальнай каманды Беларусі па баскетболе, бронзавы прызэр чэмпіянату Эўропы, двойчы ўдзельніца Алімпійскіх гульняў;
  • Надзея Астапчук, заслужаны майстар спорту, чэмпіёнка сьвету і Эўропы па лёгкай атлетыцы (штурханьне ядра), рэкардсмэнка Беларусі;
  • Артур Удрыс, сябра нацыянальнай зборнай па валейболе, бронзавы прызэр клюбнага чэмпіянату сьвету, расейскай супэрлігі, кубка Паўднёвай Карэі, кубка і чэмпіянату Катара, трохразовы чэмпіён РБ;
  • Ягор Мешчаракоў, майстар спорту, чэмпіён Эўропы U22 у 1994 годзе, чэмпіён Беларусі, Украіны,віцэ-чэмпіён Расеі, гулец Нацыянальнай зборнай Беларусі 1995–2012, 5 разоў прызнаны найлепшым гульцом Беларусі;
  • Мікіта Мешчаракоў, сябра нацыянальнай каманды па баскетболе 3×3, прызэр Эўрапейскіх гульняў, васьміразовы чэмпіён Беларусі па баскетболе;
  • Аляксандра Герасіменя, трохразовы прызэр Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка сьвету і Эўропы;
  • Алена Леўчанка, майстар спорту міжнароднага клясу, бронзавы прызэр чэмпіянату Эўропы. фіналістка WNBA, удзельніца дзьвюх алімпіяд;
  • Сьцяпан Папоў, чэмпіён сьвету і Эўропы, першых Эўрапейскіх гульняў, заслужаны майстар спорту Беларусі, уладальнік міжнароднай узнагароды Fair Play.

Сябра нацыянальнай каманды па баскетболе Мікіта Мешчаракоў адзначыў, што ня можа заставацца абыякавым да таго, што адбываецца ў краіне — да гвалту, беззаконьня, ціску і пагрозаў звальненьня.

«Доўгі час мы прадстаўлялі Беларусь на міжнароднай арэне. Нас падтрымлівалі нашы людзі. Сёньня мы ня можам заставацца ўбаку і павінны падтрымаць іх сваім словам, сваёй пазыцыяй. Я ведаю, што многія спартоўцы безь вялікіх рэгалій думаюць, што іх думка нязначная. На самой справе сёньня важная думка кожнага чалавека. Зараз чалавечыя вартасьці вышэйшыя за ўсе ўзнагароды і дасягненьні», — сказаў ён.

Ягор Мешчаракоў кажа, што «больш ня можа глядзець, як нашых дзяцей, сваякоў і простых грамадзян зьневажаюць, б’юць і прымаюць за, прабачце, быдла» і што беларусы ўжо «прайшлі пункт невяртаньня» і «тут і цяпер вырашаецца лёс нашай краіны».

Лёгкаатлетка Надзея Астапчук у сваім звароце сказала, што падтрымка спартоўцаў важная для ўдзельнікаў акцый пратэсту. Паводле яе, чэмпіёнскі характар «ня можа дазволіць заставацца ўбаку і маўчаць».

Баскетбалістка Кацярына Сныціна прызнаецца, што за сваё жыцьцё ніколі не галасавала на выбарах, бо лічыла, што яе голас нічога ня вырашыць, але «гэты жнівень зьмяніў яе думку пра саму сябе»: убачыўшы фатаздымак дзядулі, які стаіць на пратэсьце супраць байца АМАП, яна «выбрала больш не маўчаць пра тое, што адбываецца», а «стаяць за сваё права хацець пераменаў, за права на лепшае жыцьцё».

«У гэты вырашальны момант для жыцьця нашай краіны, нашага народу кожны беларускі спартовец павінен задаць сабе пытаньне: «Ці варты я адстойваць гонар краіны, калі не магу адстаяць свой?» — кажа плыўчыха Аляксандра Герасіменя.

«Настаў час, калі мы, беларускія спартоўцы, становімся заўзятарамі для свайго народу», — падкрэсьлівае ў сваім звароце Алена Леўчанка.

Усе звароты цалкам можна прачытаць тут.

Пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня ў Беларусі працягваюцца масавыя пратэсты і страйкі з патрабаваньнем правядзеньня новых, сумленных выбараў, а таксама адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў вядомыя беларускія спартоўцы ў сваіх сацсетках крытыкавалі затрыманьні мірных грамадзян на пікетах салідарнасьці. Пазьней некаторыя зь іх расказалі, што ім самім і іхным трэнэрам забаранілі кантактаваць зь недзяржаўнымі СМІ ў палітычных пытаньнях пад пагрозай «непажаданых наступстваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG