Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра перамовы з Пуціным у Сочы: «Пытаньне трансфэру ўлады не ўздымалася»


"Гарналыжнікі" Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
"Гарналыжнікі" Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

2 сакавіка Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду аб беларуска-расейскім супрацоўніцтве ў вайсковай сфэры. Сярод іншага ён расказаў пра лютаўскую сустрэчу з расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным.

«Пасьля перамоваў у Сочы з прэзыдэнтам Расеі мы дамовіліся, што шэраг пытаньняў абмяркуем на ўзроўні кіраўнікоў урадаў і сілавога блёку. Шмат пісалі пра гэтую сустрэчу; на жаль, 70% — поўная брахня і выдумкі. Я нават не зьбіраюся пералічваць усё, што абмеркавалі. Зазналі рэвізію літаральна ўсе пытаньні беларуска-расейскіх стасункаў», — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Паводле Лукашэнкі, у Сочы абмяркоўвалася ўзаемадзеяньне ў фармаце саюзнай дзяржавы, пытаньні каапэрацыі і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва, а таксама супрацьстаяньне розным выклікам, у тым ліку вонкавым.

«Пры гэтым, напрыклад, тэма даваньня Беларусі расейскага крэдыту не абмяркоўвалася, і яе першапачаткова не было ў парадку дня. Таксама не ўздымалася пытаньне так званага трансфэру ўлады, пра што пісалі некаторыя рэсурсы», — сказаў Лукашэнка.

Акрамя таго, ён закрануў пэрспэктывы так званай «саюзнай дзяржавы» з Расеяй:

«Па-першае, сёньня сьвет зьмяніўся настолькі, што размова аб тым, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі ці наадварот, не стаіць. Было б па-дурному нават працаваць у гэтым кірунку. Па-другое, гэта абсалютна ня трэба. Таму што, існуючы як сувэрэнная незалежная дзяржава, мы можам выстраіць такую сыстэму адносінаў, што яна будзе больш магутнай, чым у самой Расейскай Фэдэрацыі ўзаемаадносіны асобных тэрыторый», — лічыць ён.

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна 22 лютага ў Сочы доўжыліся больш за шэсць гадзін, афіцыйных заяваў па выніках не было. Акрамя пратакольнай сустрэчы, яны пакаталіся на лыжах і сьнегаходах, разам паабедалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG