Абсалютная большасьць нападаў на журналістаў і мэдыя зьвязаныя з асьвятленьнем прэзыдэнцкіх выбараў і акцыяў пратэсту пасьля іх, гаворыцца ў справаздачы Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Паводле арганізацыі, летась зафіксавана 481 затрыманьне, што ўдвая больш, чым за папярэднія шэсьць гадоў. Да таго «пікавым» годам быў поствыбарны 2011-ы, калі журналістаў затрымлівалі 167 разоў. Амаль столькі ж было толькі ў жніўні 2020-га — 160.
Затрыманьні і арышты часта суправаджаліся гвалтам, пашкоджаньнем і канфіскацыяй прафэсійнай тэхнікі, выдаленьнем зьнятых матэрыялаў.
Мела месца выкарыстаньне агнястрэльнай зброі ў адносінах да журналістаў падчас працы на акцыях. Так, 10 жніўня карэспандэнтка «Нашай Нівы» Натальля Лубнеўская была параненая гумовай куляй, калі адзін з супрацоўнікаў праваахоўных органаў прыцэльна стрэліў ёй у нагу.
Крымінальны перасьлед зазналі 15 прадстаўнікоў мэдыя, 9 зь якіх да пачатку 2021 году заставаліся за кратамі. Найбольшы розгалас атрымалі справы супраць супрацоўніц тэлеканалу «Белсат» Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай за стрым з «плошчы Пераменаў», а таксама журналісткі парталу TUT.by Кацярыны Барысевіч «за разгалошваньне лекарскай таямніцы» супольна з мэдыкам Арцёмам Сарокіным.
Пры канцы мінулага году пачатая крымінальная справа супраць кіраўніцтва і мэдыямэнэджараў «Прэс-клюбу» за «парушэньне падатковага заканадаўства». Таксама ўзяты пад варту журналіст і праваабаронца Андрэй Аляксандраў.
Паводле маніторынгу, улады ўзмацнілі сыстэмны ціск ва ўсіх сфэрах, зьвязаных з мэдыя.
Гэта тычыцца блякаваньня інтэрнэту ў першыя дні пасьля выбараў і падчас масавых акцыяў; абмежаваньня доступу да сайтаў, якія асьвятляюць палітычную сытуацыю; пазбаўленьня статусу СМІ парталу TUT.BY; ціску на папулярныя Telegram- і Youtube-каналы ды лякальныя чаты; стварэньня перашкодаў для друку і распаўсюду шэрагу недзяржаўных газэтаў; пазбаўленьня акрэдытацыі ўсіх карэспандэнтаў замежных СМІ, акрамя расейскіх.
Сярод іншых блогераў затрымалі і кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка. Гэта здарылася 25 чэрвеня пасьля ператрусу ў яго дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер — звыш 400 тысяч).
На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязьнем.