Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты абскардзілі вырак Андрэевай і Чульцовай, яшчэ раз патлумачыўшы, чаму журналісткі не вінаватыя 


Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў судзе 18 лютага.
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў судзе 18 лютага.

26 лютага адвакаты падалі апэляцыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд на вырак у справе Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай.

Адвакат Сяргей Зікрацкі расказаў у фэйсбуку, пра што заяўлена ў іхнай скарзе ў Менскі гарадзкі суд.

Асноўныя тэзісы апэляцыйнай скаргі адвакатаў:

Парушэньня грамадзкага парадку не было

Падзеі 15 лістапада 2020 года ўвогуле нельга назваць дзеяньнямі, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Міжнародныя прававыя нормы гарантуюць грамадзянам права на мірныя сходы. І 15 лістапада грамадзяне рэалізоўвалі гэтае сваё права — яны прыйшлі ўшанаваць памяць памерлага за некалькі дзён да гэтага Рамана Бандарэнкі, праявіць смутак і салідарнасьць, а таксама запатрабаваць ад дзяржавы прыняцьця захадаў для расьсьледаваньня яго сьмерці, а таксама для абароны асобаў, якія выказваюць іншы, альтэрнатыўны пункт гледжаньня, што не супадае з афіцыйнай пазыцыяй дзяржаўных органаў.

У пэўны момант усю прастору для пешаходаў і прыдамовыя тэрыторыі «плошчы Пераменаў» і каля яе, а таксама на суседніх вуліцах былі запоўненыя пратэстоўцамі. І пратэстоўцы, празь іх шматлікасьць (некалькі тысяч чалавек), вымушаныя былі выйсьці на праезную частку. У судовым паседжаньні не здабыта ніводнага доказу, які сьведчыць пра тое, што такі спантанны выхад на праезную частку быў арганізаваны кім бы там ні было. Наадварот, відавочна, што такі выхад на праезную частку быў выкліканы выключна вялікай колькасьцю пратэстоўцаў у той дзень.
Улічваючы права грамадзян на мірныя пратэсты і абавязак дзяржавы паважаць гэтае права і забясьпечваць яго рэалізацыю, выхад грамадзян на праезную частку ня толькі не зьяўляецца грубым парушэньнем грамадзкага парадку, але і наогул зьяўляецца цалкам дапушчальным ў такой сытуацыі.

Непадпарадкаваньня законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады не было

Судом не ўстаноўлена фактаў непадпарадкаваньня законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады.

А гэта неабходная ўмова для прыцягненьня да адказнасьці па гэтым артыкуле. У выраку ўказана, што яно было. Пры гэтым у прысудзе не прыведзена ніводнага доказу такога непадпарадкаваньня.
Нам не расказалі, хто і якія законныя патрабаваньні прадʼяўляў і ў чым выяўляўся непадпарадкаваньне.

Ня высьветлена, хто спыніў працу транспарту

Судом не ўстаноўлена, што менавіта дзеяньні ўдзельнікаў масавай акцыі пацягнулі парушэньне працы транспарту.
Транспарт не хадзіў, гэта факт. Але чаму ён не хадзіў — гэта пытаньне прынцыповае для доказу законнасьці прыцягненьня да адказнасьці паводле гэтага артыкулу. Пратэстоўцы выйшлі на праезную частку і заблякавалі рух? Або праваахоўныя органы перакрылі праезную частку, каб ня даць пратэстоўцам прайсьці? А можа, праваахоўныя органы перакрылі праезную частку, каб гарантаваць бясьпеку ўдзельнікаў масавай акцыі?
Правільны адказ аб прычынах і храналёгіі абмежаваньня руху транспарту зьяўляецца вельмі важным для кваліфікацыі паводле гэтага артыкулу.

Суд ня толькі сам не ўстанавіў прычыны і храналёгію, але і не задаволіў хадайніцтвы абароны, якія маглі б дапамагчы адказаць на гэтыя пытаньні.

Журналісткі не былі арганізатарамі

Нарэшце, нават калі і выказаць здагадку, што ўсё, што адбылося 15 лістапада, зьяўляецца дзеяньнямі, якія груба парушаюць грамадзкі парадак; нават калі і выказаць здагадку, што мела месца непадпарадкаваньне; нават калі і дапусьціць, што транспарт не хадзіў менавіта з прычыны ўсяго гэтага, то дзе ж арганізатары? Якімі такімі дзеяньнямі Даша і Кацярына, «дзейнічаючы па папярэдняй змове», арганізавалі ўсё гэта?

Мы спасылаемся на высновы лінгвістаў і псыхоляга (у нас было 2 заключэньні), якія ў адзін голас заяўляюць, што не знаходзяць у выказваньнях журналістаў (а спэцыялісты, у адрозьненьне ад удзельнікаў судовага працэсу, дасьледавалі ўвесь стрым) ніякіх прыкмет арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Няма ва ўчынках журналістаў таксама і актыўнага ўдзелу ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак.

У прысудзе напісана, што Кацярына і Дарʼя публічна выкрыквалі лёзунгі і рабілі гучныя воплескі рукамі. Вельмі хацелася ўдакладніць, як яны гэта рабілі, трымаючы ў руках мікрафон і камэру?

Выхад на праезную частку быў. Кацярына не адмовіла гэтага. Але калі выхад на праезную частку, цалкам запоўненую ў гэты момант пратэстоўцамі, аднесьці да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, то чаму праваахоўныя органы ня вызначылі і не прыцягнулі паводле гэтага ж артыкулу ўсіх астатніх пратэстоўцаў? Ды таму што гэта не крымінальны артыкул зусім. Гэта ўсё той жа наш любімы артыкул 23.34 КаАП.

Асуджаныя добра выконвалі свае прафэсійныя абавязкі

Адвакат Зікрацкі піша ў канцы:

«Мы абсалютна ўпэўнены ў невінаватасьці Кацярыны і Дарʼі. Упэўнены, што яны не толькі не рабілі злачынства, а выконвалі свае прафэсійныя абавязкі, прычым выконвалі іх добра.

Нягледзячы на прысуд першай інстанцыі, мы не адчайваемся і працягваем барацьбу. Апэляцыйная скарга пададзеная, наперадзе разгляд справы ў Менскім гарадзкім судзе.

Што мы будзем рабіць, калі апэляцыйная інстанцыя пакіне прысуд у сіле? Я ня буду адказваць на гэтае пытаньне. Скажу толькі, што гарызонт спосабаў абароны Кацярыны і Дарʼі ідзе далёка за межы разгляду справы ў Менскім гарадзкім судзе».

Як і за што пакаралі журналістак «Белсату»

18 лютага судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Менску Натальля Бугук пагадзілася з просьбай пракурора Аліны Касьянчык прызначыць журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай и Дар'і Чульцовай па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Судзілі іх паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу (арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Андрэеву і Чульцову затрымалі ў адным з дамоў на «плошчы Пераменаў» у Менску, калі яны вялі жывую трансьляцыю разгону мітынгу ў памяць аб загінулым Рамане Бандарэнку 15 лістапада. Праваабаронцы прызналі журналістак палітзьняволенымі.

Судзьдзя Бугук прысудзіла залічыць журналісткам час пад вартай (1 дзень як 1 дзень калёніі), забраныя нататнікі, налепкі, тканіну — зьнішчыць, апаратуру — канфіскаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG