У цэнтры Беластоку на цэнтральнай плошчы Рынак Касьцюшкі адкрылася выстава фатаздымкаў пра беларускія пратэсты «Абуджаная Беларусь», піша партал Dzień dobry Białystok.
Сярод аўтараў, чые здымкі зьмясьцілі ў цэнтры гораду — Ірына Арахоўская (Белсат), Дар’я Буракіна, Вольга Шукайла, Вадзім Заміроўскі (Tut.by), Надзея Бужан («Наша ніва»), Сяргей Сацук (Naviny.by), Максім Маліноўскі, Аляксандар Ружачка, Максім Тарналіцкі і Ўладзімер Барысевіч (Onliner.by).
Намесьнік прэзыдэнта Беластоку Рафал Рудніцкі заявіў, што выстава ўразіць многіх жыхароў гораду.
«Фатаздымкі паказваюць нам суседзяў, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасьць, і дэманструюць брутальную сілу рэжыму. Адначасова гэта перасьцярога для палякаў, бо нагадвае нам, што свабода не даецца аднойчы і назаўсёды».
Арганізатарам выставы выступае фонд «Інфармацыйнае бюро „Беларусь у фокусе“», беластоцкі партнэр — галерэя імя Сьляндзінскіх. Да Беластоку выставу паказалі ў Варшаве.