Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Калесьнікава заявіла, што адміністрацыя СІЗА-1 не прапускае яе скаргі ў дзяржаўныя органы


Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Таксама палітычная зьняволеная запатрабавала спыніць ціск на яе адвакатаў.

Палітзьняволеная Марыя Калесьнікава піша скаргі на ўмовы ўтрыманьня ў менскім СІЗА-1 і на сваю крымінальную справу ў Мін'юст, Генпракуратуру, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. Аднак ня ўсе скаргі Марыі даходзяць да інстанцый, паведаміў тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.

Супрацоўнікі СІЗА таксама не перадалі ў Мін'юст зварот Марыі, які яна напісала ў сувязі з пазбаўленьнем ліцэнзіі сваёй адвакаткі Людмілы Казак. Калесьнікава заклікала спыніць «расправу» над «адной з найлепшых адвакатак Беларусі»:

«Пазбаўленьне Людмілы ліцэнзіі — парушэньне майго права на абарону, ціск на мяне і сыстэматычнае супрацьдзеяньне аказаньня мне юрыдычнай дапамогі. Гэта чацьвёрты адвакат, які за гэта падвяргаецца ціску», — перадала Калесьнікава з-за кратаў.

Сябра Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава асьцерагаецца застацца зусім без абароны, бо «аказаньне ёй юрыдычнай дапамогі спалучана з рызыкай апынуцца ў турме або пазбавіцца ліцэнзіі». Яна выказала падзяку юрыстам, якія спрабуюць абараніць яе.

«Гэта адвакаты, якія, нягледзячы на пагрозу страты прафэсіі, пагрозу асабістым бясьпецы і свабодзе не перастаюць служыць закону і бліскуча выконваюць свой абавязак. Для мяне гонар, што маёй абаронай займаюцца найлепшыя прафэсіяналы Беларусі».

У чым абвінавачваюць Калесьнікаву

Марыю Калесьнікаву схапілі на вуліцы Менску 7 верасьня 2020 году і спрабавалі вывезьці зь Беларусі, але на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады яе афіцыйна затрымалі і выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».

У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць Калесьнікавай і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

У лютым Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1), пакінуўшы пад вартай.

Яшчэ адзін адвакат Калесьнікавай — Ільля Салей — знаходзіцца пад хатнім арыштам. Яшчэ дваіх яе адвакатаў, Аляксандра Пыльчанку і Людмілу Казак, пазбавілі ліцэнзій.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG